Выступленне Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь У.Макея на адкрыцці трэцяга пасяджэння Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа (8 верасня 2017 г., г.Мінск)
Добры дзень, дарагія калегі і сябры.
Сапраўды мы пачалі гэты дзень з гэтага прыемнага мерапрыемства. Я вось не ведаю, дзякуй Аксане Солапавай, якая сказала, што такога памятнага знака не існуе ні ў адной краіне свету. Калі гэта так, то будзем лічыць, што мы магчыма закладваем вельмі добрую сусветную традыцыю. Рады, што гэты дзень сапраўды пачаўся з гэтага прыемнага мерапрыемства.
Я хацеў бы з задавальненнем павітаць вас усіх у Міністэрстве замежных спраў на трэцім пасяджэнні Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа. Упэўнены, што сённяшняя сустрэча пройдзе ў атмасферы адкрытай і актыўнай дыскусіі, за якой рушыць услед сумесная дзейсная праца.
Мы сустракаемся роўна праз год пасля нашага апошняга пасяджэння. З таго часу ў нашай краіне адбыліся важныя знешне- і ўнутрыпалітычныя падзеі.
Я хацеў бы коратка праінфармаваць пра гэта.
У бягучым годзе Беларусь паспяхова выконвае функцыі старшыні ў дзвюх ключавых рэгіянальных арганізацыях – гэта Цэнтральна-Еўрапейская Ініцыятыва, куды ўваходзяць 18 краін, і Арганізацыя дагавора калектыўнай бяспекі.
У ліпені ў Мінску адбыўся буйны рэгіянальны форум – 26-я сесія Парламенцкай Асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе.
Мы ўпершыню прымалі такое маштабнае міжнароднае мерапрыемства, у якім удзельнічалі парламентарыі больш чым з 50 краін свету. Па ацэнках саміх удзельнікаў, мы правялі гэты форум на вельмі высокім узроўні, і гэта вельмі прыемна.
У сваёй прамове на сесіі Парламенцкай Асамблеі АБСЕ Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь выступіў з ініцыятывай запуску новага глабальнага міратворчага працэсу аналагічнага Хельсінкскаму працэсу сярэдзіны 70-х гадоў. Сутнасць ініцыятывы складаецца ў тым, каб вялікія дзяржавы сабраліся разам і выпрацавалі асновы пабудовы новага сусветнага парадку.
Усе мы бачым, што адбываецца зараз у свеце пасля распаду Савецкага Саюза, пасля таго, як мы лічылі, што завяршылася “халодная вайна”.
Сягоння замест таго, каб будаваць агульную прастору – эканамічную, палітычную, ваенна-палітычную – у нас зноў ствараюцца нейкія лініі раздзелу, якія не дазваляюць нам пабудаваць агульную бяспечную прастору, на якой мы маглі б спакойна жыць і працаваць.
Мiнск гатовы стаць пляцоўкай для такога дыялогу і наступных рашэнняў. На прыкладзе ўрэгулявання крызісу ва Украіне мы даказалі, што можам выконваць такія задачы паспяхова.
У эканамічным плане, пасля некалькіх гадоў стагнацыі, наша эканоміка, нарэшце, выходзіць на траекторыю росту. Урад, у тым ліку і дыпламатычная служба, актыўна працуюць над павелічэннем экспарту нацыянальнай прадукцыі і прыцягненнем у краіну замежных інвестыцый. Вялікія надзеі ў галіне эканомікі мы звязваем з удзелам у рэгіянальных эканамічных аб'яднаннях і ініцыятывах, як, напрыклад, ініцыятыва Кітая “Адзін Пояс, Адзін Шлях”.
У гэтым годзе мы адзначаем шэраг важных для беларусаў культурных падзей. У прыватнасці, гэта 135-годдзе з дня нараджэння нашых вялікіх класікаў: Янкі Купалы і Якуба Коласа, 215-годдзе з дня нараджэння Ігната Дамейкі, 500-годдзе з таго моманту, калі наш знакаміты асветнік Францыск Скарына надрукаваў першую кнігу – «Псалтыр»– на старабеларускай мове, 950-годдзе з дня заснавання Мінска і шэраг іншых дат.
Нязменна ўмацоўваецца супрацоўніцтва паміж дзяржавай і беларусамі замежжа. Новы імпульс гэтаму напрамку быў дадзены таксама на нарадзе па пытаннях знешняй палітыкі ў Кіраўніка дзяржавы, якая адбылася 11 ліпеня. Прэзідэнт Беларусі даручыў Міністэрству замежных спраў актывізаваць працу з беларусамі замежжа.
Дзяржаўнымі органамі Беларусі, мясцовымі органамі ўлады, замежнымі ўстановамі праводзіцца работа з суайчыннікамі ў розных сферах дзейнасці, ад культуры і эканомікі да медыцыны і высокіх тэхналогій.
За 2016-2017 гады праведзена некалькі соцень такіх мерапрыемстваў. Я думаю, што мы праінфармуем вас аб гэтым.
Нягледзячы на абмежаваныя рэсурсы, дзяржава імкнецца аказваць максімальную падтрымку, у тым ліку матэрыяльную, нашым суайчыннікам, якія пражываюць за мяжой.
Вельмі важная падзея адбылася ў ліпені гэтага года – я маю на ўвазе 7-ы з'езд беларусаў свету. Многія з вас ўдзельнічалі ў гэтым мерапрыемстве, і я быў вельмі ўражаны зместам тых дыскусій, якія адбыліся на гэтым з'ездзе. Я рады, што было многа ўдзельнікаў, і ўсе вельмі актыўна выступалі на карысць таго, каб мы разам сумесна працавалі дзеля нашай Бацькаўшчыны, для таго, каб умацоўваць незалежнасць нашай краіны. Я хацеў бы падзякаваць прадстаўнікам аб’яднання “Бацькаўшчына” за падрыхтоўку і правядзенне гэтага з'езда, канструктыўнае супрацоўніцтва з Міністэрствам замежных спраў і іншымі органамі дзяржаўнага кіравання.
У ліпені бягучага года таксама мы прымалі нашчадкаў вядомага беларускага навукоўца, нацыянальнага героя Чылі, Ігната Дамейкі, якія наведалі Беларусь у рамках 215-годдзя з дня яго нараджэння.
Нашы суайчыннікі прымалі ўдзел у фестывалях “Вянок дружбы” ў Бабруйску, “Славянскі базар ў Віцебску”, мерапрыемствах Дня беларускай пісьменства ў Полацку.
Сягоння адбудзецца адкрыццё Трэцяга фестывалю мастацтваў беларусаў свету.
Нам, я лічу, няма чаго дзяліць і нам не трэба сапернічаць. Мы ўсе хочам бачыць нашу родную Беларусь незалежнай, паважанай у свеце і квітнеючай.
Дарагія сябры, у парадку дня нашага пасяджэння тры пытанні.
Хацеў бы коратка спыніцца на кожным з іх.
Па-першае, мы абмяркуем вынікі нашай сумеснай працы за год, што прайшоў пасля папярэдняга пасяджэння Савета.
Лічу, што ў цэлым мы дастаткова эфектыўна працавалі па рашэнні тых пытанняў і праблем, якія мы пазначылі ў мінулым годзе.
Безумоўна, не ўсё адразу атрымліваецца зрабіць. Мы размаўлялі на гэтую тэму. Многія тэмы, як, напрыклад, увядзенне “карты беларуса” або стварэнне спецыяльнага інтэрнэт-сайта, прысвечанага беларусам замежжа, і некаторыя іншыя, з'яўляюцца доўгатэрміновымі ідэямі і патрабуюць немалых фінансавых сродкаў. Тым не менш, будзем працаваць над гэтым.
Хацеў бы пазітыўна адзначыць нашы актыўныя нефармальныя кантакты ў інтэрнэце на старонцы Facebook “Беларусы ў свеце”, якую Міністэрства вядзе пасля нашай сустрэчы ў верасні мінулага года. Дарэчы, гэта старонка была створана па вашай прапанове. Гэты фармат дазваляе нам у некаторай ступені кампенсаваць адсутнасць спецыяльнага інтэрнэт-сайта.
Па-другое, мы сёння абмяркуем перспектывы супрацоўніцтва. У рамках дыскусіі па гэтаму пункту хацеў бы заклікаць вас засяродзіць увагу не толькі на нейкіх канкрэтных сягонняшніх праблемах, характэрных для асобных арганізацый дыяспары, але таксама і на канцэптуальных момантах супрацоўніцтва дзяржавы з дыяспарай. Гэта вельмі важна.
Таму што, як вы ведаеце, напэўна, на 7-м з'ездзе беларусаў свету была прынята рэзалюцыя, якая заклікае распрацаваць дзяржаўную стратэгію «Беларусь-дыяспара» на перыяд да 2025 года.
Мне падаецца, што наш Савет з'яўляецца важнай пляцоўкай для дыскусіі па гэтым пытанні. Таму хацелася б пачуць вашы ідэі пра перспектывы рэалізацыі гэтай ініцыятывы.
Магчыма, пасля сягонняшняга абмеркавання мы прысвяцім спецыяльнае пасяджэнне нашага Кансультатыўнага савета гэтай стратэгіі ў будучым.
Нарэшце, у рамках трэцяга пункта мы разгледзім пытанне складу і ратацыі членаў Савета. У адпаведнасці з палажэннем аб Кансультатыўным савеце тэрмін знаходжання ў ім не павінен перавышаць тры гады.
Акрамя таго, рознымі арганізацыямі беларускай дыяспары ў апошні час выказваліся прапановы аб правядзенні змяненняў у складзе Савета ў мэтах забеспячэння больш прапарцыянальнага прадстаўніцтва ў ім арганізацый беларусаў замежжа.
Таму я хацеў бы, каб сёння мы ўзгаднілі агульныя падыходы па гэтым блоку пытанняў.
Я хацеў бы усім вам пажадаць паспяховай працы.
Дзякуй за ўвагу.
Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь
www.president.gov.byСавет Міністраў Рэспублікі Беларусь
www.government.gov.byСавет Рэспублікі
www.sovrep.gov.byПалата Прадстаўнікоў
www.house.gov.byМіжнародны ІКТ-Форум ТІБО-2022
www.tibo.byПрававы форум Беларусі
www.forumpravo.byТэлеканал «Беларусь 24»
www.belarus24.byРадыёстанцыя «Беларусь»
www.radiobelarus.byБеларуская універсальная таварная біржа
www.butb.byНацыянальнае агенцтва па турызму
www.belarustourism.byНацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі
www.investinbelarus.byНацыянальны цэнтр заканадаўства і прававой інфармацыі
www.center.gov.byАфіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
www.belarus.by