Памер шрыфта:

Беларуска-Расійскае Пагадненне аб узаемным прызнанні віз

 

11 студзеня 2025 г. уступіла ў сілу падпісанае 19 чэрвеня 2020 г. Пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Расійскай Федэрацыі аб узаемным прызнанні віз і па іншых пытаннях, звязаных з уездам замежных грамадзян і асоб без грамадзянства на тэрыторыі дзяржаў – удзельніц Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. 

Пагадненне рэгулюе парадак перасячэння замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства сумеснай граніцы дзяржаў – удзельнікаў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, у тым ліку яе сухапутнага ўчастка, які да гэтага быў адкрыты толькі для грамадзян Беларусі і Расіі. 

У адпаведнасці з Пагадненнем бакі ўзаемна прызнаюць візы, якія даюць права на ўезд і знаходжанне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, а таксама адзнакі аб перасячэнні знешняй граніцы Саюзнай дзяржавы

Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія ажыццяўляюць уезд, выезд, знаходжанне і (або) транзітны праезд па тэрыторыях Беларусі і Расіі ў візавым рэжыме і маюць візу адной з дзвюх краін, а таксама дакумент, які сведчыць асобу і прызнаецца абедзвюма дзяржавамі, атрымліваюць права ўязджаць, выязджаць, знаходзіцца, праязджаць транзітам па тэрыторыях абедзвюх дзяржаў на працягу тэрміну дзеяння такой візы.

Калі ў дачыненні да іх і ў Беларусі, і ў Расіі, у адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі прадугледжаны бязвізавы рэжым, то для ўезду ў абедзве краіны і знаходжання там дастаткова прызнаванага абедзвюма дзяржавамі дакумента, які сведчыць асобу. 

У выпадку, калі для ўказаных асоб у адной краіне дзейнічае бязвізавы рэжым, а ў другой візавы, то для ўезду ў апошнюю і знаходжання там, акрамя дакумента, які сведчыць асобу, спатрэбіцца віза. 

Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія маюць дазвол на часовае пражыванне, від на жыхарства або дакумент для наведвання міжнароднага мерапрыемства адной краіны і дакумент, які сведчыць асобу, маюць права ўязджаць, выязджаць, знаходзіцца, праязджаць транзітам па тэрыторыі іншай краіны без віз на працягу тэрміну дзеяння ўказаных дакументаў.

Тэрмін знаходжання замежных грамадзян і асоб без грамадзянства на тэрыторыях Беларусі і Расіі вызначаецца з даты ўезду на тэрыторыю адной з дзяржаў з тэрыторыі трэцяй дзяржавы.

Уезд на тэрыторыі Беларусі і Расіі магчымы як праз міжнародныя пункты пропуску праз дзяржаўную граніцу, так і непасрэдна па шляхах міжнародных чыгуначных і паветраных зносін, а таксама па шляхах аўтамабільных зносін, пералічаных у Дадатку да Пагаднення. У цяперашні час Пагадненнем прадугледжана шэсць такіх участкаў: Юхавічы – Далосцы (Апочка – Наваполацк), Езярышча – Невель (Кіеў – Санкт-Пецярбург), Лёзна – Круглоўка (Віцебск – Смаленск), Рэдзькі – Чырвоная Горка (Мінск – Масква), Звянчатка – Дубавічка (Бабруйск – Масква), Селішча – Навазыбкаў (Гомель – Бранск). Перасячэнне сухапутнага ўчастка расійска-беларускай граніцы па іншых шляхах не дапускаецца і будзе расцэньвацца як парушэнне дзяржаўнай граніцы. 

Асаблівы парадак уезду на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі захоўваецца ў адносінах да грамадзян Украіны. Згодна з рашэннем Урада Расійскай Федэрацыі, грамадзяне Украіны ўязджаюць у Расію праз пункт пропуску ў маскоўскім аэрапорце «Шарамеццева» і аўтамабільны пункт пропуску «Лудонка» ў Пскоўскай вобласці. 

Дзеянне Пагаднення не распаўсюджваецца на замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якім абмежаваны ўезд на тэрыторыю адной з дзвюх дзяржаў.

Кожны з бакоў захоўвае за сабой права адмовіць ва ўездзе або скараціць тэрмін знаходжання на сваёй тэрыторыі любога замежнага грамадзяніна або асобы без грамадзянства, а таксама ажыццяўляць праверку выканання імі правіл уезду, выезду, транзіту або рэжыму знаходжання.

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Замежныя дыпмісіі ў Беларусі
Перайсці

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы