Памер шрыфта:

Агляд вынікаў знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь і дзейнасці Міністэрства замежных спраў у 2019 годзе

Вынікі 2019 года сведчаць аб захаванні ў ліку асноўных знешнепалітычных тэндэнцый росту стратэгічнай нестабільнасці, нарастання геапалітычнага і геаэканамiчнага суперніцтва і, як наступства, непрадказальнасці і напружанасці ў міжнародных адносінах. Праявамі гэтых працэсаў з'яўляюцца няспынныя гандлёвыя, санкцыйныя, інфармацыйныя «войны», узмацненне жорсткай канкурэнцыі за доступ на рынкі і рэсурсы, паглыбленне супярэчнасцей гуманітарнага, рэлігійнага і экалагічнага характару.

У спісе сучасных выклікаў сусветнай супольнасці па-ранейшаму дамінуюць пагрозы ў сферы бяспекі, якія ўключаюць распад раззбраенчых рэжымаў і сістэмы кантролю над узбраеннямі, нарошчванне ваенных патэнцыялаў і павелічэнне выдаткаў на абаронныя мэты, праявы міжнароднага тэрарызму і нарастаючыя рызыкі ў сусветнай кіберпрасторы.

Не слабее пагроза новага глабальнага геапалітычнага, эканамічнага, ваеннага, ідэалагічнага супрацьстаяння і небяспека «вялікага канфлікту» з удзелам вядучых дзяржаў.

Ва ўмовах росту дэфіцыту даверу і канфрантацыйнай рыторыкі ў дыялогу паміж асноўнымі цэнтрамі сілы, а таксама «прабуксоўкі» існуючых міжнародных механізмаў, у тым ліку ААН і АБСЕ, у пытаннях мінімізацыі і купіравання пагроз у сферы бяспекі Беларусь паслядоўна выступае за новы перамоўны працэс па ключавых пытаннях міжнароднай бяспекі («Хельсінкі-2») для стабілізацыі і павышэння прадказальнасці міжнародных адносін.

У якасці практычных крокаў, накіраваных на змястоўнае напаўненне такога дыялогу, стварэнне атмасферы даверу, фарміраванне на прыкладзе Беларусі «гісторыі поспеху рэгіянальнай бяспекі», Кіраўніком беларускай дзяржавы ў 2019 годзе вылучаны шэраг новых важных ініцыятываў: абвешчана аб працягу выканання палажэнняў спыніўшай сваё дзеянне Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці, прапанавана прыняць шматбаковую палітычную дэкларацыю адказных краін аб неразмяшчэнні ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўропе, унесена прапанова аб фарміраванні поясу «лічбавага добрасуседства» на аснове двухбаковых і шматбаковых пагадненняў аб гарантаванні міжнароднай інфармацыйнай бяспекі.

Беларусь зноў прыняла ў сябе шэраг знакавых мерапрыемстваў – міжнародную антытэрарыстычную канферэнцыю пад эгідай ААН на тэму «Барацьба з тэрарызмам пры дапамозе інавацыйных падыходаў і выкарыстання новых і ўзнікаючых тэхналогій» (3-4 верасня), а таксама другі буйны экспертны форум на платформе «Мінскага дыялогу» на тэму «Еўрапейская бяспека: адысці ад краю прорвы» (7-8 кастрычніка).

Названыя мерапрыемствы, удзел у якіх прыняў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, сталі важнымі форумамі для адкрытай дыскусіі аб сучаснасці і будучыні еўрапейскай і міжнароднай бяспекі, пацвердзілі статус горада Мінска як значнай рэгіянальнай пляцоўкі для інклюзіўнага дыялогу ўсіх зацікаўленых бакоў.

Мінскія дамоўленасці захавалі сваё значэнне ў якасці аднаго з ключавых механізмаў урэгулявання сітуацыі на ўсходзе Украіны. У 2019 годзе Беларусь забяспечыла правядзенне 23 сустрэч у рамках работы Трохбаковай кантактнай групы.

Нязменна прытрымліваючыся курсу на забеспячэнне суверэнітэту, правядзенне збалансаванай шматвектарнай знешняй палітыкі, развіццё інтэграцыйных працэсаў на еўразійскай прасторы і іх спалучэнне з іншымі аб'яднаннямі і праектамі ў рамках ініцыятывы «інтэграцыі інтэграцый», Беларусь паслядоўна працягвала развіццё супрацоўніцтва з усімі замежнымі партнёрамі незалежна ад іх палітычнай вагі і фінансава-эканамічнага патэнцыялу.

Разам з развіццём шматпланавых двухбаковых і інтэграцыйных сувязяў са стратэгічным партнёрам – Расійскай Федэрацыяй – Беларусь замацавала пазітыўную дынаміку адносін з Еўрапейскім саюзам і яго краінамі-сябрамі, працягнула працэс нармалізацыі адносін са Злучанымі Штатамі Амерыкі. 

У прыярытэтным плане працягваліся намаганні па далейшым развіцці ЕАЭС і яго фарміраванню ў якасці паўнавартаснага эканамічнага саюза без выключэнняў і абмежаванняў, актыўны дыялог у двухбаковым і шматбаковым фарматах у рамках СНД.

Пры нязменнасці прыярытэту «знешнеэканамічнай дыпламатыі» намаганні Беларусі на гэтым напрамку былі сфакусаваны на гарантаванні эканамічнай бяспекі, прасоўванні да мэты роўнага размеркавання экспартных паставак паміж трыма рынкамі – ЕАЭС, ЕС і рэгіёнамі «далёкай дугі».

У гэтай сувязі найважнейшай задачай заставалася нарошчванне двухбаковага трэку ўзаемадзеяння з дзяржавамі Азіі, Блізкага Ўсходу, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі, адкрыццё новых і замацаванне на наяўных рынках збыту.

Атрымала далейшае развіццё высокая дынаміка міжнародных кантактаў на найвышэйшым і высокім узроўнях. Адбыліся 15 візітаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, 13 візітаў Прэм'ер-міністра, 8 візітаў Міністра замежных спраў за мяжу. Арганізавана 9 візітаў кіраўнікоў замежных дзяржаў і ўрадаў, 8 візітаў кіраўнікоў замежных знешнепалітычных ведамстваў у Беларусь. Шэраг замежных дэлегацый на найвышэйшым і высокім узроўнях наведалі г.Мінск для ўдзелу ў цырымоніях адкрыцця і закрыцця II Еўрапейскіх гульняў.

Выкарыстоўваючы патэнцыял спартыўных спаборніцтваў для ўмацавання атмасферы даверу і ўзаемаразумення, Беларусь пацвердзіла свой імідж эфектыўнага арганізатара маштабных мерапрыемстваў у ходзе падрыхтоўкі і правядзення II Еўрапейскіх гульняў (21-30 чэрвеня) і Міжнароднай матчавай сустрэчы па лёгкай атлетыцы паміж камандамі Еўропы і ЗША (9-10 верасня).

Комплексная работа праведзена МЗС і замежнымі ўстановамі для адлюстравання на знешнепалітычнай арэне знакавага для Беларусі святкавання 75-годдзя вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Пры садзейнічанні МЗС забяспечана правядзенне выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання за мяжой, 46 участкаў для галасавання былі арганізаваны ў 38 краінах, што дазволіла прыняць удзел у выбарчай кампаніі 3275 беларускім грамадзянам.

2019 год прайшоў для МЗС пад знакам юбілейнай даты – 100-годдзя беларускай дыпламатычнай службы, у рамках якога быў арганізаваны шэраг мерапрыемстваў з удзелам вышэйшых службовых асобаў Рэспублікі Беларусь, супрацоўнікаў і ветэранаў сістэмы МЗС, прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання, дыпламатычнага корпусу, сродкаў масавай інфармацыі.

Пашырылася сетка замежных устаноў, якая прадстаўляе інтарэсы Рэспублікі Беларусь у 58 дзяржавах (з улікам акрэдытацыі паслоў па сумяшчальніцтве – у 114).

У Беларусі ажыццяўляюць сваю дзейнасць 50 пасольстваў, 3 аддзяленні пасольстваў, 2 гандлёвыя прадстаўніцтвы, 39 консульскіх устаноў замежных дзяржаў, 18 прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый. Па сумяшчальніцтве з гг. Масквы, Вільнюса, Варшавы і Кіева акрэдытавана 83 замежных дыппрадстаўніцтва.

1. Традыцыйна высокая дынаміка беларуска-расійскіх адносін падмацоўвалася інтэнсіўнымі кантактамі на найвышэйшым і высокім узроўнях.

У 2019 годзе адбылося 9 сустрэч кіраўнікоў дзяржаў у розных фарматах, 7 сустрэч на ўзроўні кіраўнікоў урадаў.

У студзені-лістападзе 2019 года на долю Расіі прыпадала амаль палова ўсяго аб'ёму знешняга гандлю (49 працэнтаў вартаснага аб'ёму знешняга гандлю таварамі, 41,1 працэнтаў – экспарту, 55,7 працэнтаў – імпарту).

На працягу 2019 года вялася інтэнсіўная дзейнасць па выпрацоўцы прапаноў дзеля паглыблення беларуска-расійскай інтэграцыі. У мэтах дасягнення адной з асноватворных мэтаў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы – забеспячэння роўных умоў для суб'ектаў гаспадарання дзвюх краін – бакамі парафіраваны праект абноўленай Праграмы дзеянняў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі па рэалізацыі палажэнняў Дагавора, а таксама распрацаваны праекты «дарожных карт» да яе. Па шэрагу неўрэгуляваных важных пытанняў, якія перашкаджаюць дасягненню гэтай мэты, працягнуты перамоўны працэс.

Пацвердзіла сваю дзейснасць у якасці механізму ўмацавання, перш за ўсё, гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, сістэма міжрэгіянальных сувязяў дзвюх краін. Рэспубліку Беларусь наведалі кіраўнікі 7 суб'ектаў Расійскай Федэрацыі. У ходзе VI Форуму рэгіёнаў (16-18 ліпеня), які прайшоў у г.Санкт-Пецярбургу з удзелам кіраўнікоў дзяржаў, падпісаны 84 дакументы аб супрацоўніцтве, заключаны камерцыйныя кантракты на суму каля 0,55 млрд. долараў ЗША.

На сістэмнай аснове забяспечвалася традыцыйна шчыльная каардынацыя дзеянняў дзяржаў на міжнароднай арэне.

Праведзена больш за 20 кансультацый па розных аспектах узаемадзеяння паміж МЗС. Яго асноўныя напрамкі на перспектыву замацаваны ў чарговай Праграме ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі дзяржаў-удзельніц Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2020-2021 гады, падпісанай у ходзе праведзенага 18 лістапада ў г.Маскве сумеснага пасяджэння калегій міністэрстваў замежных спраў Беларусі і Расіі.

2. У 2019 годзе споўнілася 5 гадоў з дня падпісання Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе і 25 гадоў ідэі еўразійскай інтэграцыі. Беларусь сумесна з партнёрамі працягнула прадпрымаць крокі, накіраваныя на ўмацаванне патэнцыялу Саюза і павышэнне яго ўстойлівасці да нарастаючых знешніх выклікаў.

Пачата рэалізацыя канцэпцый фарміравання агульных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў. Падпісаны дагавор аб фарміраванні агульнага рынку электраэнергіі.

Атрымала сваё развіццё лічбавая павестка ЕАЭС, у рамках якой запушчаны праект «Еўразійская сетка прамысловай кааперацыі, субкантрактацыі і трансферу тэхналогій». Еўразійская сетка, якая ствараецца ў рамках праекта, заклікана забяспечыць кааперацыйнае ўзаемадзеянне вытворцаў дзяржаў-членаў, уцягванне малых і сярэдніх прадпрыемстваў у вытворчыя сувязі буйных прадпрыемстваў, прасоўванне прамысловай прадукцыі на рынкі трэціх краін з выкарыстаннем міжнародных лічбавых экасістэм.

Падпісана Пагадненне аб механізме нагляду за таварамі, увезенымі на мытную тэрыторыю ЕАЭС. Гэта – сур'ёзны крок наперад у вырашэнні задачы па пацвярджэнні законнасці абароту тавараў пры іх перамяшчэнні з тэрыторыі адной дзяржавы-члена ЕАЭС на тэрыторыю іншага.

Зацверджана Канцэпцыя фарміравання агульнага фінансавага рынку ЕАЭС, якая вызначае асноўныя мэты, задачы і ключавыя напрамкі складання агульнага фінансавага рынку з указаннем этапаў і мерапрыемстваў па іх рэалізацыі, прававую аснову яго функцыянавання, парадак інфармацыйнага ўзаемадзеяння і адміністрацыйнага супрацоўніцтва рэгулятараў фінансавага рынку Саюза.

Падпісана Пагадненне аб пенсійным забеспячэнні працоўных дзяржаў-членаў Еўразійскага эканамічнага саюзу, накіраванае на забеспячэнне грамадзянам дзяржаў-членаў ЕАЭС магчымасці фарміраваць пенсійныя правы за перыяды працы ў дзяржавах-членах ЕАЭС і рэалізоўваць іх у наступным, пражываючы на тэрыторыі любой дзяржавы-ўдзельніцы ЕАЭС.

Працягнута сістэмная работа па заключэнні гандлёвых пагадненняў з трэцімі краінамі. Падпісаны гандлёвыя пагадненні з Сінгапурам і Сербіяй, уступілі ў сілу Часовае пагадненне, якое вядзе да стварэння зоны свабоднага гандлю з Іранам, і Пагадненне аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве з Кітаем.

Права старшынства ў органах ЕАЭС у 2020 годзе перададзена Рэспубліцы  Беларусь.

На парадку дня Садружнасці Незалежных Дзяржаў у цэнтры ўвагі традыцыйна знаходзіліся пытанні эканамічнага і гуманітарнага ўзаемадзеяння.

Кіраўнікамі дзяржаў падпісана Дэкларацыя аб стратэгічным эканамічным супрацоўніцтве дзяржаў-удзельніц Садружнасці, у рамках Савета кіраўнікоў урадаў – Канцэпцыя супрацоўніцтва ў галіне лічбавага развіцця грамадства і План першачарговых мерапрыемстваў па яе рэалізацыі.

Працягнуты работа над праектам Пагаднення аб свабодным гандлі паслугамі, падрыхтоўка актуалізаванай Канцэпцыі далейшага развіцця СНД і Стратэгіі эканамічнага развіцця СНД на перыяд з 2021 па 2030 гады.

Ініцыявана падрыхтоўка праекта Міждзяржаўнай праграмы інавацыйнага супрацоўніцтва дзяржаў-удзельніц СНД на перыяд да 2030 года. 

Працягнута рэалізацыя Міждзяржаўнай праграмы «Культурныя сталіцы Садружнасці» (у 2019 годзе гэтым статусам быў надзелены г. Брэст), падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне музейнай справы.

Атрымала сваё далейшае развіццё практыка прыняцця і распаўсюджвання ў ключавых міжнародных арганізацыях (ААН, АБСЕ) сумесных заяваў дзяржаў-удзельніц СНД па актуальных пытаннях глабальнага і рэгіянальнага парадкаў дня: прыняты Зварот кіраўнікоў дзяржаў да народаў краін Садружнасці і сусветнай грамадскасці ў сувязі з 75-годдзем Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў. Шэраг аналагічных дакументаў падпісаны на ўзроўні кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў, у прыватнасці, Сумесная заява аб падтрымцы практычных крокаў па прадухіленні гонкі ўзбраенняў у касмічнай прасторы.

Прыняты шэраг прынцыповых рашэнняў у пытаннях бяспекі: падпісана Канвенцыя аб перадачы выканання пакаранняў, не звязаных з пазбаўленнем волі, зацверджана Праграма супрацоўніцтва ў барацьбе з тэрарызмам і іншымі гвалтоўнымі праявамі экстрэмізму на 2020-2022 гады, падпісана Стратэгія забеспячэння інфармацыйнай бяспекі.

Працягнута практыка правядзення шматбаковых шматузроўневых кансультацый паміж МЗС у межах Садружнасці. Прынята Праграма дзеянняў па актывізацыі партнёрства паміж знешнепалітычнымі ведамствамі дзяржаў-удзельніц СНД.

Атрымала развіццё супрацоўніцтва паміж структурнымі падраздзяленнямі Выканаўчага камітэта СНД і Еўразійскай эканамічнай камісіі ў рамках рэалізацыі Мемарандума аб паглыбленні ўзаемадзеяння ад 27 лістапада 2018 г.

3. Працягнута інтэнсіўнае развіццё двухбаковых адносінаў з дзяржавамі СНД і Грузіяй.

У мэтах практычнага напаўнення беларуска-азербайджанскага партнёрства і рэалізацыі дамоўленасцяў на найвышэйшым узроўні развіваліся міжурадавы і міжведамасны дыялог, рэалізацыя праектаў кааперацыі ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы. Старшыня Мілі Меджліса Азербайджанскай Рэспублікі прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў.

Падтрымліваліся актыўныя кантакты з Арменіяй, ключавымі падзеямі якіх сталі рабочы візіт у Беларусь Прэзідэнта Рэспублікі Арменія А.Саркісяна (30 чэрвеня – 2 ліпеня), падчас якога ён наведаў цырымонію закрыцця II Еўрапейскіх гульняў, і сустрэча Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнкі з Прэм'ер-міністрам Арменіі Н.Пашынянам у г.Ерэване (1 кастрычніка).

Стратэгічны характар супрацоўніцтва ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай і іншых сферах з Казахстанам пацверджаны падчас афіцыйнага візіту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнкі ў Рэспубліку Казахстан (25 кастрычніка), у рамках якога адбылося ўрачыстае адкрыццё новага комплексу будынкаў Пасольства Рэспублікі Беларусь у г.Нур-Султане.

Развіццю беларуска-кыргызскіх адносін спрыялі актыўныя кантакты па лініі ўсіх галін улады ў рамках ЕАЭС, СНД, АДКБ і ШАС. Стан і перспектывы далейшага супрацоўніцтва абмеркаваны кіраўнікамі дзвюх дзяржаў у рамках саміту АДКБ у г.Бішкеку (28 лістапада).

Атрымаў далейшае развіццё беларуска-малдаўскі дыялог на найвышэйшым і высокім узроўнях. Адбыліся рабочыя візіты (10 красавіка і 20 чэрвеня) Прэзідэнта Рэспублікі Малдова І.Дадона ў Рэспубліку Беларусь, праведзена двухбаковая сустрэча на ўзроўні кіраўнікоў урадаў у рамках інвестыцыйнага саміту ЕБРР для краін «Усходняга партнёрства» ў г.Лондане (22 лістапада).

Умацаванню пазітыўнай дынамікі беларуска-таджыкскіх адносін спрыяла правядзенне афіцыйнага візіту Прэзідэнта Таджыкістана Э.Рахмона ў Беларусь (28-30 чэрвеня) і яго ўдзел у цырымоніі закрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў.

На шматбаковых і інтэграцыйных пляцоўках ажыццяўляўся канструктыўны дыялог з Туркменістанам. На палях пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД у г.Ашхабадзе адбылася двухбаковая сустрэча (11 кастрычніка) прэзідэнтаў Беларусі і Туркменістана. Праведзены беларуска-туркменскі бізнес-форум, актыўна развівалася супрацоўніцтва па лініі знешнепалітычных ведамстваў дзвюх краін.

Паглыбленню беларуска-узбекскага супрацоўніцтва спрыяла правядзенне афіцыйнага візіту ў нашу краіну Прэзідэнта Узбекістана Ш.Мирзіяева (31 ліпеня – 1 жніўня), у рамках якога праведзены Форум рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана.

Працягнута актыўнае ўзаемадзеянне з Украінай у палітычнай, гандлёва-эканамічнай і іншых сферах. Далейшае развіццё атрымалі міжрэгіянальныя сувязі. Праведзена першае пасяджэнне беларуска-ўкраінскай Рабочай групы па пытаннях міжрэгіянальнага і трансгранічнага супрацоўніцтва. 3-4 кастрычніка ў г.Жытоміры адбыўся другі Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны, у рабоце якога прынялі ўдзел прэзідэнты дзвюх краін. Сур'ёзна актывізаваўся міжгаліновы дыялог. Праведзены пасяджэнні 14 беларуска-ўкраінскіх працоўных груп па розных напрамках двухбаковага ўзаемадзеяння.

Працягваўся дынамічны дыялог на найвышэйшым і высокім узроўнях з Грузіяй. Адбыліся рабочы візіт Прэзідэнта Грузіі С.Зурабішвілі ў Рэспубліку Беларусь (20-21 чэрвеня), афіцыйны візіт Прэм'ер-міністра Грузіі М.Бахтадзэ (23 жніўня). Значнай падзеяй у гуманітарнай сферы стала правядзенне ў г.Мінску фестывалю «Тбілісоба».

На працягу года было праведзена 6 пасяджэнняў міжурадавых камісій па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве з краінамі рэгіёну.

4. У адносінах з Еўрапейскім саюзам замацавана пазітыўная дынаміка супрацоўніцтва, якое становіцца ўсё больш насычаным і прадказальным.

У ходзе візіту ў Беларусь Еўракамісара па бюджэце і кадравых рэсурсах Г.Эцінгера (18 лютага) дасягнуты дамоўленасці аб сумесным планаванні тэхнічнага садзейнічання ЕС для Беларусі на 2021-2027 гады. Арганізаваны візіты ў г.Мінск члена Еўрапарламента ад Літвы Р.Паксаса (2 мая), віцэ-прэзідэнта Еўрапейскага інвестыцыйнага банка (ЕІБ) В.Худака (24 ліпеня), дэлегацыі Рабочай групы Савета ЕС па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі (КОЭСТ) (8-9 ліпеня), намесніка гендырэктара Еўракамісіі па пытаннях суседства М.Папоўскага (30 – 31 кастрычніка).

Міністр замежных спраў У.Макей прыняў удзел у штогадовай нарадзе міністраў замежных спраў і канферэнцыі высокага ўзроўню «Усходняга партнёрства» ў г.Бруселі (13-14 мая) і сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін «Усходняга партнёрства» ў г.Стакгольме (5 лістапада).

Працягнула функцыянаваць Каардынацыйная група Беларусь – ЕС (адбыліся паседжанні 24-25 красавіка ў г.Мінску і 17-18 снежня ў г.Брусэлі). Праводзіліся галіновыя дыялогі ў сферах эканомікі і фінансаў, гандлю і мытні.

МЗС аказваў садзеянне беларускім прадстаўнікам галіновых органаў дзяржкіравання ў рабоце па лініі шматлікіх фарматаў супрацоўніцтва «Усходняга партнёрства». У парадку каардынацыі ўдзелу беларускіх бенефіцыяраў у праграмах трансгранічнага супрацоўніцтва ЕС «Польшча-Беларусь-Украіна» і «Латвія-Літва-Беларусь» і спрашчэння парадку асваення адпаведных сродкаў, распрацаваны спецыяльныя Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Пастанова Савета Міністраў і забяспечана іх прыняццё.

У рамках інтэнсіўнага пашырэння інвестыцыйнага супрацоўніцтва з ЕС падпісаны пагадненні з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам, накіраваныя на рэканструкцыю ўчастка аўтадарогі М7 «Мінск – Вільнюс» і пункта пропуску «Каменны Лог» на суму 110 млн. еўра і мадэрнізацыю сістэм ачысткі вады на суму 66 млн.еўра.

Завершаны перамовы з ЕС па пагадненнях аб спрашчэнні выдачы віз і рэадмісіі.

5. Дадатковую дынаміку атрымалі двухбаковыя адносіны з краінамі Еўропы.

Дасягнуў беспрэцэдэнтнага ўзроўню палітычны дыялог з Аўстрыяй. Адбыліся першы ў гісторыі двухбаковых адносін афіцыйны візіт у гэтую краіну Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнкі (11-12 лістапада), візіты ў Беларусь Федэральнага канцлера Аўстрыі С.Курца (28-29 сакавіка), Федэральнага міністра па пытаннях Еўропы, інтэграцыі і замежных спраў К.Кнайсль (15-16 студзеня). Працягнулася актыўнае ўзаемадзеянне ў гандлёва-эканамічнай і інвестыцыйнай сферах, развіццё міжрэгіянальных сувязяў.

Праводзілася паслядоўная работа па павышэнні эфектыўнасці палітычных кантактаў з Балгарыяй. На палях снежаньскага СМЗС АБСЕ адбылася сустрэча міністраў замежных спраў, адноўлена практыка правядзення палітычных кансультацый на ўзроўні намеснікаў міністраў замежных спраў. Працягнута абмеркаванне магчымасцяў рэалізацыі сумесных праектаў у гандлёва-эканамічнай сферы.

Важным імпульсам для развіцця адносін Беларусі і Венгрыі стаў афіцыйны візіт у Беларусь міністра замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі П.Сійярта (14 студзеня), які быў прыняты Прэзідэнтам і Прэм'ер-міністрам Рэспублікі Беларусь. У ліку падпісаных двухбаковых дакументаў – міжурадавае пагадненне аб садзейнічанні ажыццяўленню і ўзаемнай абароне інвестыцый.

Вызначаліся актыўнасцю кантакты з Германіяй як у палітычнай, так і ў эканамічнай галінах. Адбыліся візіты Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь У.Макея ў Германію (20-22 кастрычніка), Дзяржаўнага сакратара Федэральнага міністэрства эканомікі і энергетыкі ФРГ У.Нуссбаума (25-27 верасня), парламенцкага сакратара Федэральнага міністэрства ўнутраных спраў, будаўніцтва і рэгіянальнага развіцця ФРГ Ш.Майера (28 чэрвеня – 1 ліпеня), старшыні Германскай-Беларускай парламенцкай групы М.Хаўптмана (20-23 чэрвеня) і іншых членаў групы ў Беларусь. Праведзены чарговае пасяджэнне Беларуска-Германскага няўрадавага савета дзелавога супрацоўніцтва (1 ліпеня), 3-ці Беларуска-Германскі эканамічны форум у г.Міттвайдзе (5 лістапада), Беларускі эканамічны форум у Баварыі (13 лістапада).

Афіцыйны візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнкі ў г.Анкару (16 красавіка) стаў галоўнай падзеяй года ў беларуска-турэцкіх адносінах. Перамовы на найвышэйшым узроўні суправаджаліся правядзеннем чарговага пасяджэння сумеснай міжурадавай эканамічнай камісіі і двухбаковага дзелавога форуму, на якім былі падпісаны кантракты на пастаўку беларускай прадукцыі ў Турцыю на суму больш за 300 млн. долараў ЗША. У развіцці палітычнага дыялогу на высокім узроўні адбыўся афіцыйны візіт Міністра замежных спраў Турэцкай Рэспублікі М.Чавушаглу ў РэспублікуБеларусь (27-28 жніўня).

Пазітыўнай дынамікай характарызаваліся адносіны з Іспаніяй. Акцэнт рабіўся на развіцці міжрэгіянальных сувязяў, пошуку новых магчымасцяў для гандлёва-эканамічнанга і інвестыцыйнага ўзаемадзеяння. Праведзены першыя кансультацыі паміж МЗС па консульскіх пытаннях.

Беларуска-італьянскія адносіны вызначаліся пазітыўнай дынамікай. Ажыццёўлены візіт у г.Рым Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь С.Румаса (6-8 лютага), падчас якога таксама праведзена 2-е пасяджэнне Міжурадавай Беларуска-Італьянскай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве з прымеркаваным да яго двухбаковым бізнес-форумам; у г.Мінску адкрыты офіс Італьянскага гандлёвага агенства ІЧЕ.

Далейшае развіццё атрымала ўзаемадзеянне з Латвіяй. Дыялог на ўзроўні кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў ажыццяўляўся ў ходзе рабочага візіту Міністра замежных спраў Латвіі Э.Рынкевічса ў Беларусь (19-20 ліпеня), штогадовай сесіі Генасамблеі ААН у г.Нью-Ёрку (25 верасня) і СМЗС АБСЕ ў г.Браціславе (4-5 снежня). Працягнутыя міжпарламенцкія кантакты, узаемадзеянне па лініі сілавых ведамстваў, органаў дзяржаўнага кантролю, мытных, пагранічных і ратавальных службаў. У г.Мінску адбыліся 14-е пасяджэнне беларуска-латвійскай Міжурадавай камісіі па эканамічным і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве, сустрэча Рады дзелавога супрацоўніцтва. «Сквазной» тэмай двухбаковага ўзаемадзеяння стала падрыхтоўка да Чэмпіянату свету па хакеі, які адбудзецца ў 2021 годзе ў гг. Мінску і Рызе.

Захавала пазітыўную дынаміку гандлёвае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва з Літвой. Тым не менш, рыторыка літоўскага боку ў дачыненні да будаўніцтва Беларускай АЭС заставалася дамінуючым фактарам, які стрымлівае развіццё двухбаковых палітычных і міжведамасных кантактаў.

У якасці аднаго з элементаў фарміравання перадумоў для аднаўлення палітычнага дыялогу неабходна разглядаць першы за некалькі гадоў візіт у Літву высокага ўзроўню – наведванне г.Вільнюса і кантакты з кіраўніцтвам краіны намесніка Прэм'ер-міністра Беларусі І.Петрышэнкі, які прыняў удзел у цырымоніі перапахавання парэшткаў К.Каліноўскага (22 лістапада).

Працягнуты пазітыўны трэк развіцця двухбаковага дыялогу з Нідэрландамі. Адбыўся першы візіт у Беларусь нідэрландскай парламенцкай дэлегацыі (24-25 сакавіка), праведзены чарговы раўнд палітычных кансультацый паміж МЗС (28 мая), на палях СМЗС АБСЕ ў г.Браціславе (4-5 снежня) прайшла чарговая сустрэча міністраў замежных спраў.

Станоўчай была дынаміка адносін з Польшчай. Упершыню ў гісторыі двухбаковых адносін 11-14 лютага адбыўся афіцыйны візіт у Польшчу Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу М.Мясніковіча; прайшлі перагаворы і сустрэчы з Прэзідэнтам, Прэм'ер-міністрам, маршалкамі Сейма і Сената Польшчы, шэрагам міністраў, беларускай меншасцю. Увайшоў у сістэмнае рэчышча дыялог паміж МЗС: адбыліся сустрэчы міністраў замежных спраў на палях Генасамблеі ААН у г.Нью-Ёрку (24 верасня) і СМЗС АБСЕ ў г.Браціславе (5 снежня). Працягнутая актыўная работа па лініі сілавых і абаронных ведамстваў. У гг.Варшаве і Брэсце прайшлі перамовы Дзяржсакратара Савета Бяспекі Беларусі С.Зася з Кіраўніком Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы П.Солахам (31 жніўня). Працягнуты інтэнсіўны міжпарламенцкі дыялог і ўзаемадзеянне па лініі профільных ведамстваў, адказных за транспарт, ахову здароўя, сацзабеспячэнне, ахову межаў, адукацыю, культуру.

Рэалізаваны канкрэтныя дамоўленасці і мерапрыемствы па развіцці шматпланавага супрацоўніцтва з Румыніяй, перш за ўсё, у гандлёва-эканамічнай сферы. Атрымаў развіццё міжведамасны дыялог у сферах сельскай і лясной гаспадаркі, па лініі антыманапольных ведамстваў, у сферах транспарту і сувязі.

Галоўнай падзеяй беларуска-сербскіх адносін стаў афіцыйны візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнкі ў Сербію (2-3 снежня). У рамках прымеркаванага да візіту Беларуска-Сербскага бізнес-форуму падпісаны кантракты на суму 115 млн. долараў ЗША. Афіцыйнаму візіту Кіраўніка беларускай дзяржавы папярэднічалі двухбаковая сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Сербіі на палях форуму «Адзін пояс, адзін шлях» у Пекіне (26 красавіка) і наведванне Прэзідэнтам Сербіі А.Вучычам II Еўрапейскіх гульняў у г.Мінску (22 чэрвеня). Пытанні ўмацавання і пашырэння гандлёва-эканамічных сувязяў абмяркоўваліся таксама ў рамках праведзеных у г.Маскве перамоў кіраўнікоў урадаў Беларусі і Сербіі (25 кастрычніка). Кантакты на ўзроўні кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў дзвюх краін адбыліся на палях Генасамблеі ААН у г.Нью-Ёрку (27 верасня) і г.Белградзе (2 снежня).

Праведзены ўпершыню ў гісторыі беларуска-славацкіх адносін афіцыйны візіт у Рэспубліку Беларусь (3-4 чэрвеня) Старшыні Нацыянальнага сходу Славацкай Рэспублікі А.Данко надаў імпульс развіццю міжпарламенцкага ўзаемадзеяння.

Старшынства Славакіі ў АБСЕ і Вышаградскай групе спрыяла актывізацыі дыялогу паміж МЗС: адбыліся сустрэча міністраў замежных спраў дзвюх краін у ходзе Генасамблеі ААН у г.Нью-Ёрку (26 верасня), абмен візітамі на ўзроўні намеснікаў кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў. У г.Мінску праведзена 14-е пасяджэнне Беларуска-Славацкай сумеснай камісіі па гандлёва-эканамічным і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве (23-24 кастрычніка). Актывізавана міжрэгіянальнае ўзаемадзеянне. 

У адносінах з Фінляндыяй і Швецыяй ключавой падзеяй стаў сумесны візіт у Беларусь міністраў замежных спраў П.Хаавіста і А.Ліндэ, якія былі прынятыя Кіраўніком беларускай дзяржавы (25 лістапада).

На працягу года праведзена сустрэча міністраў замежных спраў Беларусі і Фінляндыі ў рамках Генасамблеі ААН у г.Нью-Ёрку (27 верасня), адбылося адкрыццё новага офіса Пасольства Фінляндыі ў г.Мінску (18 красавіка), праведзены кансультацыі паміж МЗС (14 чэрвеня).
 
Адбыўся візіт Міністра замежных спраў Беларусі ў Швецыю (5 лістапада), гэтую краіну таксама наведалі беларускія дэлегацыі на чале з міністрамі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і транспарту і камунікацый (9-10 снежня). У рамках міжпарламенцкага ўзаемадзеяння дэлегацыя шведскай камісіі па пытаннях абароны, у склад якой уваходзіў шэраг дэпутатаў Рыксдага, наведала Беларусь (20 сакавіка), беларускія парламентарыі ажыццявілі візіты ў Швецыю для ўдзелу ў шматбаковых мерапрыемствах (5-6 лістапада).

Актыўна развівалася беларуска-французскае супрацоўніцтва. Праведзены шэраг мерапрыемстваў, многія з якіх былі арганізаваны ўпершыню ў гісторыі двухбаковых адносін: візіт у Беларусь дэлегацыі Сената Францыі (15-19 красавіка), беларуска-французска-нямецкія палітычныя кансультацыі (29 мая), візіт у Беларусь дэлегацыі Міністэрства абароны Францыі (25 сакавіка ). Пачала сваю дзейнасць Беларуска-французская асацыяцыя развіцця эканамічнага супрацоўніцтва «БелФрангандальінвест».

Забяспечана дынамічнае развіццё беларуска-чэшскага ўзаемадзеяння. Адбыліся кансультацыі паміж МЗС (31 студзеня), 11-е пасяджэнне Беларуска-Чэшскай змяшанай камісіі па эканамічным, прамысловым і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве і чатырох рабочых груп у галінах прамысловасці, энергетыкі, навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва і сельскай гаспадаркі (18 красавіка). Праведзены шэраг буйнамаштабных мерапрыемстваў эканамічнай накіраванасці ў Чэхіі і Беларусі. Працягнулася ўзаемадзеянне на рэгіянальным узроўні і міжведамасным супрацоўніцтве.

Выйшлі на новы ўзровень двухбаковыя адносіны са Швейцарыяй. Павышаны статус дыпламатычнага прадстаўніцтва Швейцарыі ў Беларусі да Пасольства. Адбыліся візіты ў Швейцарыю на ўзроўні Першага намесніка Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь (4-6 чэрвеня і 9-10 ліпеня), Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь (20-21 лютага), абмен візітамі кіраўнікоў парламенцкіх груп дружбы, кіраўнікоў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь і Швейцарскага агенцтва па развіцці і супрацоўніцтве Федэральнага дэпартамента замежных спраў. У г.Жэневе прайшоў двухбаковы бізнес-форум з удзелам Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь (8 красавіка), у г.Мінску праведзена чарговае пасяджэнне Беларуска-Швейцарскага дзелавога савета (26 лістапада). У г.Берне адбыліся кансультацыі паміж МЗС (12 снежня). Прызначаны ганаровы консул Рэспублікі Беларусь у г.Пратальне (Швейцарыя).

Ганаровае консульства Беларусі таксама адкрыта і ў г.Шане (Ліхтэнштэйн).

Праведзеная ў рамках СМЗС АБСЕ ў г.Браціславе сустрэча міністраў замежных спраў Беларусі і Эстоніі (5 снежня) акрэсліла перспектывы двухбаковых кантактаў на высокім узроўні ў 2020 годзе.

Актыўна развіваліся двухбаковыя адносіны з краінамі, дзе беларускія амбасады акрэдытаваны па сумяшчальніцтве: 

Босніяй і Герцагавінай (20 чэрвеня адбыўся першы ў гісторыі візіт Старшыні Прэзідыюма БіГ М.Додзіка ў Рэспубліку Беларусь, 19 верасня г.Мінск наведала дэлегацыя кіраўніцтва Рэспублікі Сербскай БіГ на ўзроўні віцэ-прэм'ера і міністра фізічнага планавання, будаўніцтва і экалогіі, а таксама міністра сельскай, лясной і воднай гаспадаркі);

Даніяй (ажыццёўлена паралельная акрэдытацыя новых паслоў дзвюх краін);

Кіпрам (у рамках мерапрыемстваў Генасамблеі ААН 25 верасня праведзена сустрэча міністраў замежных спраў дзвюх краін і падпісаны двухбаковы Мемарандум аб узаемаразуменні і палітычных кансультацыях, 4 лістапада ўпершыню праведзены кансультацыі па консульскіх пытаннях, падтрымлівалася пазітыўная дынаміка міжпарламенцкага супрацоўніцтва);

Мальтай (2-3 снежня рэалізаваны візіт беларускай дэлегацыі на чале з намеснікам Міністра эканомікі);

Нарвегіяй (на палях шматбаковых мерапрыемстваў праведзены дзве сустрэчы міністраў замежных спраў дзвюх краін, актывізаваны міжпарламенцкі дыялог, 2-3 красавіка пасля працяглага перапынку адбылося пасяджэнне Змешанай беларуска-нарвежскай камісіі па міжнародных аўтамабільных зносінах);

Харватыяй (8 кастрычніка ў экспертнай канферэнцыі на платформе «Мінскага дыялогу» прыняў удзел экс-прэзідэнт Харватыі С.Месіч, адбылася яго сустрэча з кіраўніком беларускай дзяржавы; 25 верасня ў рамках удзелу ў 74-й сесіі Генасамблеі ААН у г.Нью-Ёрку адбылася сустрэча міністраў замежных спраў дзвюх краін, 5 сакавіка праведзены беларуска-харвацкія кансультацыі паміж МЗС).

6. У адносінах са Злучанымі Штатамі паступальна аднаўлялася атмасфера ўзаемнага даверу. Назіраўся рост узаемнага гандлю таварамі і паслугамі, развіваўся дыялог па пытаннях правоў чалавека, барацьбы з гандлем людзьмі і арганізаванай злачыннасцю. Рэалізаваны візіт у Беларусь (29 жніўня) саветніка Прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Дж.Болтана, па запрашэнні амерыканскага боку ў г.Варшаве (31 жніўня) прайшлі кансультацыі сакратароў саветаў бяспекі Беларусі, Польшчы, ЗША і Украіны. 17 верасня адбыўся візіт у Беларусь намесніка Дзяржсакратара ЗША па палітычных пытаннях Д.Хэйла, па выніках якога бакамі заяўлена аб намеры аднавіць двухбаковыя дыпламатычныя адносіны на ўзроўні паслоў.

Працягнута развіццё дыялогу з Канадай. Праведзены чарговы раўнд кансультацый паміж МЗС (12 красавіка). У рамках развіцця міжрэгіянальнага супрацоўніцтва арганізаваны візіты беларускіх бізнес-дэлегацый, праведзены эканамічныя мерапрыемствы па Беларусі ў шэрагу канадскіх правінцый.

7. 2019 год адзначаны прасоўваннем супрацоўніцтва па ўсім спектры адносін з дзяржавамі Азіі.

Традыцыйна высокая дынаміка развіцця ўзаемадзеяння і стратэгічнага партнёрства з Кітаем падмацавана сустрэчамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнкі са Старшынём КНР Сі Цзіньпінам «на палях» Другога форуму міжнароднага супрацоўніцтва «Пояс і Шлях» у г.Пекіне (26 красавіка), а таксама падчас правядзення пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) у г.Бішкеку (14 чэрвеня).

Рэгіянальным працягам Пекінскага форуму стаў Міжнародны форум у рамках ініцыятывы «Пояс і Шлях» у індустрыяльным парку «Вялікі камень» (2 ліпеня). За 2019 год у Парку зарэгістраваны 21 рэзідэнт, адзначаны рост цікавасці да праекта з боку еўрапейскіх партнёраў. У двухбаковым гандлі адзначаны рост беларускага экспарту, асноўным драйверам якога сталі пастаўкі на кітайскі рынак прадуктаў харчавання. У сферы гуманітарнага супрацоўніцтва год прайшоў пад знакам «Года адукацыі Беларусі ў Кітаі». Падпісана міжурадавае Пагадненне аб узаемным прызнанні дакументаў аб адукацыi i дакументаў аб вучоных ступенях (23 мая).

У мэтах умацавання палітычнай асновы адносін з краінамі рэгіёну падтрымліваўся дыялог на найвышэйшым і высокім узроўнях з Індыяй. Праведзены сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнкі з Прэм’ер-міністрам Індыі Н.Модзі «на палях» пасяджэнняў Савета кіраўнікоў дзяржаў-членаў (СКД) ШАС у г.Бішкеку (14 чэрвеня), міністраў замежных спраў дзвюх краін – у рамках удзелу ў 74-й сесіі Генасамблеі ААН (25 верасня). Працягваецца рэалізацыя на тэрыторыі Беларусі сумесных з індыйскім бокам праектаў у фармацэўтычнай сферы.

У 2019 годзе аднавіліся тэмпы развіцця адносінаў з Пакістанам. Імпульс палітычнаму дыялогу паміж дзвюма краінамі надала сустрэча Кіраўніка беларускай дзяржавы з Прэм’ер-міністрам Пакістана I.Ханам на палях пасяджэння СКД ШАС у г.Бішкеку (14 чэрвеня). Палітычныя кантакты працягнуліся ў г.Iсламабадзе падчас чацвёртага раунда кансультацый паміж знешнепалітычнымі ведамствамі дзвюх краін (25-26 лістапада).

Падтрыманню высокай дынамікі беларуска-в’етнамскага дыялогу спрыялі правядзенне візіту ў В’етнам намесніка Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь (23-27 верасня), падчас якога афіцыйна адкрыты першы сумесны завод па зборцы беларускай аўтамабільнай тэхнікі ў В'етнаме, афіцыйны візіт у Беларусь старшыні Нацыянальнага сходу Сацыялістычнай Рэспублікі В'етнам (12-15 снежня).

Ключавым напрамкам узаемадзеяння Беларусі з Інданезіяй стала гандлёва-эканамічная сфера. Развіццё дыялогу паміж ЕАЭС і Інданезіяй зафіксавана ў падпісаным 18 кастрычніка ў г.Джакарте Мемарандуме аб супрацоўніцтве паміж Еўразійскай эканамічнай камісіяй і Інданезіяй.

Істотны ўздым адзначаны ў адносінах Беларусі з Манголіяй. Мангольскім бокам прынята рашэнне аб адкрыцці дыпламатычнага прадстаўніцтва ў г.Мінску. Падпісана і ратыфікавана Генеральнае пагадненне аб прадастаўленні Манголіі крэдыту на пастаўку беларускай пажарнай і сельскагаспадарчай тэхнікі (22 красавіка). Бакамі актыўна прапрацоўваецца праект стварэння першага ў Манголіі малочнага кластэра.

Паслядоўна развіваюцца сувязі з Бангладэш. Праведзены кансультацыі паміж МЗС (10-12 снежня), візіт у Беларусь міністра гандлю Бангладэш (23 красавіка), першае пасяджэнне Сумеснай Беларуска-Бангладэшскай камісіі па гандлёвым і эканамічным супрацоўніцтве (23 красавіка, г.Мінск).

Пад знакам інавацыйнага супрацоўніцтва развівалася ўзаемадзеянне з Рэспублікай Карэя. Нацыянальная экспазіцыя Беларусі была прадстаўлена на карэйскай выставе аўтаматызаваных вытворчасцей «Smart Factory + Automation World» (27-29 сакавіка, г.Сеул). 9-10 красавіка ў г.Мінску адбыліся трэцяе пасяджэнне Сумеснай Беларуска-Карэйскай рабочай групы па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве, шосты Беларуска-Карэйскі навукова-тэхнічны форум «Навука. Інавацыі. Вытворчасць». Беларускі бок атрымаў магчымасць вывучэння вопыту Рэспублікі Карэя ў пабудове лічбавай эканомікі шляхам удзелу ў першым пілотным праекце «Лічбавая трансфармацыя нацыянальнай эканомікі Рэспублікі Беларусь» у рамках карэйскай Праграмы абмену ведамі (KSP).

У рамках развіцця супрацоўніцтва з Іранам рэалізаваны візіт у г.Мінск дэлегацыі іранскіх бізнес-колаў (11-14 чэрвеня), у г.Тэгеране праведзены кансультацыі паміж МЗС (10 ліпеня).

Працягнуў сваё напаўненне дыялог з Японіяй. Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь быў прыняты Міністр па пытаннях аднаўлення Японіі Х.Ватанабэ. Адбыліся візіты спэцыяльнага саветніка Прэм’ер-міністра Японіі К.Санауры ў Беларусь (22-23 чэрвеня) і Міністра па надзвычайных сітуацыях Беларусі У.Вашчанкі ў Японію (14 снежня). Упершыню ў гісторыі двухбаковых адносін у Беларусь прызначаны Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Японіі. Арганізаваны шэраг эканамічных мерапрыемстваў, уключаючы правядзенне другога беларуска-японскага эканамічнага форуму ў г.Мінску (18 верасня), удзел японскага бізнесу ў шматбаковых эканамічных мерапрыемствах па Беларусі ў гг.Токіа, Фукуоке, Ганконгу.

Правядзенне ў Камбоджы чарговага пасяджэння сумеснага камітэта па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве (22-26 ліпеня) дазволіла выявіць новыя перспектыўныя напрамкі далейшага развіцця двухбаковых сувязяў.

8. Развіццё дружалюбных і ўзаемавыгадных адносін Рэспублікі Беларусь з краінамі Афрыкі і Блізкага Усходу заставалася пад уплывам складанай рэгіянальнай сітуацыі, канфліктаў у Сірыі, Емене, Лівіі, палітычнай нестабільнасці ў цэлым шэрагу афрыканскіх і блізкаўсходніх краін, напружанасці ў Персідскім заліве.

Працягнута сістэмная праца па развіцці адносін з краінамі Афрыкі, а таксама пошук новых «апорных кропак» на афрыканскім кантыненце. Дасягнуты дынамічны прырост сумарнага экспарту беларускай прадукцыі ў Афрыку.

Працягнута работа з Алжырам у мэтах стварэння сумеснай зборачнай вытворчасці тэхнікі ААТ «МАЗ», арганізацыі першага пасяджэння міжурадавай камісіі для абмеркавання сумесных праектаў у прамысловай, сельскагаспадарчай, навукова-тэхнічнай і адукацыйнай сферах.

Першы ў гісторыі беларуска-егіпецкіх адносін афіцыйны візіт у нашу краіну Прэзідэнта Егіпта А.Ф.ас-Сісі (19 чэрвеня) надаў новы імпульс развіццю двухбаковага супрацоўніцтва. Ажыццяўляецца практычная рэалізацыя на тэрыторыі Егіпта шэрагу сумесных праектаў у галіне машынабудавання, навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва, у сферы адукацыі.

Узаемадзеянне з Зімбабвэ значна актывізавана ў выніку візіту ў Беларусь Прэзідэнта гэтай краіны Э.Мнангагвы (17 студзеня). Бакі выйшлі на дамоўленасці па рэалізацыі ў Зімбабвэ буйных кантрактаў і сумесных праектаў.

Праведзены Нацыянальная экспазіцыя Рэспублікі Беларусь і бізнэс-форум у Кеніі (1-3 жніўня), падпісаны пагадненні аб будаўніцтве ў гэтай краіне завода жалезабетонных канструкцый і рыбагадоўчай фермы, дасягнуты дамоўленасці аб пастаўках у Кенію аўтатрактарнай тэхнікі і абсталявання з далейшым стварэннем зборачнай вытворчасці беларускіх трактароў.

Істотную дынаміку набыў дыялог з Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі. Адбыліся першы візіт Спадчыннага прынца Абу-Дабі, Намесніка Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Узброенымі Сіламі ААЭ шэйха Махамеда бен Заіда аль-Нахаяна ў Беларусь (13 верасня) і візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнкі ў ААЭ (лістапад).

На працягу года Кіраўнік беларускай дзяржавы правёў дзве сустрэчы з Віцэ-Прэзідэнтам, Прэм’ер-міністрам і Міністрам абароны ААЭ шэйхам М. бен Рашыдам аль-Мактумам (24 чэрвеня).

Упершыню арганізаваны Дні культуры Беларусі ў ААЭ (29-30 студзеня). Беларуская каманда паспяхова выступіла на спецыяльных алімпійскіх гульнях у г.Абу-Дабі (26 сакавіка), а высокая эмірацкая дэлегацыя наведала адкрыццё II Еўрапейскіх гульняў у г.Мінску (21-22 чэрвеня). Падпісана двухбаковае пагадненне аб узаемных бязвізавых паездках грамадзян Беларусі і ААЭ (24 чэрвеня).

У традыцыйна дружалюбным рэчышчы развіваліся адносіны з Сірыяй. Афіцыйны візіт у Рэспубліку Беларусь Намесніка Прэм’ер-міністра – Міністра замежных спраў і па справах эмігрантаў Сірыі В.аль-Муалема (22 ліпеня), падчас якога ён быў прыняты Кіраўніком беларускай дзяржавы, надаў дадатковы імпульс развіццю палітычнага дыялогу паміж дзвюма краінамі, а таксама дазволіў вызначыць прыярытэтныя напрамкі ўзаемадзеяння ў пытаннях постканфліктнага аднаўлення Сірыі. Працягнута супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы, ажыццёўлена дастаўка чарговага, чацвёртага грузу гуманітарнай дапамогі з Рэспублікі Беларусь, на базе Рэспубліканскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву ўпершыню праведзены сумесныя беларуска-сірыйскія спартыўныя юнацкія зборы, у Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня» адпачылі амаль 450 сірыйскіх дзяцей.

Нягледзячы на ўскладненне ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў Судане, працягваецца ўзаемадзеянне з Хартумам па пытаннях рэалізацыі сумесных праектаў. У ходзе сустрэчы міністраў замежных спраў Беларусі і Судана «на палях» Генасамблеі ААН (24 верасня) пацверджана гатоўнасць бакоў развіваць супрацоўніцтва ранейшымі тэмпамі і выконваць дасягнутыя раней дамоўленасці.

9. Працягнулася пашырэнне геаграфіі сувязяў з краінамі Лацінскай Амерыкі, нарошчванне палітычнага дыялогу высокага ўзроўню з нашымі прыярытэтнымі партнёрамі, выбудоўванне эканамічнага супрацоўніцтва з рэгіёнам у цэлым.

У снежні ўстаноўлены дыпламатычныя адносіны з Садружнасцю Багамскіх астравоў і Барбадасам. З гэтага моманту Рэспубліка Беларусь мае дыпадносіны з усімі 33 дзяржавамі Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейну.

Імпульс далейшаму развіццю гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Аргентынай, Парагваем і Чылі надаў візіт у гэтыя краіны беларускай дэлегацыі на чале з намеснікам Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь (23-30 чэрвеня).

26-29 чэрвеня ў Аргентыне ў рамках 25-й Міжнароднай выставы сельскай гаспадаркі і жывёлагадоўлі «Аграактыва-2019» упершыню была прадстаўлена Нацыянальная экспазіцыя Рэспублікі Беларусь.

На пошук шляхоў павелічэння беларускага экспарту ў Бразілію было накіравана паглыбленне супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі дзвюх краін, правядзенне міжнароднага бізнес-форуму «Go Eurasian Markets».

Надаць імпульс супрацоўніцтву Беларусі з Венесуэлай быў закліканы візіт афіцыйнай беларускай дэлегацыі на чале з Намеснікам Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь I.Ляшэнкам у г.Каракас (9-12 студзеня). Працягнута канструктыўнае ўзаемадзеянне Беларусі і Венесуэлы на пляцоўках міжнародных арганізацый.

У рамках актывізацыі намаганняў па прасоўванні інтарэсаў Беларусі ў лацінаамерыканскім рэгіёне у 2019 годзе адкрыта Пасольства Беларусі ў Калумбіі.

Афіцыйны візіт у Беларусь Прэзідэнта Рэспублікі Куба М.Дыяс-Канеля Бермудэса (22-24 кастрычніка) пацвердзіў стратэгічны характар беларуска-кубінскіх адносін і дазволіў вызначыць захады для далейшага развіцця двухбаковага ўзаемадзеяння ў гандлёва-эканамічнай і іншых перспектыўных сферах.

Рэалізаваны візіты Міністра навукі, тэхналогій і навакольнага асяроддзя Кубы Э.Перэс Мантоя ў Беларусь (25 чэрвеня) і Міністра прамысловасці Рэспублікі Беларусь П.Уцюпіна ў г.Гавану (4 лістапада).

Перспектывы пашырэння палітычнага і гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі з Чылі як у двухбаковым фармаце, так і па лініі ЕАЭС – Ціхаакіянскі альянс разгледжаны ў ходзе кансультацый паміж міністэрствамі замежных спраў (3 верасня).

10. На шматбаковым трэку знакавай падзеяй стала арганізаваная Беларуссю сумесна з ААН міжнародная канферэнцыя «Барацьба з тэрарызмам пры дапамозе інавацыйных падыходаў і выкарыстання новых і ўзнікаючых тэхналогій» (3-4 верасня, г.Мінск). Унікальны ахоп канферэнцыі дазволіў упершыню сабрацца разам у такім фармаце дзяржавам-удзельніцам АБСЕ і дзяржавам-членам АСЕАН.

Захаванне актуальнасці ініцыятывы Беларусі па паляпшэнні каардынацыі міжнародных намаганняў па барацьбе з гандлем людзьмі пацвердзіла прыняцце Генеральнай асамблеяй ААН кансэнсусам ініцыяванай нашай краінай рэзалюцыі «Паляпшэнне каардынацыі намаганняў па барацьбе з гандлем людзьмі», суаўтарамі якой сталі 80 дзяржаў. Замацаванню вядучай ролі Беларусі ў гэтай сферы спрыяла далучэнне да шматбаковай інфармацыйнай акцыі ААН «Блакітнае сэрца», сродкі ад ажыццяўлення якой накіроўваюцца на аказанне юрыдычнай, фінансавай, гуманітарнай дапамогі ахвярам гандлю людзьмі.

Сімвалічна, што Беларусь падтрымала гэтую акцыю ў перыяд свайго старшынства ў працы 28-й сесіі Камісіі ААН па прадухіленні злачыннасці і крымінальным правасуддзі. Правядзенне на гэтай сесіі спецыяльнага мерапрыемства адносна ролі тэхналогій ва ўчыненні злачынстваў, звязаных з гандлем людзьмі ў мэтах сэксуальнай эксплуатацыі, і супрацьдзеянні гэтаму віду злачыннасці ў развіццё прынятай у 2018 годзе беларускай рэзалюцыі, сведчыць аб паслядоўнай рабоце Беларусі на гэтым кірунку.

Значным укладам нашай краіны ў супрацоўніцтва ў рамках ААН па пытаннях прадухілення злачыннасці стала прыняццё кансэнсусам на 28-й сесіі Камісіі ААН па прадухіленні злачыннасці і крымінальным правасуддзі ініцыяванай Беларуссю рэзалюцыі «Умацаванне ўдзелу ўсіх членаў грамадства ў прадухіленні злачыннасці».

Вялася мэтанакіраваная работа па пытаннях выканання міжнародных абавязацельстваў Беларусі ў галіне правоў чалавека, у тым ліку складанне нацыянальных дакладаў ў адпаведнасці з міжнароднымі дамовамі, правядзенне сумесных мерапрыемстваў з міжнароднымі і нацыянальнымі партнёрамі, прыцягненне міжнароднай экспертнай дапамогі, забеспячэнне двухбаковых дыялогаў па правах чалавека з зацікаўленымі дзяржавамі.

У сувязі з 30-годдзем прыняцця Канвенцыі ААН аб правах дзіцяці спецыяльныя мерапрыемствы адбыліся як на нацыянальным, так і міжнародным узроўнях, у тым ліку прадстаўлены вопыт Беларусі ў развіцці ініцыятывы гарадоў, дружалюбных дзецям і падлеткам, у рамках 40-й сесіі Савета ААН па правах чалавека ў г.Женеве.

Арганізаваны першы візіт у Беларусь намесніка Генеральнага сакратара, выканаўчага дырэктара Фонду ААН у галіне народанасельніцтва Н.Канем (6-9 снежня).

Працягнут актыўны ўдзел нашай краіны ў прасоўванні міратворчага парадку дня ААН. Створаны перадумовы для пашырэння геаграфіі і колькаснага ўкладу Беларусі ў дзейнасць аперацый ААН па падтрыманні міру.

Членства Беларусі ў Выканаўчым савеце ЮНЕСКА дазволіла актывізаваць супрацоўніцтва з Арганізацыяй. Рэалізаваны візіты ў нашу краіну двух намеснікаў Генеральнага дырэктара і каардынатара нацыянальных камісій па справах ЮНЕСКА.

Ініцыятывы Беларусі, якія тычацца развіцця супрацоўніцтва па рэалізацыі Мэтаў ўстойлівага развіцця, умацавання патэнцыялу нацыянальных камісій па справах ЮНЕСКА, ролі перакладу ў якасці механізму збліжэння нацый, прасоўвання спартыўнай тэматыкі ў кантэксце II Еўрапейскіх гульняў, былі ўлічаны ў праграмных дакументах Арганізацыі. ЮНЕСКА ухваліла беларускія прапановы ў Спіс памятных дат, зацвердзіла нацыянальныя заяўкі ў рамках Праграмы ўдзелу.

У Беларусі і за мяжой прайшлі мерапрыемствы пад знакам 65-годдзя членства Беларусі ў ЮНЕСКА, шырока адзначалася 200-годдзе з дня нараджэння С.Манюшкі (юбілей уключаны ў Спіс памятных дат ЮНЕСКА), рэалізаваны шэраг значных праектаў у сферы культуры, навукі, адукацыі і прафілактыкі здаровага ладу жыцця.

Вынікам работы па пашырэнні беларускай прысутнасці ў спісах ЮНЕСКА з'явілася ўключэнне элемента «Вясновы абрад «Юр'еўскі карагод»» у спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА.

Беларусь працягнула адказнае выкананне сваіх абавязацельстваў па рэалізацыі Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года і дасягненню Мэтаў ўстойлівага развіцця (МУР). Ключавым тэматычным мерапрыемствам у 2019 годзе стаў першы Нацыянальны форум па ўстойлівым развіцці (24 студзеня), правядзеннем якога Беларусь ажыццявіла прамежкавы агляд дасягнення МУР на ўсіх трох узроўнях (мiжнародным, рэгіянальным, нацыянальным) у адпаведнасці з Парадкам дня-2030.

У 2019 годзе Рэспублiка Беларусь была абрана старшынёй Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН на 2019-2021 гады і ўпершыню ўзначаліла галоўны выканаўчы орган рэгіянальнай эканамічнай арганізацыі сістэмы ААН. У гэты перыяд Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры міжнародных арганізацыях у г.Жэневе Ю.Г.Амбразевіч кіруе Выканаўчым камітэтам Камісіі.

Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры міжнародных арганізацыях у г.Вене А.М.Купчына ўпершыню абрана старшынёй 28-й сесіі Камісіі ААН па прадухіленні злачыннасці і крымінальным правасуддзі – цэнтральнага органа сістэмы ААН, які адказвае за фармуляванне міжнародных падыходаў у галіне прадухілення злачыннасці і ажыццяўлення крымінальнага правасуддзя ў такіх сферах, як барацьба з транснацыянальнай арганізаванай злачыннасцю, карупцыяй, гандлем людзьмі. Прадстаўнік Беларусі ўзначальвала гэту Камісію ААН ўпершыню.

З дзяржавамі-аднадумцамі была працягнута работа па адстойванні інтарэсаў краін з сярэднім узроўнем даходу ў кантэксце ўстойлівага развіцця. У рамках Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па прамысловым развіцці (ЮНІДА) былі прыняты ініцыяваныя Беларуссю стратэгічныя рамкі партнёрства з краінамі з сярэднім узроўнем даходу. Падчас гэтай сесіі Беларусь была пераабрана на новы тэрмін у склад Савета па прамысловым развіцці ЮНІДО.

Важнай для Беларусі падзеяй стала прыняцце Генеральнай Асамблеяй ААН кансэнсусам беларускай рэзалюцыі «Доўгачасовыя наступствы чарнобыльскай катастрофы».

Умацоўвалася шчыльнае ўзаемадзеянне з Міжнародным агенцтвам па атамнай энергіі (МАГАТЭ). У рамках падрыхтоўкі да ўводу ў эксплуатацыю Беларускай АЭС паспяхова праведзены дзве місіі Агенцтва: па пытаннях дзяржаўнай сістэмы ўліку і кантролю ядзерных матэрыялаў (ISSAS) і па аналізе эксплуатацыйнай бяспекі АЭС для ацэнкі яе гатоўнасці да ўводу ў эксплуатацыю (pre-OSART). Актыўна ажыццяўлялася экспертная і кансультацыйная дапамога МАГАТЭ, у тым ліку ў рамках рэалізацыі праектаў тэхнічнага супрацоўніцтва. Гэта ўзаемадзеянне будзе працягнута ў рамках абноўленай праграмы тэхнічнага супрацоўніцтва МАГАТЭ на 2020-2021 гады.

У кантэксце ажыццяўлення паслядоўнай палітыкі ў сферы раззбраення і кантролю над узбраеннямі Беларусь падоўжыла актыўна адстойваць нацыянальныя інтарэсы на шматбаковых пляцоўках Канферэнцыі па раззбраенні ў г.Жэневе, Першага камітэта Генеральнай Асамблеі ААН у г.Нью-Ёрку, Арганізацыі па забароне хімічнай зброі ў г.Гаазе, а таксама ў рамках ваенна-палітычнага вымярэння АБСЕ ў г.Вене.

Актыўна удзельнічаючы ў пасяджэннях Каардынацыйнага бюро і мерапрыемствах XVIII саміту Руху недалучэння (РН) (25-26 кастрычніка, г.Баку), Беларусь прадпрымала паслядоўныя намаганні па ўмацаванні аўтарытэту гэтага міжнароднага аб'яднання. Асаблівы акцэнт зроблены на фарміраванне адзінага бачання РН такіх тэм, як устойлівае развіццё, падтрымка краін з сярэднім узроўнем даходу, супрацьдзеянне гандлю людзьмі, падтрымка натуральнай сям'і, раззбраенне і міжнародная бяспека. Важным аспектам працы Беларусі ў РН з'яўляўся ўклад у дасягненне кампрамісу паміж дзяржавамі-удзельнікамі РН па спрэчных пытаннях і выпрацоўку збалансаванай пазіцыі Руху па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня.

Была працягнута сістэмная работа па падтрыманні канструктыўнага ўзаемадзеяння з Арганізацыяй па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ), яе выканаўчымі структурамі і інстытутамі, славацкiм старшынствам Арганізацыі.

У г.Мінску адбылася міжнародная канферэнцыя Групы падтрымкі Шаўковага шляху Парламенцкай асамблеі (ПА) АБСЕ (красавік), па выніках якой была прынятая Мінская дэкларацыя.

На запрашэнне беларускага боку місіі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) і ПА АБСЕ прынялі ўдзел у міжнародным назіранні за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі.

У развіццё прагматычнага ўзаемадзеяння з ключавымі структурамі арганізацыі праведзены візіты ў Беларусь прадстаўніка па пытаннях свабоды СМІ А.Дэзiра (14 сакавіка), старшыні ПА АБСЕ Г.Цэрэтэлi (29 красавіка), генеральнага сакратара АБСЕ Т.Грэмiнгера (3-4 верасня), намесніка старшыні ПА АБСЕ, спецыяльнага каардынатара / кіраўніка Місіі кароткатэрміновых назіральнікаў АБСЕ на парламенцкіх выбарах М.Седэрфельт (лістапад).

Міністр замежных спраў Беларусі прыняў удзел у 26-м штогадовым пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў АБСЕ ў г.Брацiславе (4-5 снежня).

Развівалася прамое праектнае супрацоўніцтва Беларусі з выканаўчымі структурамі АБСЕ ва ўсіх вымярэннях бяспекі, праведзена праца па ўзгадненні трэцяга «пакета» сумесных праектаў.

Актыўнае праектнае ўзаемадзеянне ажыццяўлялася з Саветам Еўропы (СЕ), у тым ліку ў рамках Плана дзеянняў СЕ для Беларусі на 2019-2021 гг. Працягнута работа па далучэнні нашай краіны да прававых інструментаў і механізмаў СЕ. У чэрвені Беларусь далучылася да Канвенцыі аб барацьбе з фальсіфікацыяй медыцынскай прадукцыі і падобнымі злачынствамі, якія пагражаюць здароўю насельніцтва (MEDICRIME).

Працягнута пазітыўная дынаміка дыялогу Нацыянальнага схода Рэспублікі Беларусь і Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад СЕ. Адбылася сустрэча (29 красавіка) Кіраўніка беларускай дзяржавы са старшынёй Кангрэса А.Кнапэ (Аўстрыя), па выніках якой дасягнута дамоўленасць аб задзейнічанні экспертнага патэнцыялу Савета Еўропы ў мэтах удасканалення нацыянальнага заканадаўства ў сферы мясцовага самакіравання.

Працягнуты дыялог з Парламенцкай асамблеяй Савета Еўропы (ПАСЕ). Місія ПАСЕ прыняла ўдзел у назіранні за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі.

Беларусь прымала актыўны ўдзел у дзейнасці Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, накіраванай на павышэнне аўтарытэту арганізацыі і ўмацаванне супрацоўніцтва з іншымі міжнароднымі і рэгіянальнымі структурамі, узмацненне абароннага патэнцыялу АДКБ, развіццё ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва. Паступальна развівалася ўзаемадзеянне дзяржаў-членаў АДКБ у сферах антыкрызіснага рэагавання, супрацьдзеяння тэрарыстычным пагрозам, незаконнаму абароту наркотыкаў, нелегальнай міграцыі, недапушчэння выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у экстрэмісцкіх мэтах.

З 1 студзеня 2020 г. Генеральным сакратаром АДКБ стаў прадстаўнік Беларусі С.Зась.

11.  Ключавым напрамкам работы МЗС застаецца «эканамічная дыпламатыя».

У 2019 годзе забяспечаны пастаўкі беларускай прадукцыі на рынкі 177 краін. Экспарт тавараў склаў 32,94 млрд. долараў ЗША, што на 2,9 % менш, чым у 2018 годзе.

Без уліку прадукцыі нафтавай сферы экспарт склаў 26,4 млрд. долараў ЗША, што на 4,3 % больш, чым за 2018 год. У вартасным выражэнні прырост экспарту склаў 1,1 млрд. долараў.

У рамках намаганняў МЗС па дасягненні мэты роўнага размеркавання экспартных паставак паміж 3 рынкамі – ЕАЭС, ЕС і рэгіёнамі «далёкай дугі», найважнейшай задачай заставалася нарошчванне двухбаковага трэка ўзаемадзеяння з дзяржавамі Азіі, Блізкага Усходу, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі, адкрыццё новых і замацаванне на існуючых рынках збыту.

МЗС каардынаваў працу па рэалізацыі мерапрыемстваў «дарожнай карты» Нацыянальнай праграмы падтрымкі і развіцця экспарту Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады, планаў сумесных дзеянняў з галінамі і рэгіёнамі па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з замежнымі краінамі, развіцці тавараправоднай сеткі экспарцёраў за мяжой.

Забяспечана падрыхтоўка і правядзенне пасяджэнняў Міжведамаснага савета па знешнегандлёвай палітыцы, Савета экспарцёраў пры МЗС, Арганізацыйнага камітэта для падрыхтоўкі Нацыянальнай экспазіцыі Рэспублікі Беларусь на Сусветнай выставе ЭКСПА-2020 у Дубаі.

У рамках дзейнасці па ўдасканаленні сістэмы дзяржаўнай падтрымкі экспарцёраў выдадзены ініцыяваны МЗС Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 лiстапада 2019 г. № 412 “Аб падтрымцы экспарту”, які прадугледжвае пакрыццё экспарцёрам часткі выдаткаў на ўдзел ў міжнародных спецыялізаваных выставах і правядзенні ацэнкі адпаведнасці прадукцыі ў замежных дзяржавах.

Важная ўвага МЗС сумесна з ІРУП «Нацыянальны цэнтр маркетынгу і кан'юнктуры цэн» была нададзена працы па інфармацыйнай падтрымцы экспарту. Па выніках 2019 года на партале для экспарцёраў Export.by зарэгістравана 5 394 беларускіх і 542 замежныя прадпрыемствы, прадстаўлены звесткі аб 18 052 таварах і паслугах.

На працягу 2019 года сумесна з беларускімі вытворцамі і галіновымі міністэрствамі праводзілася работа па карэктыроўцы ставак увазных мытных пошлін Адзінага мытнага тарыфу ЕАЭС, наданні тарыфных льгот, прымяненні мер нетарыфнага рэгулявання з улікам нацыянальных інтарэсаў, а таксама па прадухіленні і мінімізацыі наступстваў увядзення трэцімі краінамі мер па абароне рынку ў дачыненні да беларускай прадукцыі.

У рамках работы на пляцоўцы Еўразійскай эканамічнай камісіі прыняты рашэнні аб устанаўленні на часовай аснове нулявых ставак увазных мытных пошлін у дачыненні да некаторых відаў сыравіны і камплектуючых, якія выкарыстоўваюцца айчыннымі прадпрыемствамі ў сферы машынабудавання, сельскагаспадарчай, харчовай, кандытарскай, хімічнай і швейнай галінах для вытворчасці гатовай прадукцыі.

Распрацаваны і ўнесены на разгляд дзяржаў-членаў ЕАЭС на пляцоўцы ЕЭК яшчэ шэраг ініцыятыўных прапаноў, якія прадугледжваюць карэктыроўку ставак увазных мытных пошлін на асобныя віды тавараў з улікам інтарэсаў беларускіх галін.

Прынятыя у 2019 годзе Еўразійскай эканамічнай камісіяй рашэнні аб усталяванні аб'ёмаў тарыфных квот на ўвоз у Рэспубліку Беларусь мяса свініны, птушкі, а таксама асобных відаў рысу паходжаннем з В'етнама, дазволяць у поўнай меры задаволіць існуючы ў краіне попыт на адпаведныя віды тавараў, загрузіць перапрацоўчыя магутнасці мясною сыравінай.

З мэтай спрашчэння працэдур знешняга гандлю працягнута каардынацыя працы рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання і ўзаемадзеянне з ЕЭК па пытанні рэалізацыі механізму «адзінага акна» ў сістэме рэгулявання знешнеэканамічнай дзейнасці на тэрыторыі ЕАЭС.

Па выніках ахоўных расследаванняў, якія праводзяцца трэцімі краінамі ў дачыненні да беларускіх тавараў, удалося ўзгадніць з украінскай бокам прыняццё для ААТ «Мазырсоль» добраахвотных цэнавых абавязацельстваў, а таксама рашэнняў аб непадоўжанні антыдэмпінгавай меры ў дачыненні да пліт ДВП і непрымянення антыдэмпінгавай пошліны ў дачыненні да пруткоў з вугляродзістай і легаванай сталі.

Па выніках праведзенага Еўрасаюзам спецыяльнага ахоўнага расследавання ў дачыненні да шырокага пераліку металапрадукцыі для Рэспублікі Беларусь выдзелена краінавая квота па пяці асноўных катэгорыях металапрадукцыі, якая пастаўляецца ў ЕС, што ў поўным аб'ёме захавала магчымасць паставак беларускай прадукцыі на еўрапейскі рынак.

У 2019 годзе праведзена два раунды галіновага дыялогу па гандлі паміж Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь і Генеральным дырэктаратам Еўрапейскай Камісіі па гандлі.

На працягу года ажыццяўлялася каардынацыя дзейнасці рабочых груп па рашэнні неўрэгуляваных пытанняў доступу тавараў, працоўнай сілы і паслуг на рынкі Беларусі і Расіі. Праведзена пасяджэнне замацаванай за МЗС рабочай групы па напрамку «ўзаемны гандаль і дзяржаўныя закупкі». Урэгуляваны пытанні абмежавання ўдзелу беларускіх вытворцаў у адкрытых аўкцыёнах па закупках для забеспячэння дзяржаўных і муніцыпальных патрэб у Расійскай Федэрацыі, прынята рашэнне аб распрацоўцы праекта пагаднення аб узаемным прызнанні банкаўскіх гарантый пры ажыццяўленні дзяржаўных закупак, падтрымана прапанова беларускага боку аб стварэнні экспертнай падгрупы для фарміравання адзінага пераліку банкаў Беларусі і Расіі ў рамках рэалізацыі механізму надання банкаўскіх гарантый.

З моманту актывізацыі ў 2016 годзе работы на трэку Сусветнай гандлёвай арганізацыі ўдалося наблізіцца да фінальнай стадыі перамоваў. Пачалася падрыхтоўка да розгляду ў 2020 годзе пятай рэдакцыі праекта Даклада Рабочай групы СГА па далучэнні Беларусі (выніковы дакумент, які вызначае ўмовы членства краіны ў Арганізацыі). Пачалася работа па выніковым ўзгадненні абавязацельстваў Беларусі ў СГА.

За перыяд з 2016 па 2019 гады завершаны двухбаковыя перамовы па доступе на рынкі з 11 членамі СГА. Такім чынам, агульная колькасць двухбаковых пратаколаў за ўвесь перыяд перамоваў дасягнула 21. Інтэнсіўныя перамовы працягваюцца з Бразіліяй, ЕС, Канадай, Коста-Рыкай, ЗША і Украінай.

12. У 2019 годзе падпісана 88 двухбаковых міжнародных дагавораў: з дзяржавамі СНД – 29, з дзяржавамі Азіі– 25, Еўропы – 14, Афрыкі – 6, Паўночнай Амерыкі – 5 і Паўднёвай Амерыкі – 1; з міжнароднымі арганізацыямі – 8 дагавораў крэдытна-фінансавага характару.

У рамках розных міжнародных арганізацый і інтэграцыйных утварэнняў заключаны 30 шматбаковых міжнародных дагавораў у розных галінах супрацоўніцтва.

Сумесна з Саветам Еўропы ў г.Мінску праведзена трэцяя канферэнцыя, прысвечаная заключэнню, выкананню і тлумачэнню міжнародных дагавораў (19-20 верасня).

Сумесна з сакратарыятам СГА і прадстаўніцтвам ПРААН у Беларусі ў г.Мінску арганізавана правядзенне нацыянальнага семінара «Механізмы вырашэння спрэчак у рамках Сусветнай гандлёвай арганізацыі» (27-28 лістапада).

Праведзены тры пасяджэнні Навукова-кансультатыўнага савета па міжнародным праве пры МЗС (сакавік, чэрвень, верасень).

Арганізаваны візіт у Рэспубліку Беларусь Генеральнага дырэктара Сусветнай арганізацыя інтэлектуальнай уласнасці (САІУ) Ф.Гарры (3-5 чэрвеня), падпісаны Мемарандум аб узаемаразуменні паміж Урадам Беларусі і САІУ.

13. Актыўны характар мела развіццё двухбаковай дагаворна-прававой базы па візавай тэматыцы.

Прыняты Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 жніўня 2019 г. № 300 «Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезда і выезда замежных грамадзян», які ўсталяваў новыя падыходы да нарматыўнага рэгуляванні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян на тэрыторыі Брэсцкай і Гродзенскай абласцей. Для грамадзян 73 дзяржаў Указам № 300 прадугледжана павелічэнне тэрміну бязвізавага знаходжання ў турыстычных мэтах да 15 сутак.

У рамках рэалізацыі курсу на далейшую лібералізацыю візавага рэжыма вялася работа па ўнясенні змяненняў ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 8 аб усталяванні бязвізавага парадку ўезда і выезда грамадзян і асоб з іншым прававым статусам праз міжнародныя пункты пропуску.

Узгоднены праекты Указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па ўвядзенні бязвізавага рэжыму ў перыяд падрыхтоўкі і правядзення ў 2021 годзе ў г.Мiнску Чэмпіянату свету па хакеі з шайбай, Сусветнай шахматнай алімпіяды 2022 года і іншых спадарожных спартыўных мерапрыемстваў (2020-2022 гады).

Завершана работа па ўзгадненні з еўрапейскім бокам праектаў пагадненняў аб спрашчэнні выдачы віз і рэадмісіі.

Заключаны міжнародныя дагаворы аб унясенні змяненняў у пагадненні аб бязвізавых паездках з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі ў частцы бязвізавых паездак па агульнаграмадзянскіх пашпартах і Спецыяльным адміністрацыйным раёнам Кітайскай Народнай Рэспублікі Ганконг аб павелічэнні тэрміну бязвізавага знаходжання. Беларускім бокам завершаны ўнутрыдзяржаўныя працэдуры па ратыфікацыі абодвух пагадненняў.

Падпісана пагадненне аб бязвізавых паездках грамадзян па ўсіх тыпах пашпартоў з Албаніяй.

Ратыфікавана абодвума бакамі пагадненне з Калумбіяй аб узаемнай адмене віз для ўладальнікаў дыпламатычных, афіцыйных і службовых пашпартоў, яго ўступленне ў сілу чакаецца ў бліжэйшы час.

Падрыхтаваны да падпісання пагадненні аб бязвізавых паездках грамадзян па ўсіх тыпах пашпартоў з Калумбіяй, Урагваем, па дыпламатычных і службовых з Філіпінамі.

У 2019 годзе ўступілі ў сілу пагадненні і ўнесены змены у раней заключаныя пагадненні аб бязвізавым рэжыме па ўсіх тыпах пашпартоў з Грузіяй, Сэнт-Кітс і Нэвіс, аб унясенні зменаў у пагадненне аб узаемных паездках грамадзян з Чарнагорыяй у частцы адмены дакументаў, якія пацверджваюць мэту паездкі, па дыпламатычных і службовых пашпартах з Алжырам, па некаторых пытаннях, звязаных з уездам замежных грамадзян і асоб без грамадзянства на міжнародныя спартыўныя мерапрыемствы з Расіяй.

Працягнута работа па праектах міжнародных пагадненняў, якія рэгулююць бязвізавыя паездкі па дыпламатычнях, службовых і афіцыйных пашпартах, з Анголай, Бахрэйнам, Кеніяй, Мазамбікам, Непалам, Пакістанам, Саудаўскай Аравіяй, па нацыянальных пашпартах – з Гренадай, Рэспублікай Карэяй, Паўночнай Македоніяй, Малайзіяй, Аманам, Перу, Сейшэламі, Сінгапурам.

Праведзены кансультацыі паміж МЗС па консульскіх пытаннях з Венгрыяй, Грузіяй, Іспаніей, Кіпрам, Латвіяй, Літвой, Ліхтэнштэйнам, ААЭ, Польшчай, Расіяй, Туркменістанам, Турцыяй, Чэхіяй, Швейцарыяй.

Вялікая ўвага надавалася дзейнасці па абароне законных правоў і інтарэсаў юрыдычных і фізічных асоб Рэспублікі Беларусь за мяжой, разгляду зваротаў грамадзян і аказанню дапамогі асобам, якія трапілі ў экстрэмальныя сітуацыі.

Прававая дапамога аказвалася асобам, затрыманым праваахоўнымі органамі замежных дзяржаў, якія адбываюць пакаранне ў пенітэнцыярных установах за мяжой, аказвалася садзейнічанне па эвакуацыі беларускіх грамадзян з зон збройных канфліктаў і сваякам памерлых за мяжой беларускіх грамадзян па транспартаванні целаў на радзіму для пахавання.

У гэтым годзе ў беларускія замежныя ўстановы па атрыманне рознага роду прававой дапамогі звярнулася больш за 3000 беларускіх грамадзян.

14. Атрымала далейшае развіццё ўзаемадзеянне з беларусамі замежжа. У 2019 годзе адбылося пятае пасяджэнне Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа, падчас якога былі падведзены вынікі і ўзгоднены сумесныя крокі дзеля развіцця партнёрства дзяржавы і дыяспары. За значны ўклад ва ўмацаванне іміджу нашай краіны за мяжой восем замежных членаў Савета былі ўзнагароджаны юбілейным медалём «100 гадоў дыпламатычнай службе Беларусі».

У цэнтры ўвагі знаходзіліся сумесныя праекты па папулярызацыі беларускай культуры і гісторыі за мяжой, вяртанню ў Беларусь культурнай спадчыны.

15. У 2019 годзе комплекснае інфармацыйнае суправаджэнне буйных міжнародных мерапрыемстваў у Рэспубліцы Беларусь было ў ліку прыярытэтных напрамкаў работы МЗС.

Пашыраны якасны і колькасны кампаненты ўзаемадзеяння МЗС з прадстаўнікамі медыясупольнасці. Шэраг знакавых медыя-мерапрыемстваў і ініцыятыў рэалізаваны ўпершыню. Узрасла інтэнсіўнасць узаемадзеяння Міністра, кіраўніцтва і прадстаўнікоў МЗС з аўтарытэтнымі замежнымі СМІ.

Прадоўжыўся ўстойлівы рост колькасці падпісчыкаў акаўнтаў МЗС у сацыяльных сетках.

Сумесна з зацікаўленымі бакамі арганізаваны шэраг прэс-тураў у Рэспубліку Беларусь замежных журналістаў, у тым ліку з Кітая і Расіі.

У 2019 годзе для работы на тэрыторыі нашай краіны пастаянную акрэдытацыю атрымалі больш за 220 прадстаўнікоў замежных сродкаў масавай інфармацыі, часовую – больш за 800.

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Замежныя дыпмісіі ў Беларусі
Перайсці

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы