Размер шрифта:

Інтэрв’ю Пастаяннага прадстаўніка Рэспублікі Беларусь пры ААН А.Дапкюнаса часопісу “Веснiк Міністэрства замежных спраў” (№ 1 за 2008 год)

Рашэнне аб адкрыццi Пастаяннага прадстаўнiцтва Рэспублікі Беларусь пры ААН прынята 50 гадоў таму. Раскажыце, калi ласка, пра абставiны гэтай падзеі.
Як вядома, БССР была адным з заснавальнiкаў Арганiзацыi Аб’яднаных Нацый. Аднак да 1958 года Беларусь сваёй дыпламатычнай місіі пры ААН не мела. Ад пачатку дзейнасцi ААН у 1946 годзе беларускiя дэлегаты перыядычна наведвалі штаб-кватэру ААН у Нью-Йорку, каб прыняць удзел у сесiях Генеральнай Асамблеi. Непрацяглае знаходжанне дэлегацый у Нью-Йорку не давала магчымасці весці працу беларускіх дыпламатаў у ААН грунтоўна, на пастаяннай аснове. Нашаму ўдзелу ў дзейнасцi ААН аб’ектыўна не хапала сiстэмнасці: як у сэнсе паслядоўнай працы з дэлегацыямi дзяржаў – членаў ААН i сакратарыятам ААН, так і ў зборы і апрацоўцы iнфармацыі аб тым, чым жыве ААН, якія праблемы турбуюць міжнародную супольнасць.
У гэтых абставінах у чэрвенi 1956 года МЗС БССР накiраваў на разгляд ЦК КПБ прапанову аб адкрыццi ў Нью-Йорку пастаяннай беларускай дыпламатычнай місіі. Працэс абмеркавання і разгляду гэтай прапановы заняў пэўны час, і толькі 26 сакавiка 1958 года Савет Мiнiстраў БССР прыняў пастанову аб заснаваннi пры ААН Пастаяннага прадстаўнiцтва. Па ўзгадненні з саюзным цэнтрам першым Пастаянным прадстаўнiком БССР пры ААН быў прызначаны Феадосiй Гразноў  вопытны дыпламат з МЗС СССР, беларус па нацыянальнасці. Даверчыя граматы першы беларускi пастаянны Прадстаўнік уручыў Генеральнаму сакратару ААН шведу Дагу Хамаршэльду 17 верасня 1958 года. Спачатку беларуская дыпламатычная місія пры ААН складалася толькi з Пастаяннага прадстаўніка і першага сакратара Анатоля Гурыновiча (у далейшым вядомы беларускі дыпламат, мiнiстр замежных спраў БССР). У канцы наступнага года склад беларускага Пастаяннага прадстаўнiцтва павялічыўся да васьмi чалавек: тры дыпламаты i пяць тэхнiчных супрацоўнiкаў.

Чым адметныя першыя гады працы беларускіх дыпламатаў у Нью-Йорку ў канцы 1950-х – пачатку 1960-х гадоў?
Падчас першых пасля заснавання Пастаяннага прадстаўніцтва сесій Генеральнай Асамблеі беларускія дыпламаты асноўную ўвагу надавалі працы ў Спецыяльным палітычным, Другім (эканамічныя пытанні) і Шостым (прававыя пытанні) камітэтах. Потым беларуская дэлегацыя стала актыўным удзельнікам шырокамаштабнай міжнароднай дыпламатычнай кампаніі па барацьбе з каланіялізмам, была адным з распрацоўшчыкаў і сааўтараў Дэкларацыі ААН аб прадастаўленні незалежнасці каланіяльным краінам і народам. Прыняцце Генеральнай Асамблеяй ААН у снежні 1960 года гэтага гістарычнага дакумента адбылося перад паскарэннем распаду каланіяльнай сістэмы ў свеце. Істотная роля беларускай дэлегацыі ў распрацоўцы і прыняцці Дэкларацыі станоўча паўплывала на пашырэнне вядомасці краіны ў ААН, з’яўленне значнай колькасці прыхільных дэлегацый. Неўзабаве пасля пачатку працы ў Нью-Йорку Анатоль Гурыновіч быў абраны першым намеснікам старшыні Сацыяльнай камісіі ААН. У гэты час Прадстаўніцтва таксама выконвала некаторыя функцыі, традыцыйна больш уласцівыя консульскім установам: у прыватнасці, вялася работа з беларускай дыяспарай у Амерыцы.

Якімі ініцыятывамі Беларусь вядомая ў ААН?
У першыя дзесяцігоддзі дзейнасці ў ААН беларуская дэлегацыя вялікую ўвагу надавала пытанням пакарання нацысцкіх злачынцаў. У 1946 і 1968 гадах па ініцыятыве беларускай дэлегацыі Генеральная Асамблея ААН прыняла рэзалюцыі аб пакаранні ваенных злачынцаў. З 1973 года для прадухілення пагрозы ўзнікнення новай сусветнай вайны БССР ініцыіравала прыняцце рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі аб забароне распрацоўкі і вытворчасці новых відаў зброі масавага знішчэння. Гэтыя рэзалюцыі Генеральная Асамблея прымае рэгулярна. Дарэчы, яе прыняцце запланавана і сёлета.
У канцы 1950-х гадоў разам з такімі цяжкімі хваробамі, як малярыя, туберкулёз, сардэчна-сасудзістыя захворванні, усё большую занепакоенасць пачалі выклікаць ракавыя захворванні. У сувязі з гэтым у 1959 годзе БССР ініцыіравала прыняцце рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі аб міжнародным заахвочванні навуковых даследаванняў у галіне ракавых захворванняў.
Напярэдадні абвяшчэння незалежнасці, у 1990 годзе Беларусь стала ініцыятарам прыняцця ў ААН рашэння Генеральнай Асамблеі аб разгортванні міжнароднага супрацоўніцтва па змякчэнні наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Гэтая сапраўды эпахальная для беларускай дыпламатыі рэзалюцыя галоўнага органа ААН упершыню стварыла практычны міжнародны кантэкст і забяспечыла шырокі рэзананс чарнобыльскай бядзе, якая напаткала Беларусь. З таго часу наша краіна сумесна з Расіяй і Украінай ініцыіруе прыняцце Генеральнай Асамблеяй рэзалюцый аб актывізацыі і каардынацыі намаганняў міжнароднай супольнасці па вывучэнні, змякчэнні і мінімізацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы. У выніку гэтай працы ўтвораны “чарнобыльскі” сакратарыят ААН, арганізавана праца міжустаноўчай групы ў складзе прадстаўнікоў 11 органаў і ўстаноў сістэмы ААН. У красавіку 2006 года ў Мінску прайшла міжнародная канферэнцыя “Чарнобыль праз 20 гадоў: стратэгія аднаўлення і ўстойлівага развіцця пацярпелых рэгіёнаў”. Трэцяе дзесяцігоддзе пасля аварыі (20062016) абвешчана Генеральнай Асамблеяй Дзесяцігоддзем аднаўлення і ўстойлівага развіцця пацярпелых тэрыторый. У бліжэйшыя месяцы будзе распрацаваны спецыяльны 10-гадовы план дзеянняў ААН на гэтым кірунку.
З новых беларускіх ініцыятыў у ААН, якія маюць глабальнае гучанне, можна прыгадаць прапанову Прэзідэнта Беларусі на саміце ААН 2005 года аб актывізацыі міжнародных намаганняў па процідзеянні гандлю людзьмі. На 61-й сесіі Генеральная Асамблея аднагалосна прыняла падрыхтаваную Беларуссю рэзалюцыю “Паляпшэнне каардынацыі намаганняў па барацьбе з гандлем людзьмі”. Па ініцыятыве нашай краіны ў сакавіку 2007 года ўпершыню ў штаб-кватэры ААН прайшоў буйны форум, прысвечаны барацьбе з гандлем людзьмі, з удзелам усіх асноўных груп партнёраў: дзяржаўчленаў ААН, міжнародных арганізацый, грамадзянскай супольнасці, СМІ. У якасці лагічнага наступнага этапа намаганняў па мабілізацыі міжнароднай супольнасці на барацьбу з гэтым сацыяльным злом Беларусь прапанавала і пры падтрымцы 11 дзяржаў з усіх рэгіёнаў свету дабілася арганізацыі ў чэрвені 2008 года першых тэматычных дэбатаў Генеральнай Асамблеі ААН па праблеме барацьбы з гандлем людзьмі.

Якая практычная карысць ад удзелу Беларусі ў дзейнасці ААН?
Праграма развіцця ААН, Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ) і іншыя органы сістэмы ААН ажыццяўляюць у Беларусі важныя і карысныя праекты па ахове дзяцей, здароўя насельніцтва, павышэнні энергаэфектыўнасці і іншыя. Напрыклад, Праграма развіцця ААН штогадова рэалізуе праектаў на 6 млн. долараў, Дзіцячы фонд ААН  1 млн. долараў. Фонд ААН у галіне народанасельніцтва выдзяляе больш за 800 тыс. долараў на правядзенне ў Беларусі ў 2009 годзе агульнанацыянальнага перапісу.
Пры гэтым трэба ўлічваць, што садзейнічанне Беларусі ў мэтах развіцця з боку ААН будзе паступова змяншацца, таму што ўзровень жыцця ў краіне расце, і пры захаванні такіх тэмпаў эканамічнага развіцця Беларусь з ліку краін атрымальнікаў дапамогі неўзабаве можа перайсці ў катэгорыю донараў.
Для краін з узроўнем развіцця, характарам патрэб і інтарэсаў, як у Беларусі, ёсць і іншая, крыху менш заўважная, але не менш практычная карысць ад працягу існавання ААН. Гэта складанае, не заўсёды паспяховае, але вельмі настойлівае сцвярджэнне ў свеце безальтэрнатыўнасці ідэі мірнага суіснавання дзяржаў, ідэалу шматбаковасці ў міжнародных адносінах як антытэзы праву моцнага, культу насілля і падпарадкавання слабейшага. У дзейнасці арганізацыі ў гэтым кірунку хапае хібаў, шмат якія высокія дэкларацыі ААН так і засталіся на паперы, але бясспрэчна тое, што без станоўчага ўплыву ААН на міждзяржаўныя адносіны, да якога, дарэчы, мы за апошнія дзесяцігоддзі прызвычаіліся і ўспрымаем як належнае, наш свет быў бы значна менш бяспечным і прыдатным для жыцця. Сістэмны ўплыў ААН на стварэнне спрыяльных умоў для свабоднага і паступальнага развіцця ўсіх дзяржаў свету – гэта вельмі важны практычны складальнік запатрабаванасці і карысці арганізацыі.
Карысць ад удзелу ў працы ААН становіцца падвоенай, калі краіна робіць уклад у дзейнасць арганізацыі праз свае новыя ідэі і ініцыятывы. Безумоўна, гэта ўмацоўвае імідж краіны, прыцягвае да яе новых сяброў і аднадумцаў, і праз гэта ствараюцца спрыяльныя ўмовы для больш эфектыўнага забеспячэння нацыянальных палітычных і сацыяльна-эканамічных інтарэсаў. Актыўнасць і неабыякавы падыход да міжнародных праблем, уласцівыя дзейнасці Беларусі ў ААН, станоўча ўплываюць на ўспрыманне нашай краіны ў свеце.

Беларусь прайшла ў ААН унікальны шлях ад часткі ядзернай звышдзяржавы да незалежнай краіны і члена Руху Недалучэння. Верагодна, такі лёс наклаў адбітак на тое, як Беларусь бачыць пытанні міжнароднай бяспекі, раззбраення і кантролю над узбраеннямі?
Сапраўды, гісторыя краіны наклала адбітак на палітыку сучаснай Беларусі ў галіне міжнароднай бяспекі і раззбраення.
У 1968 годзе мы падтрымалі ў Генеральнай Асамблеі праект Дагавора аб нераспаўсюджваннi ядзернай зброi ў якасці часткі ядзернай дзяржавы. Пасля набыцця незалежнасці  зрабілі выбар на карысць без’ядзернага статусу краіны, далучыліся да Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі ў якасці дзяржавы, якая не валодае ядзернай зброяй і да канца 1996 года завершылі вывад ядзернай зброі з тэрыторыі краіны. Крыху раней Беларусь падпісала пагадненне аб гарантыях з МАГАТЭ. Потым Беларусь вылучыла ініцыятыву па ўтварэнні ў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропе зоны, свабоднай ад ядзернай зброі.
Наша дзейнасць у Руху Недалучэння, які бачыць дасягненне агульнага і поўнага ядзернага раззбраення адным са сваіх галоўных прыярытэтаў, цалкам арганічна для незалежнай краіны, якая не валодае ядзернай зброяй і якая нават геаграфічна апынулася паміж НАТА і Расіяй. Разам з тым “ядзернае” мінулае робіць наш падыход да пытанняў ядзернага раззбраення больш прагматычным. Напрыклад, да сённяшняга дня Беларусь устрымліваецца падчас галасавання па асобных рэзалюцыях, якія заклікаюць да ядзернага раззбраення, прытым што большасць нашых партнёраў па Руху Недалучэння іх падтрымліваюць. Наша пазіцыя абумоўлена разуменнем таго, што працэс ядзернага раззбраення павінен быць паэтапным і заснаваным на рэалістычных прапановах.

ААН – гэта не толькі Генеральная Асамблея, у склад якой уваходзяць практычна ўсе краіны свету, але і Савет Бяспекі, Эканамічны і СацыяльныСавет, а таксама шэраг іншых органаў, за права ўдзелу ў працы якіх часта трэба змагацца на выбарах. Ці актыўная беларуская дэлегацыя ў гэтай галіне? Ці прымаем мы ўдзел у працы галоўных і дапаможных органаў ААН?
За ўвесь час Беларусь толькі аднойчы  ў 19741975 гадах  была абрана ў Савет Бяспекі ААН. У Эканамічным і Сацыяльным Савеце (ЭКАСАС) у савецкі час Беларусь працавала тройчы, а пасля набыцця незалежнасці мы ўжо чатыры разы дабіваліся гэтага права.
Пералік органаў ААН, у якіх працавала Беларусь ці яе прадстаўнікі, заняў бы шмат месца. Сярод іх Камісія па правах чалавека, Камітэт па праграме і каардынацыі, выканаўчыя органы ЮНЕСКА, Праграмы развіцця ААН і Дзіцячага фонду ААН, Камісія па ўстойлівым развіцці, Статыстычная камісія, Камітэт па канферэнцыях і шмат якія іншыя. Беларусы не толькі абіраюцца ў склад гэтых важных органаў, але і ўваходзяць у іх кіраўніцтва, нават часам старшынствуюць у іх.
Сёння мы імкнёмся планаваць наш удзел у працы выбарчых органаў ААН на гады наперад, зыходзячы з нацыянальных знешнепалітычных прыярытэтаў. Уважліва аналізуем мэтазгоднасць наступстваў, цвяроза ацэньваем свае магчымасці і практычную карысць ад працы ў канкрэтным органе ААН.

Чым была адметнай дзейнасць Беларусі ў Савеце Бяспекі ААН у 19741975 гадах?
Упершыню голас Беларусi ў падтрымку рэзалюцыi Савета Бяспекi ААН быў аддадзены 8 красавiка 1974 года ў сувязі з сiтуацыяй на Блiзкiм Усходзе (адносіны памiж Егiптам i Iзраiлем). Першай рэзалюцыяй, у распрацоўцы якой прымала ўдзел наша дэлегацыя ў Савеце Бяспекi ААН, была рэзалюцыя аб уключэннi кiтайскай мовы ў лiк рабочых моў Савета Бяспекi.
Асноўнае месца ў парадку дня Савета Бяспекi ААН у тыя гады займалi пытаннi становішча на Кiпры, Блiзкiм Усходзе, у Намiбii i Заходняй Сахары. Мiжнародная сiтуацыя ў той час характарызавалася жорсткiм супрацьстаяннем памiж СССР i ЗША. У прыватнасцi, у канцы 1973 года арабскiя краiны – экспарцёры нафты ўвялi эмбарга на пастаўкi нафтапрадуктаў у ЗША ў знак пратэсту супраць амерыканскай падтрымкi Iзраiля. У вынiку сусветныя цэны на нафту падскочылі ў некалькi разоў i краiны Паўночнай Амерыкi i Заходняй Еўропы ўвайшлi ў перыяд эканамiчнага крызiсу. У сваю чаргу, Савецкi Саюз атрымаў значныя прыбыткі ад продажу нафты i пачаў ажыццяўляць маштабныя праекты ваенна-прамысловага будаўнiцтва i падтрымкi дружалюбных рэжымаў i рухаў у Афрыцы, Азii i на Блiзкiм Усходзе. Напружаная мiжнародная сiтуацыя, безомоўна, паўплывала на дзейнасць Савета Бяспекi i становiшча ў ім, што зрабiла працу беларускай дэлегацыi ў Савеце складанай i вельмi адказнай. Зразумела, што ўсё рабiлася ў строгай адпаведнасцi са знешнепалiтычнай пазiцыяй СССР.

Наколькі адпавядае рэчаіснасці меркаванне аб тым, што Пастаяннае прадстаўніцтва пры ААН у Нью-Йорку зяўляецца кузняй кадраў беларускай дыпламатыі? Хто з вядомых дзеючых дыпламатаў прайшоў гэтую дыпламатычную школу?
Думаю, што пэўныя падставы для такога меркавання, сапраўды, існуюць. Унікальны характар ААН як дыпламатычнай пляцоўкі, аб’ектыўная роля прадстаўніцтва, якое на працягу амаль трох з паловай дзесяцігоддзяў было галоўнай беларускай замежнай установай, ды і проста, мабыць, воля лёсу  усё гэта садзейнічала таму, што шмат хто з беларускіх дыпламатаў прайшоў прафесійную школу ў прадстаўніцтве.
З тых, хто кіраваў беларускай місіяй пры ААН і чые імёны добра вядомыя за межамі і дыпламатычнай прафесіі, і краіны, нельга не згадаць Віталя Смірнова, Генадзя Бураўкіна (пад яго кіраўніцтвам я меў гонар пачынаць свае “дыпламатычныя універсітэты” ў Нью-Йорку), Сяргея Лінга.
Калі ж узгадаць тых, хто сёння працягвае працу на дыпламатычнай ніве, трэба сказаць, што ў апошнія два дзесяцігоддзі ў Прадстаўніцтве ў Нью-Йорку працавалі і стваралі яго сучасныя традыцыі і аблічча Міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў і былы Міністр, цяперашні Пасол у ЗША Міхаіл Хвастоў, былыя намеснікі Міністра замежных спраў, Пасол у Аўстрыі (а раней Пастаянны прадстаўнік пры ААН) Аляксандр Сычоў і Пасол у Нідэрландах Уладзімір Герасімовіч, памочнік Прэзідэнта па пытаннях знешняй палітыкі Валянцін Рыбакоў. Школу беларускай місіі пры ААН таксама прайшлі і пакінулі свой добры след былы Пасол у Вялікабрытаніі, начальнік упраўлення МЗС Аляксей Мажухоў, Пасол у Індыі Алег Лапцёнак, Пасол у Італіі Аляксей Скрыпко, прэс-сакратар МЗС Андрэй Папоў.
Цікава, што ў сярэдзіне 1970-х гадоў супрацоўнікам беларускага прадстаўніцтва ў Нью-Йорку з’яўляўся і былы першы намеснік расійскага Міністра замежных спраў, Пастаянны прадстаўнік Расіі ў Жэневе Валерый Лашчынін.

Ці адчувае сёння Пастаяннае прадстаўніцтва пры ААН свае 50 “залатых” гадоў?
І па пераважным узросце супрацоўнікаў, і па здольнасці генерыраваць і ажыццяўляць новыя ідэі да сённяшняга калектыву Пастаяннага прадстаўніцтва азначэнне “сталы” падыходзіць хіба толькі ў прафесійным сэнсе. Энергіі, зацікаўленасці і дасціпнасці дыпламатаў прадстаўніцтва пазайздросцяць многія маладыя людзі. Але сцены беларускай місіі ў Нью-Йорку  і ў прамым, як сведкі гісторыі, і ў пераносным сэнсе, як вопыт папярэднікаў, традыцыі, закладзеныя старэйшымі калегамі,  безумоўна, вельмі істотна ў нашай працы дапамагаюць. Як і паўсюль, у нашай гісторыі  наша сіла.

Дипмиссии Беларуси за рубежом

Все дипмисии Иностранные дипмиссии в Беларуси
Перейти

Видео МИД

Архив

Официальные интернет-ресурсы

Президент Республики Беларусь

www.president.gov.by

Совет Министров Республики Беларусь

www.government.gov.by

Совет Республики

www.sovrep.gov.by

Палата представителей

www.house.gov.by

Официальный сайт Республики Беларусь

www.belarus.by

Международный ИКТ-Форум ТИБО-2022

www.tibo.by

Национальный центр законодательства и правовой информации Республики Беларусь

www.center.gov.by

Портал информационной поддержки экспорта Export.by

www.export.by

Белорусская торгово-промышленная палата

www.cci.by

Электронная торговая площадка ТОРГИБЕЛ

www.торги.бел

Правовой форум Беларуси

www.forumpravo.by

Национальное агентство инвестиций и приватизации

www.investinbelarus.by

Национальное агентство по туризму

www.belarustourism.by

Белорусская универсальная товарная биржа

www.butb.by

Информационно-аналитический портал Союзного государства

www.soyuz.by

Телеканал «Беларусь-24»

www.belarus24.by

Радиостанция «Беларусь»

www.radiobelarus.by

Дипсервис

www.dipservice.by

Главное хозяйственное управление

www.bc.by

Электронная торговая площадка “TradeBel”

www.tradebel.com

Национальная академия наук Беларуси

www.nasb.gov.by

Министерство образования Республики Беларусь

www.edu.gov.by

Министерство природных ресурсов Республики Беларусь

www.minpriroda.gov.by

Министерство здравоохранения Республики Беларусь

www.minzdrav.gov.by

Министерство экономики Республики Беларусь

www.economy.gov.by