Памер шрыфта:

Выступленне Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь У.Макея на сумесным мерапрыемстве з нагоды дня нараджэння Т.Касцюшкі (4 лютага 2020 г., г.Мінск)

Спадар Міністр, вашы Экселенцыі, паважанае спадарства,

Мне вельмі прыемна знаходзіцца ў такім шаноўным атачэнні з адметнай нагоды: наша мерапрыемства прысвечана аднаму з самых вядомых і праслаўленых у свеце ўраджэнцаў Беларусі Андрэю Тадэвушу Банавентуры Касцюшку, імя якога важнае для Беларусі, ЗША, Польшы, і з улікам тагачаснага гістарычнага кантэксту – Літвы.

У наступным годзе мы будзем адзначаць знамянальную дату – 275 гадоў з дня нараджэння гэтай знакамітай асобы.

Але і сёння, як і штогод, нас вабіць у постаці Касцюшкі неверагодны размах яго асабовасці.

Мы ганарымся тым, што жыццёвы шлях будучага героя пачаўся на зямлі сучаснай Беларусі – у фальварку Мерачоўшчына тагачаснага Слонімскага павету (цяпер Івацэвіцкі раён).

Гэты шлях працягнуўся ўдалеч: праз Варшаву ў Францыю і яшчэ далей – у Паўночную Амерыку.

Доўгае і насычанае падзеямі жыццё Касцюшкі скончылася ў Швейцарыі (дзе, дарэчы, некалькі гадоў таму сіламі беларускай дыяспары адкрылі помнік Касцюшку).

У 1818 годзе яго парэшткі былі ўрачыста перанесены ў Кракаў і перазахаваныя на Вавелі, побач з магіламі іншых выбітных людзей.

І паўсюль Тадэвуш Касцюшка пакінуў аб сабе глыбокі і незабыўны след.

Яго заслугі былі высока ацэнены яшчэ пры жыцці. Ён заслужыў ганаровае амерыканскае і французскае грамадзянства.

З рук будучага першага прэзідэнта Злучаных Штатаў Джорджа Вашынгтона атрымаў ордэн Цынцынанта, на той час самую прэстыжную ўзнагароду ЗША, а ў Рэчы Паспалітай быў узнагароджаны ордэнам “Віртуці Мілітары”. Меў таксама шчодрыя грашовыя і зямельныя падараванні, у тым ліку ад Кангрэса ЗША, Брытанскага Парламента, урадаў Швецыі і Францыі, расійскага імператара Паўла І.

Пасябраваўшы з трэцім прэзідэнтам ЗША Томасам Джэферсанам, Касцюшка прапанаваў купіць свабоду для яго рабоў. Джэферсан пісаў, што «ён найчысцейшы сын свабоды, якіх я калі-небудзь ведаў».

Выхадзец з тэрыторыі сёняшняй Брэсцкай вобласці Тадэвуш Касцюшка ў прамым сэнсе слова заклаў камень у падмурак адной з самых паважаных у ваенным свеце навучальных устаноў – Ваеннай акадэміі ЗША ў Вест-Пойнце. Дарэчы, на днях у Беларусі з візітам знаходзіўся адзін з былых студэнтаў Вест-Пойнта – Дзяржаўны сакратар ЗША спадар Майк Пампеа, з якім мы вялі размову аб неабходнасці далейшага развіцця двухбаковых адносін. І сёняшняе мерапрыемства ў многім з’яўляецца яскравым працягам гэтага візіту.

Ёсць розныя думкі наконт дзейнасці Тадэвуша Касцюшкі як, дарэчы, наконт кожнай выбітнай асобы ў гісторыі.

Але нягледзячы на неадназначнасць ацэнак фігуры Касцюшкі, не падвяргаецца сумневу велічыня яго ўздзеяння на людзей і ход гістарычных падзей.

Імя Касцюшкі шырока вядома ва ўсім свеце. Шмат геаграфічных аб’ектаў названыя ў яго гонар: гара Касцюшка – самая высокая ў Аўстраліі, востраў Касцюшка на Алясцы, акруга Касцюшка ў штаце Індыяна, горад Касцюшка ў цэнтральнай частцы Місісіпі, а таксама шматлікія плошчы, вуліцы і паркі ў розных краінах свету.

У свеце налічваецца больш за 200 помнікаў, прысвечаных знакамітаму сыну зямлі беларускай. 2017 год быў абвешчаны Камісіяй ЮНЭСКА годам памяці Тадэвуша Касцюшкі.

Вядома, памяць аб ураджэнцы беларускай зямлі ўвекавечана і ў нашай рэспубліцы. Імя Касцюшкі носяць вуліцы ў многіх гарадах і населеных пунктах Беларусі, у тым ліку ў Баранавічах, Брэсце, Гродне, Лідзе, Лунінцы, Нясвіжы, Пінску, Салігорску ды іншых. У Магілёўскай вобласці ёсць вёска Касцюшкава, а ў родным доме Касцюшкі ў Мерачоўшчыне дзейнічае музей. У 1994 годзе ў Беларусі была выпушчана паштовая марка, прысвечаная Касцюшку.

Мы з павагай ставімся да агульнай гісторыі, нават калі ў ёй ёсць спрэчныя старонкі.

Cёння немагчыма падзяліць паміж намі цэлы шэраг знакамітых дзеячоў, якія зрабілі свой унёсак у гісторыю і культуру нашых краін.

Не патрэбна, лічу, гутарка наконт таго, кiм – беларусамi ці палякамi – былі Міцкевіч, Манюшка, Калiноўскi, Агінскі, Рушчыц, Орда, Дамейка, Немен. Гэта наша агульная спадчына.

Не трэба дзяліць, каму больш – Беларусі, Літве, Польшчы, ЗША, ці нават Швейцарыі або Францыі – належыць iмя Касцюшкi.

Збігнеў Бжэзіньскі назваў Тадэвуша Касцюшку цудоўным героем дзвюх братэрскіх нацый – палякаў і беларусаў, які змагаўся не толькі за сваю свабоду, але і за свабоду амерыканцаў.

Як і для Беларусі, шлях да суверэнітэту Літвы, Польшчы і Злучаных Штатаў быў доўгім і цяжкім. На працягу стагоддзяў на долю нашых народаў выпалі як часы росквіту, так і перыяды цяжкіх выпрабаванняў.

Нашы краіны разам зацікаўлены ў падтрыманні міжнароднай бяспекі і стабільнасці, найхутчэйшай нармалізацыі сітуацыі ў рэгiёне, пошуку новых форм і шляхоў барацьбы з глабальнымі пагрозамі і выклікамі.

Беларусь, Літва, Польшча і Злучаныя Штаты належаць да розных эканамічных, палітычных, ваенных блокаў. Але мы павінны заўсёды заставацца партнёрамі. Мы не маем іншай альтэрнатывы. І сёння я хацеў бы падкрэсліць, што ў развіцці нашых сучасных двухбаковых адносін, як з суседнімі Літвой і Польшчай, так і са Злучанымі Штатамі мы грунтуемся на ўзаемным намеры рухацца наперад.

У сувязі з гэтым вельмі сімвалічна, што сёння на гэтай сустрэчы прысутнічае спадар Лінкявічус – Міністр замежных спраў нашай суседняй дзяржавы – Літвы. Упэўнены, што яго візіт адкрые новую якасную старонку ў беларуска-літоўскіх адносінах.

Я з задавальненнем перадаю яму слова, а потым усе разам паслухаем відэазапісы выступленняў Дзяржаўнага сакратара ЗША спадара Майка Пампеа і Міністра замежных спраў Польшчы спадара Яцэка Чапутовіча.

Дзякуй за ўвагу.

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Замежныя дыпмісіі ў Беларусі
Перайсці

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы