Памер шрыфта:

Агляд вынікаў знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь і дзейнасці Міністэрства замежных спраў у 2016 годзе

Міжнароднае становішча ў 2016 годзе характарызавалася захаваннем павышанай нестабільнасці і ўзмацненнем фактараў нявызначанасці, абумоўленых у тым ліку глабальнымі трансфармацыйнымі працэсамі і негатыўным уплывам як традыцыйных, так і новых выклікаў і пагроз.

Канфрантацыйная рыторыка вядучых сусветных ігракоў пераважала над аб’яднальнымі ініцыятывамі на фоне разбалансіроўкі сістэмы стрымліванняў і проціваг, дэфіцыту ўзаемнага даверу і адсутнасці гатоўнасці да кампрамісаў. Спробы атрымання аднабаковай выгады прыводзілі да канфліктаў інтарэсаў, правакавалі далейшае прымяненне палітыкі санкцый, якая зжыла сябе.

Рост тэрарыстычнай пагрозы і міграцыйныя крызісы ўяўлялі рэальную небяспеку не толькі для суверэнітэту і незалежнасці асобных дзяржаў, але і захавання ідэнтычнасці і самабытнасці цэлых рэгіёнаў.

У досыць няпростым міжнародным кантэксце намаганні беларускай дыпламатыі былі накіраваны на правядзенне збалансаванай шматвектарнай знешняй палітыкі ў рэчышчы ўстановак Кіраўніка дзяржавы, усебаковую абарону нацыянальных інтарэсаў, умацаванне рэгіянальнай бяспекі і стабільнасці.

Удалося значна прайсці наперад у пытанні ліквідацыі абмежавальных мер, якія перашкаджаюць развіццю ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва Беларусі з рознымі краінамі і міждзяржаўнымі аб’яднаннямі.

Падчас выбараў у Парламент Рэспублікі Беларусь, якія прайшлі ў спакойнай і дзелавой атмасферы, забяспечана канструктыўнае ўзаемадзеянне з міжнароднымі назіральнікамі ад АБСЕ, СНД, ПАСЕ, ШАС і іншых структур (усяго больш за 900 назіральнікаў). Дастаткова ўзважаныя і спакойныя ацэнкі ходу і вынікаў выбарчай кампаніі ствараюць перадумовы для далейшай актывізацыі ўзаемадзеяння беларускага боку ў розных сферах з шэрагам краін і міжнародных арганізацый.

Беларусь імкнулася ўнесці сваю пасільную лепту ў вырашэнне глабальных праблем, процідзеянне сучасным выклікам і пагрозам, традыцыйна актыўна ўдзельнічала ў дзейнасці ААН і іншых міжнародных арганізацый.

Важнай і своечасовай з’яўляецца ініцыятыва Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі аб запуску новага маштабнага перагаворнага фармату, аналагічнага Хельсінкскаму працэсу, для абмеркавання будучага адносін паміж Усходам і Захадам.

Беларускі бок прыкладаў значныя намаганні для ўрэгулявання крызісу ў сумежнай Украіне, забяспечваючы ўсе неабходныя ўмовы для правядзення рэгулярных пасяджэнняў Трохбаковай кантактнай групы па Украіне і тэматычных рабочых груп у яе складзе. Лістападаўская сустрэча кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў «нармандскага фармату» ў сталіцы Беларусі пацвердзіла, што Мінск прадаўжае заставацца ключавой перагаворнай пляцоўкай па ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу.

Вынікі комплексных намаганняў спрыялі ўмацаванню аўтарытэту і змяненню ўспрымання нашай краіны на міжнароднай арэне, усведамленню яе сапраўднай каштоўнасці ў якасці «полюса стабільнасці» у рэгіёне.

Будучы адказным членам сусветнай супольнасці, Рэспубліка Беларусь далучылася да Парыжскага пагаднення па клімаце.Тым самым наша краіна ўключылася ў сусветны працэс пераходу да нізкавугляроднай эканомікі.

Сведчаннем адкрытасці Беларусі да ўзаемадзеяння па любых пытаннях, уключаючы праваабарончую тэматыку, стала прыняцце першага Нацыянальнага плана па правах чалавека на 2016-2019 гг., рэалізацыя якога будзе ажыццяўляцца ўрадам ва ўзаемадзеянні з дзяржаўнымі і недзяржаўнымі ўдзельнікамі. Беларусь увайшла ў лік 40 дзяржаў свету, якія маюць такія праграмы.

Традыцыйна актыўнымі заставаліся адносіны са стратэгічным партнёрам Беларусі – Расійскай Федэрацыяй.

У складаных умовах станаўлення Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) Рэспубліка Беларусь паслядоўна адстойвала свае нацыянальныя інтарэсы і прынцыповую пазіцыю па прасоўванні чатырох асноўных эканамічных свабод – тавараў, паслуг, капіталу і рабочай сілы, а таксама ліквідацыі ўнутраных бар’ераў і стварэнні роўных умоў для суб’ектаў гаспадарання ўсіх краін-членаў.

Адмена Еўрасаюзам і ЗША большасці санкцыйных мер у дачыненні да Беларусі дазваляе разлічваць на наданне працэсу нармалізацыі адносін неабарачальнага характару, пераход узаемадзеяння на новы ўзровень, які адпавядае аб’ектыўнаму патэнцыялу і патрэбам бакоў.

У 2017 годзе Рэспубліка Беларусь упершыню будзе старшынстваваць у Цэнтральна-Еўрапейскай Ініцыятыве (ЦЕІ).

Знакавай падзеяй з’яўляецца рашэнне аб правядзенні ўпершыню ў гісторыі нашай краіны чарговай сесіі ПА АБСЕ ў г.Мінску (ліпень 2017 года).

З Кітайскай Народнай Рэспублікай усталяваны адносіны даверлівага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

Ажыццяўлялася сістэмная праца па пашырэнні кантактаў з перспектыўнымі партнёрамі і саюзнікамі ў Азіі, Афрыцы і Лацінскай Амерыцы.

Захавалася тэндэнцыя росту інтэнсіўнасці міжнародных кантактаў на вышэйшым і высокім узроўнях. У 2016 годзе адбыліся 65 візітаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Прэм’ер-міністра, Міністра замежных спраў за мяжу і афіцыйных дэлегацый замежных дзяржаў аналагічнага ўзроўню ў Рэспубліку Беларусь.

За 25 гадоў незалежнасці краіны сетка беларускіх замежных устаноў пастаянна пашыралася і аптымізавалася. Сёння Рэспубліка Беларусь мае дыпламатычныя прадстаўніцтвы ў 59 дзяржавах свету. У 2016 годзе адкрыты дыпмісіі ў Грузіі і Іспаніі, у поўным аб’ёме адноўлена дзейнасць Пасольства Беларусі ў Швецыі. З улікам акрэдытацыі паслоў па сумяшчальніцтву, Беларусь прадстаўлена ў 116 са 177 дзяржаў, з якімі наша краіна ўсталявала дыпламатычныя адносіны.

У 2016 годзе адкрыта Пасольства Аўстрыі ў Беларусі. Прыступіў да работы кіраўнік дыпмісіі Нідэрландаў у г.Мінску.

На знешнеэканамічным напрамку асноўныя намаганні былі накіраваны на пашырэнне ўзаемавыгадных сувязей з традыцыйнымі партнёрамі і засваенне новых рынкаў, дыверсіфікацыю беларускага экспарту як адной з умоў забеспячэння эканамічнай бяспекі дзяржавы. Мэтавым арыенцірам з’яўляецца выхад у перспектыве на больш збалансаванае размеркаванне беларускага экспарту па асноўных напрамках ЕАЭС – ЕС – «далёкая дуга» ў мэтах зніжэння ўразлівасці нацыянальнай эканомікі ад стрэсавых сітуацый.

Усебаковае садзейнічанне аказвалася нацыянальным экспарцёрам, а таксама паляпшэнню дзелавога клімату. У рэйтынгу Групы Сусветнага банка («Вядзенне бізнесу 2017») Беларусь заняла 37-е месца сярод 190 краін і палепшыла сваё становішча ў параўнанні з мінулым годам адразу на 13 пазіцый. У тым ліку другі год запар Беларусь уваходзіць у першую трыццатку краін па адным з паказчыкаў згаданага рэйтынгу «міжнародны гандаль».

1. Дынаміка беларуска-расійскіх саюзніцкіх адносін падмацоўвалася інтэнсіўнымі кантактамі на вышэйшым і высокім узроўнях, рознымі фарматамі міжурадавага і міжгаліновага ўзаемадзеяння, якія забяспечвалі якаснае змястоўнае напаўненне двухбаковага дыялогу.

Беларусь і Расія прадоўжылі ажыццяўляць сумесную абаронную і пагранічную палітыку, каардынаваць дзейнасць у галіне ваеннага будаўніцтва. Рэалізоўваліся шматлікія саюзныя праграмы і мерапрыемствы.

Расійская Федэрацыя захавала за сабой ролю вядучага гандлёвага і інвестыцыйнага партнёра Беларусі, найбуйнейшага экспартнага рынку для беларускіх тавараў. На долю Расіі прыпадае каля паловы ўсяго аб’ёму беларускага знешняга гандлю. Паводле аб’ёмаў узаемнага гандлю Беларусь, у сваю чаргу, уваходзіць у «пяцёрку» асноўных гандлёвых партнёраў Расіі.

Рэалізуюцца значныя сумесныя інвестыцыйныя праекты, найбуйнейшым з якіх з’яўляецца будаўніцтва Беларускай АЭС.

Вынікі эканамічнага ўзаемадзеяння маглі б быць вышэй у выпадку выхаду на роўныя ўмовы гаспадарання, вырашэння спрэчных пытанняў у нафтагазавай сферы, нарошчвання прамысловай кааперацыі і інвестыцыйнага супрацоўніцтва, паляпшэння доступу да рынкаў тавараў і паслуг абедзвюх дзяржаў, зняцця праблем у сферы паставак сельгаспрадукцыі, урэгулявання рэжыму пропуску грамадзян трэціх краін праз беларуска-расійскую мяжу.

Знешнепалітычныя ведамствы Беларусі і Расіі традыцыйна цесна каардынавалі свае дзеянні, што спрыяла ўмацаванню пазіцый дзвюх краін на міжнароднай арэне. У рамках Праграмы ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі дзяржаў – членаў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2016 – 2017 годы праведзена больш за 20 кансультацый па розных напрамках узаемадзеяння паміж міністэрствамі замежных спраў.

Працягнута праца па забеспячэнні роўных правоў грамадзян Беларусі і Расіі на тэрыторыях дзвюх краін, у прыватнасці, у сферах адукацыі і аховы здароўя, доступу да сістэм сацыяльных гарантый і працаўладкавання, свабоды перамяшчэння і выбару месца жыхарства.

Актыўна развівалася міжрэгіянальнае супрацоўніцтва. На працягу года Беларусь наведалі 68 дэлегацый расійскіх рэгіёнаў, у тым ліку 24 – на чале з губернатарамі. У чэрвені 2016 г. у г.Мінску адбыўся III Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі.


2. Адным з прыярытэтаў дзейнасці Міністэрства з’яўляўся інтэграцыйны напрамак.

У рамках казахстанскага старшынства ў Еўразійскім эканамічным саюзе 2016 год быў абвешчаны «Годам паглыблення эканамічных адносін ЕАЭС з трэцімі краінамі» і праходзіў пад знакам падрыхтоўкі міжнародных прэферэнцыйных гандлёвых пагадненняў. Падтрымліваючы гэты падыход, Беларусь у той жа час выступае за неабходнасць першачарговага ўмацавання Саюза на ўнутраным контуры, у тым ліку шляхам стварэння роўных умоў для суб’ектаў гаспадарання, ліквідацыі наяўных бар’ераў і абмежаванняў ва ўзаемным гандлі, умацавання прамысловага супрацоўніцтва, прасоўвання працы ў галіне энергетыкі.

Важным для беларускага боку ў 2016 годзе стала зацвярджэнне Канцэпцыі фарміравання агульных рынкаў нафты і нафтапрадуктаў ЕАЭС, згодна з якой прынцыпы цэнаўтварэння з’яўляюцца агульнымі незалежна ад прыналежнасці суб’ектаў гаспадарання той ці іншай дзяржаве – члену Саюза.

У 2016 годзе завершана ўзгадненне новай рэдакцыі Мытнага кодэкса ЕАЭС. Гэты дакумент улічвае ўсе прагрэсіўныя нормы міжнароднай практыкі і дазволіць істотна паскорыць і спрасціць экспартна-імпартныя аперацыі паміж гаспадарчымі суб’ектамі краін Саюза, павысіць інвестыцыйную прывабнасць і транзітны патэнцыял Рэспублікі Беларусь.

З’яўляючыся заходнім рубяжом ЕАЭС, Беларусь паслядоўна выступае за фарміраванне ўстойлівых механізмаў дыялогу і супрацоўніцтва з Еўрасаюзам. Беларускі бок прытрымліваецца пераканання, што еўразійская інтэграцыя не павінна абмяжоўвацца толькі заходнім напрамкам – найважнейшай задачай павінна стаць цеснае ўзаемадзеянне з дзяржавамі і эканамічнымі аб’яднаннямі на Усходзе – з Кітаем, дзяржавамі Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну, у тым ліку ў рамках ШАС і іншых рэгіянальных аб’яднанняў.

Невыпадкова ў кастрычніку 2016 г. МЗС Беларусі стала месцам правядзення міжнароднай канферэнцыі «Закладваючы асновы ў рэгіёне ЕЭК ААН для эканамічнай інтэграцыі і ўстойлівага развіцця да 2030 года». Мерапрыемства з’явілася буйнай падзеяй, якая сабрала шырокае кола дыпламатаў, экспертаў, прадстаўнікоў міжнародных арганізацый для абмеркавання магчымых шляхоў пашырэння эканамічнага супрацоўніцтва паміж інтэграцыямі ва ўсім еўразійскім рэгіёне.

Цэнтральнае месца па лініі Садружнасці Незалежных Дзяржаў у 2016 годзе займала пытанне адаптацыі СНД да сучасных рэалій. Беларусь паслядоўна выступала за захаванне Садружнасці як рэгіянальнай міжнароднай арганізацыі, якая забяспечвае ўзаемадзеянне дзяржаў-членаў па ўсім спектры напрамкаў супрацоўніцтва. У выніку 16 верасня 2016 г. у г.Бішкеку было прынята выверанае і ўзважанае Рашэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД «Аб адаптацыі Садружнасці Незалежных Дзяржаў да сучасных рэалій». Гэтым рашэннем прызнана неабходнасць захавання арганізацыі і вызначаны напрамкі яе паступовага рэфармавання ў мэтах павышэння эфектыўнасці функцыянавання.

Канкрэтныя прапановы беларускага боку па ўмацаванні СНД былі агучаны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкам 28 кастрычніка ў г.Мінску на сустрэчы з кіраўнікамі дэлегацый Савета кіраўнікоў урадаў Садружнасці.

У СНД захоўваецца агульнасць поглядаў дзяржаў-членаў на асноўныя рэгіянальныя і сусветныя праблемы. Гэта пацвярджаецца прыняццем у 2016 годзе сумесных заяў кіраўнікоў дзяржаў Садружнасці па праблематыцы распаўсюджвання наркотыкаў, процідзеяння міжнароднаму тэрарызму, з нагоды 70-годдзя завяршэння работы Нюрнбергскага трыбунала.

3. Важнае месца ў знешнепалітычных прыярытэтах Беларусі займалі адносіны з дзяржавамі СНД і Грузіяй.

Кантакты на вышэйшым і высокім узроўнях пацвердзілі канструктыўны характар адносін з Украінай. Прагрэс у стварэнні безбар’ернага асяроддзя для двухбаковых эканамічных адносін дазволіў захаваць пазітыўную дынаміку ўзаемнага гандлю.

Працягнулася шматпланавае ўзаемадзеянне з Казахстанам. Падтрымліваўся прадуктыўны дыялог на вышэйшым узроўні. Падпісана «Дарожная карта» развіцця двухбаковага супрацоўніцтва на 2017 – 2018 гады, рэалізацыя якой дазволіць стварыць неабходныя ўмовы для нарошчвання аб’ёмаў узаемнага гандлю.

Значная ўвага надавалася развіццю шырокамаштабнага супрацоўніцтва з Туркменістанам. Працягваючы традыцыю штогадовага абмену візітамі на вышэйшым узроўні, Беларусь наведаў Прэзідэнт Туркменістана (10-12 мая). Рэалізацыя дасягнутых дамоўленасцей забяспечвае далейшае паглыбленне двухбаковых сувязей у гандлёва-эканамічнай і гуманітарнай сферах.

Паступальна развівалася беларуска-азербайджанскае партнёрства. Візіт Кіраўніка дзяржавы ў Баку (28-29 лістапада) спрыяў падтрыманню высокага ўзроўню двухбаковых адносін, вызначэнню новых напрамкаў эканамічнага ўзаемадзеяння.

У традыцыйна дружалюбным ключы развіваліся адносіны з Арменіяй, для ўзаемадзеяння з якой актыўна выкарыстоўваліся пляцоўкі інтэграцыйных аб’яднанняў.

Пазітыўная дынаміка адзначаецца ў адносінах з Грузіяй і Малдовай. На паглыбленне палітычнага дыялогу і пашырэнне эканамічнага ўзаемадзеяння былі нацэлены візіт у Беларусь Прэм’ер-міністра Грузіі (22-23 сакавіка), правядзенне першай Нацыянальнай выставы Рэспублікі Беларусь у г.Тбілісі ў верасні. Далейшаму станаўленню поўнафарматных адносін спрыяў афіцыйны візіт Міністра замежных спраў у Грузію (20 снежня) і адкрыццё беларускага дыппрадстаўніцтва ў гэтай краіне.

Візіт Прэм’ер-міністра Беларусі ў Малдову (2-3 кастрычніка) замацаваў дамоўленасці па рэалізацыі эканамічных праектаў, якія ажыццяўляюцца беларускімі прадпрыемствамі на тэрыторыі гэтай краіны.

Значна ўзрасла інтэнсіўнасць кантактаў з Узбекістанам. Сур’ёзны імпульс развіццю двухбаковых сувязяў надала сустрэча Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з выконваючым абавязкі кіраўніка ўзбекскай дзяржавы ў г.Самаркандзе (6 кастрычніка).

У канструктыўным рэчышчы развіваліся беларуска-кыргызскія адносіны. Значным вынікам міжурадавага дыялогу стала аднаўленне работы зборачнай вытворчасці беларускіх трактароў у г.Бішкеку, пашырэнне прамысловай кааперацыі.

Актывізаваліся кантакты паміж міністэрствамі замежных спраў Беларусі і Таджыкістана, што пазітыўна паўплывала на дыверсіфікацыю эканамічных сувязей і ўзровень супрацоўніцтва ў міжнародных арганізацыях.

Эфектыўным механізмам развіцця гандлёва-эканамічных і гуманітарных сувязей з краінамі СНД заставалася работа міжурадавых камісій (МУК). Адбыліся пасяджэнні МУК з Азербайджанам, Арменіяй, Грузіяй, Казахстанам, Кыргызстанам, Малдовай, Таджыкістанам і Украінай.

4. У пазітыўным рэчышчы развіваўся дыялог Беларусі з Еўрапейскім саюзам. Важнай падзеяй у кантэксце паступовай нармалізацыі адносін стала адмена большасці абмежавальных мер у дачыненні да Беларусі ў лютым 2016 г.

Прадаўжаўся рост інтэнсіўнасці і ўзроўню палітычных кантактаў. Адбыліся візіты ў Рэспубліку Беларусь высокапастаўленых прадстаўнікоў Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў (чэрвень, лістапад, снежань), Еўрапейскай камісіі (люты, чэрвень, кастрычнік, лістапад, снежань), спецпрадстаўніка ЕС па правах чалавека (сакавік), Еўрапейскага парламента (май), а таксама дзяржаў-членаў Еўрасаюза. Упершыню Беларусь 20-21 лістапада наведала дэлегацыя Камітэта па палітыцы і бяспецы Савета ЕС, у склад якой увайшлі пастаянныя прадстаўнікі пры ЕС усіх 28 дзяржаў-членаў Еўрасаюза. Дэлегацыю прыняў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь.

Новым фарматам структураванага дыялогу бакоў стала стварэнне Каардынацыйнай групы Беларусь-ЕС, два паседжанні якой былі праведзены на працягу года.

Паміж Беларуссю і ЕС падпісана Дэкларацыя аб партнёрстве дзеля мабільнасці. Адбыліся чарговыя раунды галіновых дыялогаў па эканоміцы і фінансах, мытных справах, экалогіі. Пачаты дыялог па гандлі. Працягнуты дыялог з ЕС па правах чалавека. Дасягнуты дамоўленасці аб аднаўленні дыялогу па энергетыцы, пашырэнні падобных дыялогаў на такія сферы, як сельская гаспадарка, стандартызацыя, навуковыя даследаванні і інавацыі.

У маі 2016 г. у г.Вене пры падтрымцы Еўракамісіі праведзены першы Беларуска-Еўрапейскі інвестыцыйны форум.

Адобраны мандат Еўрапейскага інвестыцыйнага банка на супрацоўніцтва з Беларуссю. Зацверджана новая Стратэгія Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця па Беларусі, якая прадугледжвае ўзаемадзеянне банка з беларускім дзяржсектарам.

Беларусь прадоўжыла актыўны ўдзел у мерапрыемствах шматбаковага фармату «Усходняга партнёрства» (УП), якое ў цяперашні час грунтуецца на прынцыпе дыферэнцыяцыі. Беларускія прадстаўнікі ўдзельнічалі ў рабоце штогадовай сустрэчы кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў краін-удзельніц УП у г.Бруселі (май), двух раундаў нефармальных міністэрскіх дыялогаў у г.Кіеве (ліпень) і г.Ерэване (лістапад), а таксама сектаральных міністэрскіх канферэнцый УП па экалогіі і клімаце, лічбавай эканоміцы.

Аб’ёмы тэхнічнай дапамогі ЕС для Беларусі павялічаны да 27 млн. еўра. Фармат супрацоўніцтва з Еўрасаюзам у гэтай сферы ўключае ўдзел Беларусі ў праграмах «Таекс», «МОСТ», «Эразмус Мундус» і 7-й рамачнай праграме навуковых даследванняў ЕС. Прадоўжана рэалізацыя праграм супрацоўніцтва Еўрасаюза «Літва-Латвія-Беларусь» і «Польшча-Беларусь-Украіна». Вядуцца кансультацыі пра змест прыярытэтаў партнёрства Беларусі і ЕС на 2017-2020 гг.

5. У рэчышчы паступальнай нармалізацыі дыялогу інтэнсіўна развіваліся двухбаковыя адносіны з краінамі Еўропы. Актывізавана работа над удасканаленнем дагаворна-прававой базы па ўсім спектры галін супрацоўніцтва, пераадолена стагнацыя міжпарламенцкага дыялогу з краінамі Еўрасаюза.

Пазітыўнай дынамікай характарызаваліся адносіны з суседнімі дзяржавамі. На розных узроўнях падтрымліваліся кантакты з Латвіяй: адбыліся візіты міністраў замежных спраў, абароны, унутраных спраў Беларусі ў Латвію, візіты міністраў транспарту, эканомікі Латвіі ў Беларусь. Упершыню за доўгія гады адбыўся візіт Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь у Латвію (5 лістапада).

Захоўваецца рэгулярны дыялог з Літвой. Прайшлі два раунды кансультацый паміж МЗС на ўзроўні намеснікаў міністраў, XII Беларуска-Літоўскі эканамічны форум (26-27 мая, г.Ліда). У той жа час пазіцыя літоўскага боку ў дачыненні да некаторых аспектаў будаўніцтва Беларускай АЭС з’яўлялася праблемным момантам у развіцці двухбаковага ўзаемадзеяння.

Сур’ёзна актывізаваліся двухбаковыя кантакты з Польшчай. Упершыню з 2008 года адбыліся ўзаемныя візіты кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў дзвюх краін. Для правядзення чарговага пасяджэння эканамічнай міжурадавай камісіі г.Мінск наведаў Віцэ-прэм’ер – Міністр развіцця і фінансаў Польшчы (24 кастрычніка). Прыезд Маршала Сената Польшчы ў Беларусь стаў першым поўнамаштабным візітам кіраўніцтва заканадаўчай улады краіны ЕС за апошнія дваццаць гадоў. Адноўлена праца дзвюх міжурадавых камісій – трансгранічная і эканамічнай, а таксама працэс узгаднення пакетаў двухбаковых дагавораў трансгранічнай і экалагічнай тэматыкі. Праведзены візіты ў Беларусь міністраў сельскай гаспадаркі, аховы навакольнага асяроддзя, інфраструктуры і будаўніцтва, марскога і рачнога суднаходства Польшчы, а таксама прадстаўнічай дэлегацыі праваахоўных, пагранічных і мытных органаў Польшчы. Падпісана і ратыфікавана міжурадавае пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне адукацыі.

У рамках работы з іншымі краінамі Вышаградскай групы – Венгрыяй, Славакіяй, Чэхіяй – працягнуты прамы дыялог на ўзроўні кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў, уключаючы абмен двухбаковымі візітамі (Венгрыя, Чэхія), а таксама сустрэчы ў рамках міжнародных і двухбаковых мерапрыемстваў на высокім узроўні (Славакія). 25 лістапада ў перыяд старшынства Славакіі ў Савеце ЕС адбыўся першы ў гісторыі двухбаковых адносін афіцыйны візіт Старшыні Урада Славакіі ў Беларусь.

Інтэнсіўна развівалася ўзаемадзеянне з Германіяй на розных узроўнях. У рамках шматбаковых мерапрыемстваў на працягу года адбыліся тры сустрэчы міністраў замежных спраў дзвюх краін. Упершыню рэалізаваны візіт афіцыйнай дэлегацыі Германска-Беларускай парламенцкай групы ў Беларусь. Праведзена пасяджэнне Беларуска-Германскай працоўнай групы па гандлі і інвестыцыях і шэраг сумесных мерапрыемстваў эканамічнай, культурнай і гуманітарнай накіраванасці.

Намеціліся пазітыўныя зрухі ў развіцці палітычных кантактаў з дзяржавамі Паўночнай Еўропы – Нарвегіяй (адбылася сустрэча кіраўнікоў МЗС), Даніяй, Фінляндыяй (праведзены кансультацыі паміж МЗС на ўзроўні намесніка міністра замежных спраў Беларусі). Мінск наведала Дзяржаўны сакратар МЗС Швецыі.

Адбыўся візіт ў Беларусь дэлегацыі палітычных дырэктараў знешнепалітычных ведамстваў краін Бенілюкса (17 мая).

Працягнулася інтэнсіфікацыя супрацоўніцтва з Францыяй. Праведзена сустрэча міністраў замежных спраў дзвюх краін у рамках мерапрыемства па лініі ЕС у г.Браціславе, адбыліся другое пасяджэнне Сумеснай беларуска-французскай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве, двухбаковыя бізнэс-форумы ў гг. Мінску і Парыжы.

Актывізаваліся кантакты з Вялікабрытаніяй. 9 лютага прайшоў візіт Генеральнага дырэктара па палітычных пытаннях МЗС Вялікабрытаніі. У рамках работы па пашырэнні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва 10-13 кастрычніка адбыўся візіт у Беларусь члена брытанскай каралеўскай сям’і Прынца Майкла Кенцкага.

Адбыліся візіты кіраўніка дзяржавы ў Турцыю (13 красавіка), Італію і Ватыкан (20-21 мая). Беларусь наведалі Вялікі канцлер Мальтыйскага Ордэна (24-26 красавіка), Прэзідэнт Турцыі (11 лістапада). Праведзены 18 візітаў у нашу краіну кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў еўрапейскіх краін і іх намеснікаў, кансультацыі паміж МЗС з 17 краінамі Еўропы, пасяджэнні эканамічных міжурадкамісій – з Аўстрыяй, Балгарыяй, Венгрыяй, Італіяй, Польшчай, Румыніяй, Сербіяй, Славеніяй, Францыяй, Чэхіяй.

6. Працягнулася паступальнае развіццё адносін са Злучанымі Штатамі Амерыкі па напрамках, якія ўяўляюць узаемную цікавасць. Візіт у ЗША беларускай дэлегацыі высокага ўзроўню (6-10 снежня) дазволіў абмеркаваць магчымасці сістэмнага нарошчвання эканамічнага ўзаемадзеяння дзвюх краін. Развіццю міжрэгіянальнага супрацоўніцтва садзейнічалі візіты беларускіх дэлегацый у штаты Тэхас, Каліфорнія і Фларыда.

22 верасня падпісана першае за дваццаць гадоў міжурадавае пагадненне (аб абароне і захаванні культурных каштоўнасцей). Адноўлена двухбаковае ваеннае супрацоўніцтва. Прадоўжаны дыялог па правах чалавека. Паспяхова рэалізуецца сумесны праект па аснашчэнні беларускай дзяржаўнай мяжы сучаснай інфраструктурай для барацьбы з незаконным транзітам ядзерных і радыеактыўных матэрыялаў.

7. У ліку прыярытэтаў беларускай знешняй палітыкі заставалася нарошчванне супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі і Блізкага Усходу, дзе знаходзяцца нашы значныя эканамічныя інтарэсы.

Вядзецца планамерная работа па развіцці адносін з краінамі афрыканскага кантынента, большасць з якіх з’яўляюцца адносна новымі для нас партнёрамі. На працягу года беларускія дэлегацыі высокага ўзроўню наведалі Гану, Нігерыю, Кенію, Марока, Судан, Эфіопію, ПАР і іншыя краіны. Адбыліся візіты ў Беларусь намесніка Прэм’ер-міністра – Міністра міжнародных адносін і супрацоўніцтва Намібіі, Старшыні Камісіі Афрыканскага саюза, кіраўніка Афрыканскага экспартна-імпартнага банка, кіраўнікоў розных галіновых міністэрстваў Анголы, Сьера-Леонэ, Мазамбіка.

Праведзеныя з афрыканскімі краінамі мерапрыемствы спрыялі як актывізацыі палітычных адносін, так і прасоўванню гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў галіне паставак беларускай кар’ернай, грузавой, дарожна-будаўнічай і сельскагаспадарчай тэхнікі, прадукцыі нафтахіміі і іншых тавараў.

Вядзецца сістэмная праца па развіцці супрацоўніцтва з краінамі Персідскага заліва. Візіты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Катар і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты ў кастрычніку-лістападзе 2016 г. спрыялі актывізацыі гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва.

У развіццё дасягнутых дамоўленасцей Беларусь наведалі Міністр фінансаў і Міністр транспарту і камунікацый Катара, генеральны дырэктар Катарскага інвестыцыйнага агенцтва. У г.Мінску арганізавана трэцяе пасяджэнне Беларуска-Эмірацкага сумеснага камітэта па супрацоўніцтве, для ўдзелу ў якім Беларусь наведала прадстаўнічая дэлегацыя пад кіраўніцтвам Дзяржаўнага міністра замежных спраў ААЭ.

Быў прадоўжаны дыялог з нашымі партнёрамі ў Афрыцы і на Блізкім Усходзе ў рамках міжнародных арганізацый. У 2016 годзе «на палях» Генеральнай Асамблеі ААН ў г.Нью-Ёрку праведзены сустрэчы кіраўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства з міністрамі замежных спраў Анголы, Мазамбіка, Амана, Сірыі, Эрытрэі.

Актывізаваны перамовы па гандлёва-эканамічнай тэматыцы ў рамках міжурадавых камісій і камітэтаў: праведзены пасяджэнні адпаведных структур з Егіптам, Катарам, Мазамбікам, ААЭ, Саудаўскай Аравіяй, Суданам.

З улікам захаванння складанай сітуацыі ў Сірыі ў верасні 2016 г. Рэспублiка Беларусь аказала гэтай краіне гуманітарную дапамогу. Рэйсам МНС былі дастаўлены прадукты харчавання, медыкаменты, коўдры, сродкі гігіены, дзіцячая вопратка і абутак.

8. У 2016 годзе забяспечана высокая дынамiка палiтычнага і эканамічнага дыялогу з традыцыйнымі і новымі партнёрамі ў Азіі.

Дзяржаўны візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Кітай (28–30 верасня) вызначыў новы этап у развіцці адносін – выхад на ўзровень «даверлівага ўсебаковага стратэгічнага партнерства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва». Такім чынам, Беларусь увайшла ў шэраг краін (Вялікабрытанія, Пакістан, Расія), з якімі ў КНР склаліся асаблівыя адносіны.

Па выніках візіту адкрыты доступ беларускай ялавічыне і малочнай прадукцыі на рынак Кітая; заключаны кантракты па вываду новых тавараў на рынак. У сферы інвестыцыйнага і фінансавага супрацоўніцтва акрэсліўся пераход да прамога інвесціравання (удзел кітайскіх прадпрыемстваў у акцыянерным капітале, дамоўленасці аб стварэнні новых сумесных прадпрыемстваў). Прыцягнуты межбанкаўскі крэдыт, створаны фонд для крэдытавання сумесных праектаў.

У сферах гаманітарнага і навуковага супрацоўніцтва выдзелены новыя траншы бязвыплатнай дапамогі на будаўніцтва сацыяльнага жылля, аб’екты індустрыяльнага парка «Вялікі камень» і стажыроўкі беларускіх спецыялістаў; выдзелена 10 млн. долараў ЗША на сумеснае фінансаванне навукова-даследчых праектаў у пэўных сферах; створаны Беларуска-Кітайскі аналітычны цэнтр развіцця.

Замацавана дамоўленнасць аб адкрыцці Генеральнага консульства Беларусі ў г. Гуанчжоў.

Беларуская дэлегацыя на ўзроўні Прэм’эр-міністра ўпершыню прыняла ўдзел у якасці назіральніка ў Форуме «16+1» па супрацоўніцтве КНР з дзяржавамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы (лістапад, г. Рыга).

Працягнулася актыўнае шматпланавае супрацоўніцтва з Пакістанам. Падчас другога афіцыйнага візіту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у гэту краіну (4-6 кастрычніка) падпісаны 17 пагадненняў і дагавораў. Адбыўся чацвёрты дзелавы і інвестыцыйны форум, вынікам якога стала падпісанне шэрага кантрактаў.

Важным крокам у прасоўванні беларускіх інтарэсаў у азіяцкім рэгіёне стала сустрэча Кіраўніка дзяржавы з Прэм’ер-міністрам Індыі Н.Модзі падчас саміту ШАС у г.Ташкенце ў чэрвені 2016 г.

Дынамічна развіваліся двухбаковыя адносіны з Іранам. Адбыўся шэраг узаемных візітаў на высокім узроўні. У рамках 13-га пасяджэння Змешанай Беларуска-Іранскай камісіі па пытаннях эканамічнага супрацоўніцтва падпісана «Дарожная карта двухбаковага супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і Ісламскай Рэспублікі Іран на 2016-2017 гг.».

Ключавым партнёрам Беларусі ў рэгіёне Паўднёва-Усходняй Азіі ў сферы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з’яўляецца Інданезія. Краіна ўяўляе сабой ёмісты рынак для далейшага нарошчвання паставак беларускіх калійных угнаенняў. Стартаваў першы маштабны праект па пастаўках беларускіх самазвалаў «БЕЛАЗ» у Інданезію.

Уступленне ў сілу ў кастрычніку 2016 г. Пагаднення аб зоне свабоднага гандлю паміж ЕАЭС і В’етнамам, а таксама беларуска-в’етнамскага міжурадавага Пратакола аб падтрымцы вытворчасці маторных транспартных сродкаў на тэрыторыі В’етнама ствараюць магчымасці для ўмацавання пазіцый беларускай машынабудаўнічай і іншай прадукцыі на рынку гэтай краіны і ў рэгіёне ў цэлым.

Беларускі бок прымаў актыўны ўдзел у мерапрыемствах па лініі Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС). Кіраўнік дзяржавы прыняў удзел у саміце ШАС (чэрвень, г.Ташкент). Прэм’ер-міністр Беларусі ўпершыню ўдзельнічаў у пасяджэнні савета кіраўнікоў урадаў ШАС (лістапад, г.Бішкек).

Міністр замежных спраў Беларусі ўпершыню пасля атрымання нашай краінай статусу назіральніка пры Нарадзе па ўзаемадзеянні і мерах даверу ў Азіі (НУМДА) прыняў удзел у пасяджэнні міністраў замежных спраў краін-членаў НУМДА (26-29 красавіка, г.Пекін).

На працягу года праведзены 11 пасяджэнняў міжурадавых камісій, камітэтаў і рабочых груп па эканамічным супрацоўніцтве з краінамі рэгіёну, частка з якіх адбылася ўпершыню (КНР, Пакістан, Камбоджа, Карэя, Іран, В’етнам), 7 раўндаў кансультацый паміж МЗС (В’етнам, Шры-Ланка, Інданезія, Малайзія, Іран, Індыя).

На палях міжнародных мерапрыемстваў праведзены сустрэчы Міністра замежных спраў з кіраўнікамі знешнепалітычных ведамстваў Афганістана, Бангладэш, В’етнама, Індыі, КНДР, КНР, Манголіі, Рэспублікі Карэя, Сінгапура, Тайланда, Японіі, якія надалі дадатковы імпульс развіццю двухбаковых адносін.

9. Развіццю ўзаемадзеяння з дзяржавамі Лацінскай Амерыкі спрыяла ўмацаванне дыялогу з прыярытэтнымі партнёрамі, пашырэнне геаграфіі двухбаковых кантактаў і эканамічных сувязей у перспектыўных для Беларусі галінах.

Рэалізацыі гэтай стратэгіі садзейнічалі першы візіт у Беларусь эквадорскай парламенцкай дэлегацыі на чале са Старшынёй Нацыянальнай Асамблеі Эквадора, афіцыйны візіт Першага намесніка Старшыні Дзяржаўнага Савета і Савета Міністраў Кубы, сустрэчы Міністра замежных спраў Беларусі з калегамі з Аргенціны, Коста-Рыкі і Эквадора, візіты кіраўніцтва беларускага МЗС у Чылі і Уругвай.

У чэрвені 2016 г. Рэспублiка Беларусь упершыню як краіна-назіральнік прыняла ўдзел у рабоце Саміту кіраўнікоў дзяржаў Асацыяцыі карыбскіх дзяржаў, які адбыўся на Кубе.

Пашырэнню сфер узаемадзеяння з краінамі рэгіёну спрыяла правядзенне ў г.Гаване першага пасяджэння сумеснай беларуска-кубінскай камісіі па супрацоўніцтве ў сферы навукі і тэхналогій. Зацверджана Праграма беларуска-кубінскага навукова-тэхнічнага і інавацыйнага супрацоўніцтва на 2016-2018 гады.

У якасці новай формы работы па прасоўванні экспарту арганізаваны візіты беларускай маніторынгавай групы ў Мексіку і Чылі, дзе для дзелавых колаў гэтых краін былі праведзены прэзентацыі экспартнага патэнцыялу Беларусі.

У рамках намаганняў па дыверсіфікацыі экспарту працягнута работа па ўкараненні механізмаў прыцягнення беларускага экспартнага крэдытавання, а таксама іншых інструментаў падтрымкі экспарту.

Тавараабарот Беларусі з краінамі Лацінскай Амерыкі за перыяд з 2000 па 2015 год павялічыўся больш чым у 4 разы, пры гэтым беларускі экспарт рос апераджальнымі тэмпамі і павялічыўся больш чым у 6 разоў. У той жа час крызісныя з’явы ў краінах, асноўных гандлёвых партнёрах Беларусі ў рэгіёне, паўплывалі на дынаміку нарошчвання беларускага экспарту ў 2016 годзе.

10. Асноўнай падзеяй года на шматбаковым трэку стаў удзел дэлегацыі Рэспублікі Беларусь на чале з Міністрам замежных спраў у 71-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства прыняў удзел у некалькіх мерапрыемствах высокага ўзроўню, правёў серыю двухбаковых сустрэч з калегамі з іншых краін, а таксама з кіраўніцтвам ААН. Пад яго старшынствам адбылася ўстаноўчая сустрэча Групы дзяржаў-аднадумцаў у падтрымку краін з сярэднім узроўнем даходу.

Была прадоўжана работа па рэалізацыі знешнепалітычных ініцыятыў Беларусі. У прыватнасці, у рамках 25-й сесіі Камісіі ААН па прадухіленні злачыннасці (май, г.Вена) прынята беларуская рэзалюцыя па тэме барацьбы з гандлем чалавечымі органамі і гандлем людзьмі ў мэтах атрымання органаў. На працягу года пад старшынствам Беларусі былі праведзены сустрэчы Групы сяброў, якія аб’ядналіся ў барацьбе з гандлем людзьмі, у Вене, Жэневе, Нью-Ёрку і Парыжы. У ходзе сустрэч вызначаны напрамкі будучай дзейнасці Групы на розных пляцоўках.

На сесіі Камісіі ААН па наркатычных сродках (сакавік, г.Вена) упершыню з ініцыятывы Беларусі была прынята рэзалюцыя, прысвечаная тэме процідзеяння новым псіхаактыўным рэчывам.

У верасні 2016 г. адбыўся XVIII Саміт Руху недалучэння, у якім прыняла ўдзел дэлегацыя Беларусі на чале з намеснікам Міністра замежных спраў.

У праваабарончай галіне важным вынікам работы МЗС стала прыняцце Урадам Беларусі 24 кастрычніка 2016 г. Нацыянальнага плана дзеянняў Рэспублікі Беларусі па правах чалавека, які ўвабраў у сябе рэкамендацыі, вынесеныя ў дачыненні да Беларусі па выніках другога цыклу Універсальнага перыядычнага агляду Рады ААН па правах чалавека, а таксама іншымі праваабарончымі дагаворнымі органамі. План стаў вынікам сумеснай работы зацікаўленых органаў дзяржаўнага кіравання. Пры гэтым у абмеркаванне дакумента была далучана грамадзянская супольнасць.

Значныя пазітыўныя змены адбыліся ў супрацоўніцтве Беларусі з ЮНІДА – нашым ключавым партнёрам у ААН па правядзенні мадэрнізацыі беларускіх прадпрыемстваў і інфраструктуры. Забяспечаны запуск двух буйных сумесных інфраструктурных праектаў па мадэрнізацыі аўтамабільных і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў з агульным бюджэтам каля 2 млн. долараў ЗША. Прадстаўнікі Беларусі ўпершыню ўвайшлі ў склад кіруючых органаў ЮНІДА – Савета па прамысловым развіцці і Камітэта па праграмна-бюджэтных пытаннях.

Міжнароднае экалагічнае супрацоўніцтва адзначана важным крокам Рэспублікі Беларусь – далучэннем да Парыжскага пагаднення па клімаце. Тым самым наша краіна ўключылася ў сусветны працэс пераходу да нізкавугляроднай эканомікі, у якім Беларусь выступае не староннім назіральнікам, а ў якасці аднаго з яго «архітэктараў», прымаючы ўдзел у выпрацоўцы і прыняцці ключавых рашэнняў на бліжэйшыя дзесяцігоддзі.

На якасна новы ўзровень выйшла супрацоўніцтва з МАГАТЭ.

У красавіку 2016 г. Беларусь наведалі Генеральны дырэктар агенцтва Ю.Амана і яго намеснік па ядзернай і фізічнай ядзернай бяспецы Х.К.Ленціха, якія на месцы азнаёміліся з ходам будаўніцтва Беларускай АЭС. Адбылася сустрэча Кіраўніка дзяржавы з Ю.Амана. Беларусь прадаўжае актыўна ўдзельнічаць у дзейнасці МАГАТЭ ў рамках сяброўства ў Савеце кіраўнікоў Агенцтва.

Вялікае значэнне для развіцця міжнароднага чарнобыльскага супрацоўніцтва мелі паслядоўныя намаганні нашай краіны па фарміраванні новай стратэгіі міжурадавага ўзаемадзеяння па Чарнобылі на перыяд пасля 2016 года. Важнай падзеяй стала правядзенне ў красавіку ў Мінску міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай 30-годдзю Чарнобыльскай катастрофы, і прыняцце 71-й сесіяй ГА ААН новай «чарнобыльскай» рэзалюцыі.

У сферы гуманітарнага супрацоўніцтва ключавой падзеяй стала правядзенне 5 верасня пад старшынствам Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь другога пасяджэння Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа.

11. Прадоўжана сістэмная работа па падтрыманні канструктыўнага ўзаемадзеяння з Арганізацыяй па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ), яе выканаўчымі структурамі і інстытутамі, нямецкім старшынствам Арганізацыі.

Па запрашэнні беларускага боку місіі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) і Парламенцкай асамблеі (ПА) АБСЕ прынялі ўдзел у міжнародным назіранні за парламенцкімі выбарамі ў Рэспубліцы Беларусь.

Праведзены візіты ў Беларусь дырэктара БДІПЧ АБСЕ (студзень), Каардынатара эканамічнай і экалагічнай дзейнасці АБСЕ (красавік), намесніка Старшыні ПА АБСЕ, Спецкаардынатара місіі кароткатэрміновых назіральнікаў АБСЕ на прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах у Беларусі (студзень, верасень і снежань).

Міністр замежных спраў Беларусі прыняў удзел у нефармальнай міністэрскай сустрэчы АБСЕ ў г.Патсдаме і 23-м штогадовым пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў АБСЕ ў г.Гамбургу.

Развівалася прамое супрацоўніцтва Беларусі з выканаўчымі структурамі АБСЕ па рэалізацыі сумесных праектаў на аснове ўзгодненага «пакета» праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі.

Актыўнае праектнае ўзаемадзеянне ажыццяўлялася з Саветам Еўропы, у тым ліку ў рамках Плана дзеянняў СЕ для Беларусі на 2016-2017 гг. Упершыню з 1997 года такі дакумент быў распрацаваны і прыняты з улікам пазіцыі і прыярытэтаў профільных міністэрстваў і ведамстваў Беларусі.

Прадоўжана праца па далучэнні нашай краіны да прававых інструментаў і механізмаў СЕ. Так, 8 снежня 2016 г. падпісаны Дадатковы пратакол да Канвенцыі па барацьбе з допінгам.

Беларусь прадоўжыла актыўны ўдзел у дзейнасці субрэгіянальных арганізацый. Падчас свайго старшынства ў 2017 годзе ў Цэнтральна-Еўрапейскай Ініцыятыве Беларусь мае намер надаць асаблівую ўвагу тэматыцы злучальнасці і сумяшчальнасці ў Еўропе. Акрамя развіцця транспартнай і лагістычнай інфраструктуры, гэта падразумявае гарманізацыю стандартаў і мытных працэдур, укараненне інфармацыйных тэхналогій для спрашчэння гандлю і развіцця трансгранічных паслуг, стымуляванне прадпрымальніцтва ўздоўж асноўных транспартных калідораў і іншыя меры, накіраваныя на стварэнне «безбар’ернага асяроддзя» для гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва.

У якасці назіральніка Беларусь прадоўжыла дзейнасць па ўдзелу ў партнёрствах Паўночнага вымярэння. Развівалася прагматычнае ўзаемадзеянне з Арганізацыяй чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва і Саветам дзяржаў Балтыйскага мора, у якіх Беларусь таксама мае статус назіральніка.

12. У кантэксце забеспячэння нацыянальнай бяспекі вядзецца планамерная работа па далейшаму развіццю Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ). Ключавым мерапрыемствам ў 2016 годзе стала сесія Савета калектыўнай бяспекі (СКБ) АДКБ (14 кастрычніка,
г.Ерэван), у ходзе якой старшынства ў Арганізацыі перайшло да Рэспублікі Беларусь. Па выніках сесіі кіраўнікамі дзяржаў падпісана 17 рашэнняў і прынята 4 заявы. Да знакавых дакументаў варта аднесці рашэнні аб зацвярджэнні Стратэгіі калектыўнай бяспекі АДКБ да 2025 года, аб рэфармаванні Аб’яднанага штаба АДКБ, аб фарміраванні адзінага спісу арганізацый, прызнаных тэрарыстычнымі, аб стварэнні Цэнтра крызіснага рэагавання.

Прыярытэты беларускага старшынства датычацца якаснага ўзмацнення ўплыву АДКБ на міжнароднай арэне, вывядзення на новую стадыю сістэмы аператыўнага рэагавання на ўзнікаючыя крызісныя сітуацыі і павышэння аператыўнай гатоўнасці Калектыўных сіл АДКБ, пашырэння парадку дня АДКБ тэматыкай эканамічнай бяспекі, рэалізацыі комплексу дадатковых мер па супрацьдзеянні міжнароднаму тэрарызму, памнажэння намаганняў па барацьбе з незаконным абаротам наркотыкаў, забеспячэння стабільнага міграцыйнага становішча ў рэгіёнах калектыўнай бяспекі АДКБ.

Беларусь адказна выконвае прынятыя на сябе міжнародныя абавязацельствы ў галіне міжнароднай бяспекі, нераспаўсюджання зброі масавага знішчэння, кантролю над звычайнымі ўзбраеннямі, захавання санкцыйных рэзалюцый Савета Бяспекі ААН, ажыццяўлення экспартнага кантролю над таварамі, работамі і паслугамі ваеннага прызначэння і двайнога прымянення.

Беларусь прадаўжае ажыццяўляць свой уклад у рэалізацыю Канвенцыі аб забароне проціпяхотных мін шляхам рэалізацыі праекту «Ліквідацыя боепрыпасаў, змяшчаючых міны тыпу ПФМ-1, у Беларусі» па знішчэнні каля 3,3 млн. проціпяхотных мін. Па стане на канец 2016 года было знішчана больш за 85% ад усяго ліку застаўшыхся ў Беларусі проціпяхотных мін названага тыпу.

13. Ключавая роля ў рабоце МЗС традыцыйна адводзілася «эканамічнай дыпламатыі», стварэнню спрыяльных умоў для прасоўвання экспарту тавараў і паслуг.

Нягледзячы на пагаршэнне кан’юнктуры сусветных цэн на шэраг найважнейшых беларускіх экспартных тавараў, а таксама крызісныя з’явы ў эканоміцы асноўных гандлёвых партнёраў Беларусі, мэтанакіраваныя намаганні дзяржаўных органаў і экспарцёраў пры каардынуючай ролі МЗС дазволілі ў 2016 годзе дасягнуць збалансаванасці знешняга гандлю.

Урадам зацверджана распрацаваная МЗС Нацыянальная праграма падтрымкі і развіцця экспарту на 2016 – 2020 гады, якая прадугледжвае рэалізацыю комплексу мер па павышэнні канкурэнтаздольнасці беларускіх тавараў на сусветным рынку.

Значная ўвага ў рабоце надавалася ўмацаванню ўзаемавыгадных сувязей з традыцыйнымі эканамічнымі партнёрамі, асваенню новых рынкаў і дыверсіфікацыі экспарту.

Узмоцнена каардынуючая роля МЗС унутры краіны. Для экспарцёраў і органаў дзяржаўнага кіравання арганізаваны навучальныя семінары па пытаннях практычнай работы на рынках краін Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі.

Кіраўніцтвам МЗС рэгулярна праводзяцца сустрэчы з прадстаўнікамі прадпрыемстваў-экспарцёраў. Актывізацыі раюоты з кампаніямі малога і сярэдняга бізнесу, прыцягненню іх да выхаду на знешнія рынкі спрыяе рэалізацыя пагаднення паміж МЗС і Рэспубліканскай канфедэрацыяй прадпрымальніцтва аб узаемадзеянні на 2016 — 2020 гады.

На новы якасны ўзровень выйшла інфармацыйная работа з экспарцёрамі. Падрыхтавана «Памятка беларускаму экспарцёру», якая змяшчае інфармацыю аб экспартнай дзейнасці, а таксама алгарытм дзеянняў для суб’ектаў гаспадарання, якія распачынаюць работу на знешніх рынках. Аказана садзейнічанне Нацыянальнаму цэнтру маркетынгу і кан’юнктуры цэн (НЦМіКЦ) у аднаўленні інфармацыйнага партала www.export.by, новая версія якога пачне работу ў пачатку 2017 года.

У 2016 годзе адбыліся візіты экспертных маніторынгавых груп у Чылі, Мексіку, Танзанію і Мазамбік. Пашыраны кантакты па лініі знешнепалітычных ведамстваў, прапрацаваны перспектыўныя кірункі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

НЦМіКЦ наладжаны абмен інфармацыяй з замежнымі арганізацыямі аналагічнага профілю, асацыяцыямі дзелавых колаў, пашыраны ўдзел у выставачных мерапрыемствах.

Прадоўжана работа па далейшым паляпшэнні ўмоў ва ўзаемным гандлі з Расіяй і іншымі партнёрамі па ЕАЭС. Праведзены прадуктыўныя перагаворы з украінскім бокам па адмене спецыяльнай пошліны на шэраг імпартуемых ва Украіну беларускіх тавараў.

Актывізавана работа ў напрамку развіцця гандлёвых сувязей дзяржаў-членаў ЕАЭС з трэцімі краінамі. З 5 кастрычніка 2016 г. забяспечаны запуск зоны свабоднага гандлю з В’етнамам. Запушчаны перагаворны працэс з Кітаем па пагадненні аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, перагаворы з Ізраілем па пагадненні аб свабодным гандлі, а таксама Іранам па часовым пагадненні, якое вядзе да стварэння зоны свабоднага гандлю. Пачаліся кансультацыі з Сербіяй па ўніфікацыі гандлёвага рэжыму дзяржаў-членаў ЕАЭС з названай дзяржавай. Плануецца запуск перагаворнага працэсу аб стварэнні зоны свабоднага гандлю з Індыяй і Егіптам.

Для Беларусі гэтыя пагадненні ствараюць перадумовы для больш актыўнага асваення новых рынкаў, дыверсіфікацыі экспарту тавараў і паслуг, павышэння інвестыцыйнай прывабнасці, а таксама паглыблення прамысловай і сельскагаспадарчай кааперацыі, перш за ўсё, з краінамі так званай «далёкай дугі».

Арганізаваны нацыянальныя экспазіцыі ў Японіі (сакавік 2016), В’етнаме (красавік 2016), Іране (май – чэрвень 2016) і Грузіі (верасень 2016). Ажыццяўлялася падрыхтоўка нацыянальных экспазіцый для Міжнароднай выставы «ЭКСПА – 2017» у Казахстане і Сусветнай выставы «ЭКСПА – 2020» у ААЭ.

Пры падтрымцы МЗС у 2016 годзе адбылося больш за 200 міжнародных мерапрыемстваў, накіраваных на развіццё супрацоўніцтва ў інвестыцыйнай сферы і прадстаўленне эканамічнага патэнцыялу Беларусі. Асаблівая ўвага нададзена еўрапейскім дзяржавам, а таксама тым краінам, у якіх адсутнічаюць беларускія замежныя ўстановы.

Аказана садзейнічанне ў арганізацыі ўдзелу прадстаўнікоў шэрага замежных арганізацый і транснацыянальных карпарацый у Міжнародным форуме «Пашыраючы гарызонты: інвестыцыі, фінансы, развіццё» (верасень 2016, г.Мінск); 21-м Беларускім энергетычным і экалагічным форуме, выставе і кангрэсе «Энергетыка. Экалогія. Энергазберажэнне. Электра» (кастрычнік 2016, г.Мінск).

У адпаведнасці з устаноўкамі Кіраўніка дзяржавы і ўрада актывізаваны перамоўны працэс па далучэнні Рэспублікі Беларусь да Сусветнай гандлёвай арганізацыі (СГА). Узмоцнены кадравы патэнцыял, сфарміравана перагаворная дэлегацыя, падрыхтаваны абноўленыя прапановы па доступе на рынкі тавараў і паслуг.

Намаганні Беларусі па актывізацыі перамоўнага працэсу знайшлі падтрымку ў большасці краін-членаў СГА. Па выніках разгляду прадстаўленых беларускім бокам дакументаў Сакратарыят СГА падрыхтаваў і распаўсюдзіў у снежні праект дакладу рабочай групы па далучэнні Рэспублікі Беларусь да Арганізацыі, які стане асновай для правядзення ў студзені 2017 года поўнамаштабнага раунда перамоваў. Распаўсюджванне праекта дакладу сведчыць аб высокай ступені гатоўнасці краіны-кандыдата да заключнай фазы перамоваў у шматбаковым фармаце.

Актывізацыя ўзаемадзеяння c Міжнародным валютным фондам (МВФ) па новай праграме МВФ для Беларусі з’яўляецца вынікам сістэмных знешнепалітычных намаганняў апошніх гадоў.

14. У рамках работы па развіцці дагаворна-прававой базы ў 2016 годзе падпісаны 108 міжнародных дагавораў і іншых міжнародна-прававых дакументаў, 80 двухбаковых, у тым ліку аб усталяванні дыпламатычных адносін з Рэспублікай Ліберыя, Федэрацыяй Сэнт-Кітс і Нэвіс, Княствам Манака, і 28 шматбаковых, уключаючы Парыжскае пагадненне, Канвенцыю аб правах інвалідаў, Канвенцыю аб Міжнароднай марской арганізацыі.

Ажыццяўлялася міжнародна-прававая экспертыза павялічанага масіва рашэнняў, якія прымаюцца Еўразійскай эканамічнай камісіяй у мэтах абароны нацыянальных інтарэсаў і суверэнітэту Беларусі.

Супрацоўніцтву Беларусі з Судом ЕАЭС павінна садзейнічаць Пагадненне паміж Рэспублікай Беларусь і Еўразійскім эканамічным саюзам аб умовах знаходжання Суда Еўразійскага эканамічнага саюза на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, падпісанае 29 красавіка 2016 г.

Правядзенне работы па пераводзе Эканамічнага Суда СНД у фармат ad hoc і скарачэнні колькасцi яго апарату дазволіць забяспечыць захаванне гэтага статутнага органа СНД у новых рэаліях і справядлівае размеркаванне расходаў па фінансаванні Суда ўсімі дзяржавамі-членамі СНД (у цяперашні час фінансуецца Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй).

Актывізавана работа па праекце рамачнага пагаднення з ААН, заключэнне якога можа значна спрасціць арганізацыю і правядзенне мерапрыемстваў ААН у Беларусі.

Атрыманне Міжнародным арбітражным судом пры Беларускай гандлёва-прамысловай палаце статусу назіральніка ў ЮНСІТРАЛ станоўча адаб’ецца на міжнародным іміджы Рэспублікі Беларусь.

Набыццё Беларуссю статусу назіральніка пры Афра-азіяцкай кансультатыўна-прававой арганізацыі дазволіць каардынаваць пазіцыі па пытаннях міжнароднага права, у тым ліку тых, якія разглядаюцца ў рамках ААН, са значным колам дзяржаў Азіі і Афрыкі.

Завяршэнне афармлення ўдзелу Рэспублікі Беларусь у Канвенцыі Савета Еўропы па барацьбе з фальсіфікацыяй медыцынскай прадукцыі і Дадатковым пратаколе да Канвенцыі супраць прымянення допінгу ад 16 лістапада 1989 г. дасць магчымасць выкарыстоўваць прагрэсіўныя міжнародныя прававыя інструменты Савета Еўропы для павышэння эфектыўнасці супрацоўніцтва ў сферы барацьбы з фальсіфікацыяй медыцынскай прадукцыі і барацьбы з допінгам.

15. Безумоўнымі прыярытэтамі ў рабоце знешнепалітычнага ведамства заставаліся абарона законных правоў і інтарэсаў юрыдычных і фізічных асоб Рэспублікі Беларусь за мяжой, аказанне консульскай дапамогі асобам, якія трапілі ў экстрэмальныя сітуацыі, спрашчэнне візавага рэжыму.

У 2016 годзе больш за 2 500 беларускіх грамадзян звярнуліся ў замежныя ўстановы за прававой дапамогай рознага роду. Такая дапамога была аказана асобам, затрыманым праваахоўнымі органамі замежных дзяржаў або адбываючым пакаранне ў пенітэнцыярных установах.

Аказвалася неабходнае садзейнічанне сваякам памерлых за мяжой беларускіх грамадзян у транспарціроўцы целаў на радзіму для пахавання, эвакуацыі беларускіх грамадзян з зон узброеных канфліктаў.

Была прадоўжана актыўная работа па развіцці двухбаковай дагаворна-прававой базы па візавай тэматыцы.

Падпісаны міжурадавыя пагадненні па візавых пытаннях з Аргенцінай, Бразіліяй, Гватэмалай, Макао, Чылі, Эстоніяй. Уступілі ў сілу пагадненні па візавых пытаннях з Кітаем, Нікарагуа, Бразіліяй, Макао, праводзілася рэалізацыя ўнутрыдзяржаўных працэдур па пагадненнях з Аргенцінай, Босніяй і Герцагавінай, Гватэмалай, Эль-Сальвадорам.

Вядзецца работа над праектамі міжнародных дагавораў, якія рэгулююць паездкі па дыпламатычных, службовых або афіцыйных пашпартах, з Алжырам, Бахрэйнам, Індыяй, Кувейтам, Саудаўскай Аравіяй, Суданам, Філіпінамі, Эфіопіяй, па агульнаграмадзянскіх пашпартах – з Гандурасам, Ганконгам, Карэяй, Македоніяй, Малайзіяй, Аманам, Перу, Сінгапурам, Уругваем, Філіпінамі.

Распрацаваны праект Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб усталяванні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян 80 дзяржаў праз пункт пропуску «Нацыянальны аэрапорт Мінск». Прыняты Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб усталяванні бязвізавага парадку ўезду ў Беларусь грамадзян ААЭ.

16. У 2016 годзе адзначыўся рост цікавасці да асвятлення беларускай тэматыкі ў замежных сродках масавай інфармацыі. На гэтым фоне інфармацыйнае забеспячэнне ўнутры- і знешнепалітычных мерапрыемстваў і ініцыятываў уваходзіла ў лік прыярытэтных задач МЗС.

У 2016 годзе для работы ў Рэспубліцы Беларусь пастаянную акрэдытацыю атрымалі больш за 250 замежных журналістаў, часовую – звыш 1100 прадстаўнікоў замежных мас-медыя.

Адпрацаваная тэхналогія аператыўнага распаўсюджвання інфармацыі дазволіла МЗС заставацца ў ліку лідэраў па наведвальнасці сярод сайтаў беларускіх дзяржаўных органаў.

Істотна вырасла актыўнасць МЗС у сацыяльных сетках. Колькасць падпісчыкаў на акаўнты ў Twitter павялічылася за бягучы год на трэць і склала больш за 15 тысяч. Запушчаны акаўнт МЗС у сетцы Facebook.

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Замежныя дыпмісіі ў Беларусі
Перайсці

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы