Памер шрыфта:

Інтэрв’ю Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Французскай Рэспубліцы П.Латушкі часопісу “Мастацтва” (лістапад 2018 г.)

Культура ў сённяшнім свеце выступае гуманітарнай процівагай сацыяльным і палітычным канфліктам. Вы неаднаразова звярталіся да словаў Шарля дэ Голя аб важнасці пабудовы прасторы агульнай Еўропы ад Лісабона да Урала. А якое месца займае Беларусь у агульнаеўрапейскай культурнай прасторы?

Беларусь заўсёды з’яўлялася часткай еўрапейскай гісторыі, безумоўна і агульнаеўрапейскага культурнага абшару. Прадстаўнікі беларускай знаці, беларускай эліты фармавалі каралеўскія дынастыі.

Вялікае Княства Літоўскае грала вельмі значную ролю ў палітычным жыцці Еўропы. Застаецца толькі зразумець, чым з’яўляліся беларускія землі ў складзе Вялікага Княства Літоўскага. Бясспрэчна, мы, беларусы, шмат у чым акрэслівалі развіццё Княства. Калі статуты ВКЛ былі напісаны на старабеларускай мове, а фактычна Трэці статут 1588 года з’явіўся правобразам першай канстытуцыі Еўропы, чаму мы не павінны гэтым ганарыцца і чаму аб гэтым мы не павінны расказваць нашым партнёрам?

Мы пакінулі след у сусветнай культурнай прасторы і дзякуючы вялікім постацям, якія нарадзіліся на беларускай зямлі. Гэта, зразумела, і Шагал, Суцін, Цадкін, Дамейка, звязаныя і з французскай гісторыяй. Гэта прозвішча «Дастаеўскі», што паходзіць з беларускай зямлі. Гэта шмат выбітных пісьменнікаў і паэтаў нашай краіны: Міцкевіч, і Купала, і Колас, і Багдановіч, і Караткевіч, і Быкаў. Культуру ствараюць канкрэтныя людзі, асобы, і пераацаніць ролю асобы ў фармаванні культуры нацыі немагчыма.

Праект «Ад Лісабона праз Мінск да Уладзівастока», ідэя якога нарадзілася ў сталіцы Партугаліі, з’яўляецца сімвалічным, але і канкрэтным праектам, праз яго мы даводзім, што сёння варта будаваць абшар без межаў, не падзяляць, а аб’ядноўваць, нягледзячы на тое, што мы належым да розных дзяржаў, да розных нацый, народаў і рэлігійных канфесій. Дзякуючы гэтаму праекту нараджаюцца новыя. У гэтыя дні мы сумесна з Нацыянальным гістарычным музеем Беларусі адкрылі ў Парыжы выставу «Беларусь. Рэлігія. Талерантнасць». Выстава прысвечана міжканфесійнаму міру, міжнацыянальнай згодзе, якая пануе стагоддзямі на тэрыторыі Беларусі, і наша зямля з’яўляецца прыкладам мірнага суіснавання прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей і канфесій, што вельмі важна для пабудовы сённяшняга свету, які, на жаль, усе больш і больш паглыбляецца ў крызісныя з’явы.

Культурная дыпламатыя — гэта ў пэўнай ступені продаж наратыву аб краіне. Вобраз якой Беларусі нам трэба трансляваць для замежнікаў? 

Мы настолькі «багатая нацыя», што гатовыя адмовіцца ад сваіх дзеячаў культуры. Мы, можна сказаць, падарылі шмат дзеячаў і культурных падзей нашым суседзям. Перакананы, што прыйшоў час «збіраць камяні». Сёння Беларусь — незалежная дзяржава, і мы павінны разумець непарыўнасць нашай гісторыі. У ёй былі драматычная перыяды развіцця, але яна не з’явілася ўчора. Гэта гісторыя стагоддзяў і тысячагоддзяў. Вось гэта важна разумець, калі мы хочам думаць аб будучыні сваёй дзяржаўнасці. Над гэтым павіны працаваць як сфера адукацыі, так і сфера культуры, якія фактычна з’яўляюцца падмуркам ідэалогіі. Прэзентацыя культуры — адзін з важных інструментаў, які выкарыстоўваецца сучаснай дыпламатыяй. Гэта сфера найбольш успрымаецца тымі, хто хацеў бы даведацца аб іншай краіне, аб працэсах фармавання і станаўлення нацыі і дзяржаўнасці. Беларуская культура складаецца з гісторыі і сучаснасці — гэта той інструмент, які мы павінны больш шырока, сістэмна і маштабна выкарыстоўваць для прасоўвання Беларусі ў свеце. Праз культуру мы можам стварыць брэнд успрымання нашай краіны за мяжой.

У чым заключалася ваша асабістая стратэгія прэзентацыі беларускай культуры французскаму грамадству? З якімі цяжкасцямі вы сутыкнуліся на гэтым шляху? 

Нягледзячы на больш чым 25-гадовую гісторыю сучаснай незалежнасці Беларусі, французы да гэтай пары не асацыююць нас з Еўропай. Калі мы хочам штосьці змяніць, нам неабходна расказваць і прадстаўляць саміх сябе — мы частка еўрапейскай сям’і. Беларусь не ўваходзіць у склад Еўрапейскага саюза і не ставіць на сённяшнім этапе перад сабой гэтую знешнепалітычную мэту, але жыццё еўрапейскай сям’і не акрэсліваецца выключна палітычнымі межамі, гэта больш шырокая прастора. Немагчыма сцвярджаць, што толькі тыя краіны, якія належаць да ЕС, маюць права называцца еўрапейскімі. Мы таксама з’яўляемся еўрапейскай дзяржавай з моманту нашага нараджэння, бо тэрытарыяльна і ментальна мы знаходзімся ў Еўропе. Французскае грамадства не гатовае ініцыятыўна ісці да таго, каб даведвацца пра народы і краіны,якія атрымалі незалежнасць пасля распаду Савецкага Саюза. Таму наша задача — больш актыўна і сістэмна расказваць пра сябе, у тым ліку праз правядзенне дзён культуры, музычных, тэатральных прэзентацый, выстаў, канцэртаў і разнастайных падзей.

Наколькі важную ролю адыгрывае культурная дзейнасць беларускай дыяспары ў Францыі?

Воляю лёсу шмат беларусаў у розныя гістарычныя перыяды апынуліся за межамі нашай Бацькаўшчыны. Па дадзеных розных даследаванняў, беларуская дыяспара ў свеце — ад 2,5 да 3,5 мільёнаў чалавек. Уяўляецца, што яна сфармавалася з пяці асноўных складнікаў: эмігранты з тэрыторыі Беларусі канца XIX — пачатку XX стагоддзя; эмігранты часоў Другой сусветнай вайны; эмігранты з 1990-х; мігранты ўнутры СССР; карэнныя беларускія меншасці, якія пражываюць у Латвіі, Літве, Польшчы, Расіі і Украіне, у рэгіёнах, памежных з Рэспублікай Беларусь.

Шмат хто з нашых суайчыннікаў здабыў славу за мяжой, стаў сусветна вядомым. Сярод беларусаў замежжа славутыя палітыкі, эканамісты, навукоўцы, мастакі, пісьменнікі, музыканты, акцёры, рэжысёры… Калі я пачну пералічваць усе імёны, маё інтэрв’ю можа не змясціцца і ў некалькіх нумарах часопіса. Таму толькі нагадаю, што мінімум 15 лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі маюць беларускія карані.

З часоў Сярэднявечча беларусы пераязджалі жыць і ў Францыю. Прыкладам таму служыць размешчаная ў I-й акрузе Парыжа вуліца Радзівіл, названая так у гонар палаца князёў Радзівілаў, які размяшчаўся на ёй у XVIII стагоддзі. 

Шматлікія сусветна вядомыя беларусы пражывалі ў Францыі ў XIX стагоддзі: Дамейка, Міцкевіч, Касцюшка, Орда, Ваньковіч, Агінскі ды іншыя. Асобна варта вылучыць цэлую плеяду зорак Парыжскай школы жывапісу першай паловы XX стагоддзя: Шагал, Цадкін, Суцін, Кікоін, Любіч, Царфін ды іншыя.

Цяпер у Францыі пражывае больш за 6000 прадстаўнікоў беларускай дыяспары, каля 300 беларускіх студэнтаў навучаюцца ў гэтай краіне. За апошнія шэсць год беларуская дыяспара ў Францыі стала больш актыўнай, яе дзейнасць набыла сістэмны характар, аб чым сведчыць як колькасць грамадскіх арганізацый, створаных беларусамі ў Францыі, так і колькасць мерапрыемстваў, што праводзяцца пры ўдзеле гэтых арганізацый. Зараз у Францыі дзейнічае дзевяць грамадскіх беларуска-французскіх арганізацый, якія займаюцца развіццём супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі ў розных сферах, перш за ўсё ў гуманітарнай.

Так, у апошнія гады ў Францыі на штогадовай аснове праводзяцца Дні беларускай культуры, Беларускія музычныя сезоны, Беларускія тэатральныя сезоны, арганізуюцца экспазіцыі беларускіх мастакоў на міжнародным салоне «Art Capital» у Гранд-Пале і міжнароднай выставе «Восеньскі салон» на Елісейскіх палях, адноўлена святкаванне старадаўніх беларускіх традыцый Купалля, Калядак і Дзядоў. Пры падтрымцы дыяспары арганізавана выступленне ў Францыі дзяржаўных ансамбляў «Песняры» і «Харошкі», шэрагу іншых песенных і танцавальных калектываў. Беларуская дыяспара з 2014 года актыўна падтрымлівае ініцыятыву пасольства аб правядзенні напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь на плошчы Тракадэро ў Парыжы акцыі «Заспяваем Гімн Беларусі разам». З 2017 года гэтая акцыя таксама праводзіцца ў Ліёне.

Дзейнасць дыяспары ў сферы культуры спрыяе лепшаму разуменню Беларусі французамі і фармуе пазітыўны імідж нашай краіны за мяжой. За апошнія гады найбольш актыўныя прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Францыі былі ўганараваны дзяржаўнымі і ведамаснымі ўзнагародамі Рэспублікі Беларусь, сярод іх медалямі Францыска Скарыны — Аркадзь Валадось і Георгій Сасноўскі. 

З сотні мерапрыемстваў, зладжаных пасольствам за перыяд з 2013 па 2018 гады, якімі вы найбольш ганарыцеся, якія сталі самымі знакавымі і значнымі? Як змянілася ўяўленне французаў пра Беларусь і беларускую культуру?

Мы насамрэч рэалізавалі сотні праектаў за гэтыя шэсць год. Некаторыя былі маштабнымі, некаторыя — кропкавымі. Але нават адносна невялікі праект, як, напрыклад, правядзенне выставы аднаго беларускага мастака ў Парыжы, патрабуе шмат працы, не заўсёды бачнай звонку: мастак — пляцоўка — пазабюджэтнае фінансаванне — даставіць творы — правесці рэкламу — запрасіць на адкрыццё — арганізаваць цырымонію. Паміж працяжнікамі таксама дзеянні. Наўмысна спыніўся на невялікім праекце, каб у чытачоў было ўяўленне аб тым, колькі неабходна намаганняў, каб арганізаваць па-сапраўднаму вялікі праект. 

Бадай, самым запамінальным стаў першы маштабны праект — паказ у Парыжы спектакля Купалаўскага тэатра «Пан Тадэвуш» паводле паэмы Адама Міцкевіча. Уявіце: вялікая трупа, шмат касцюмаў і дэкарацый (тры фуры) — і вялікія фінансавыя выдаткі, на якія не было выкарыстана ніводнага рубля з бюджэтных грошай. Але калі на спектакль прыйшло каля 700 чалавек, поўны зал, і па заканчэнні ўсе яны стоячы віталі артыстаў — вось у такі момант разумееш: працаваў не дарма. 

Былі і іншыя буйныя праекты, як, напрыклад, Нацыянальны павільён на Канскім кінафестывалі сумесна з «Беларусьфільмам» чатыры гады запар, «Баль Агінскага» ў Штаб-кватэры ЮНЕСКА сумесна з Мірскім замкам, гастролі «Харошак», але менавіта прадстаўленне беларускай драматургіі ў Парыжы, той поспех, з якім гэта прайшло, — гэтыя ўспаміны застануцца са мной назаўжды.

Кажучы пра ўспрыманне французамі беларускай ды іншых культур, трэба разумець — французы «франкацэнтрычныя». У іх ёсць свой славуты кінематограф, славутыя музыканты, мастакі, скульптары, пісьменнікі. Тым не менш бачная тэндэнцыя: чым больш мы праводзім мерапрыемстваў па прадстаўленні беларускай культуры ў Францыі, тым больш менавіта французаў наведвае іх, а за гэтыя гады — сотні тысяч. 

Вы шмат увагі надаяце беларуска-французскаму рэгіянальнаму супрацоўніцтву. Якія паспяховыя гісторыка-культурныя праекты ў гэтай сферы вы маглі б адзначыць?

Культура і культурныя падзеі не павінны канцэнтравацца толькі ў сталіцах. Таму важна працаваць з рэгіянальнымі музеямі. Напрыклад, галоўным момантам канцэпцыі першага ўдзелу ў 2015 годзе беларускай дэлегацыі ў выставе «Art Capital» у Гранд-Пале ў Парыжы было прадстаўленне беларускіх мастакоў з усіх рэгіёнаў Беларусі. 

І тут адбылася вельмі цікавая гісторыя. Пры падрыхтоўцы выставы мы згубілі кантакт са скульптарам Сяргеям Парцянковым з Гомеля. Зноў адшукалі пры дапамозе дырэктара гомельскага цырка. Але, калі мастак скончыў скульптуру, ужо не было часу на транспарціроўку твора з пап’е-машэ ў Парыж. Дамовіліся з кіраўніцтвам «Белавіа» аб магчымасці яе перавозкі бізнэс-класам на самалёце авіякампаніі. У дзень адкрыцця выставы работа прыляцела ў Парыж, супрацоўнік пасольства сустрэў яе як вельмі важнага госця прама ля трапа самалёта і адразу адвёз у Гранд-Пале. Праз некалькі дзён — я быў у камандзіроўцы ў Марсэлі — мне патэлефанавалі з Парыжа і паведамілі, што гэтая «шматпакутная» скульптура атрымала адзін з самых прэстыжных прызоў выставы — прэмію асацыяцыі барона Тэйлара. 

Больш чым палова з нашай працы праходзіць у французскіх рэгіёнах. І тут зноў нельга не згадаць падтрымку нашай дыяспары. Дзякуючы нашым актывістам мы рэгулярна ладзім канцэрты, выставы, выступленні тэатраў, арганізуем правядзенне старажытных беларускіх свят і іншае ў Ліёне, Бардо, Клермон-Феране, Канах, Тулузе, Грэноблі, Авіньёне, Страсбургу, Сент-Мало, Мужэне, у шматлікіх невялічкіх гарадах Праванса, Бургундыі, Даліны Луары…

Пасольства Беларусі ў Францыі ладзіць шмат мерапрыемстваў і ў Беларусі. Якія з іх былі найбольш запамінальнымі?

Галоўнай мэтай для пасольства павінна быць прадстаўленне сваёй краіны за мяжой, але мне ўяўляецца, што наша дапамога ў прэзентацыі французскай культуры ў Беларусі ўзбагачае і нас, беларусаў. Важнай з’яўляецца і рэалізацыя сумесных беларуска-французскіх арт-праектаў у Беларусі. Яшчэ адзін кірунак — паказваць у Беларусі творы выхадцаў з беларускай зямлі, якія праславілі два нашы народы. 

Культуры Беларусі і Францыя шчыльна звязаны на працягу стагоддзяў. Так, напрыклад, першыя балетныя школы на тэрыторыі сучаснай Беларусі былі заснаваны 260 год таму ў Нясвіжы і Слуцку славутым французскім танцорам і балетмайстрам Луі Дзюпрэ. Па нашай ініцыятыве і пры падтрымцы Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, музея-запаведніка «Нясвіж» і пад патранатам Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА ў бягучым годзе ў Мінску і Нясвіжу адбылася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Беларускі балет у сусветнай культурнай прасторы», фактычна першы (па словах Валянціна Елізар’ева) міжнародны погляд у гісторыю беларускага балета. Нашаму балету 260 год! І гэта мы ўжо задакументавалі для навукоўцаў і аматараў.

Мы арганізавалі шмат сумесных выстаў беларускіх і французскіх мастакоў у Беларусі, гэта і ўдзел французскіх мастакоў у «Восеньскіх салонах з Белгазпрамбанкам», і выставы французскіх удзельнікаў «Art Capital», выстава знакамітага беларускага мастака Рамана Заслонава, які пражывае ў Францыі, у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Гомелі, Віцебску і Оршы, выстава Алены Вентрыён у Вялікім тэатры Беларусі, прысвечаная балету, ды іншыя. 

У 2016 годзе ў Мінску была арганізавана сумесная прэзентацыя беларускай і французскай высокай кухні з удзелам знакамітага інстытута французскай кухні «Бакюз» з Ліёна. 

У рамках прызнання ў свеце даробку беларускай культуры мы ініцыявалі ўручэнне ўзнагарод ЮНЕСКА. Так, у 2015 годзе медаль «Пяць кантынентаў» была ўручана Вялікаму тэатру Беларусі, у 2016 годзе медалі «Віктор Гюго» і дыпломы Генеральнага дырэктара ЮНЕСКА атрымалі Тамара Ніжнікава, Расціслаў Янкоўскі і Генадзь Аўсяннікаў, а ў наступным — Валянцін Елізар’еў і Ігар Лучанок.

Вы рэалізуеце сапраўды вельмі шмат праектаў, пераважная большасць з якіх без бюджэтнага фінансавання. Як вам удаецца знаходзіць сродкі на гэтую дзейнасць? 

Сёння немагчыма ўявіць развіццё культуры без падтрымкі бізнэсу. І гаворка не толькі пра Беларусь, але ўвогуле пра сітуацыю ў свеце. Ва ўсіх краінах дзяржава пакрывае асноўныя выдаткі сферы культуры, але, каб нарошчваць колькасць і якасць праектаў, важна развіваць дзяржаўна-прыватнае партнёрства, і беларускае заканадаўства дазваляе нам прыцягваць спонсарскую дапамогу для рэалізацыі культурных праектаў. Памылкова думаць, што гэтая дапамога можа знайсціся сама, аўтаматычна. Кожны асобны праект, кожны спонсар патрабуе асаблівага падыходу. З кожным трэба сустракацца асабіста, знайсці словы і аргументы, якія зацікавяць партнёра. Галоўнае, што чакае спонсар, — каб сродкі пайшлі на канкрэтную карысную справу. 

Не заўжды ёсць магчымасць знайсці партнёра, які зможа адзін фінансаваць увесь праект. Вышэй мы казалі пра выступленне Купалаўскага тэатра ў Парыжы і вялікія выдаткі на яго правядзенне. Дык вось, уявіце, у праекта было пятнаццаць партнёраў!

Яшчэ адзін вельмі важны кірунак работы з прыватным бізнэсам — гэта вяртанне культурных каштоўнасцей у Беларусь. На жаль, нашы музеі і галерэі не заўсёды маюць адпаведныя сродкі на папаўненне фондаў, і без мецэнатаў гэты працэс складана ажыццявіць. Першым пасольскім праектам, рэалізаваным у гэтым кірунку, стала вяртанне копіі партрэта Шыманоўскай кісці Ваньковіча (арыгінал у музеі Міцкевіча ў Парыжы) у музей яго імя ў Мінску. Праект быў поўнасцю фінансаваны беларускім банкам. Пасля мы арганізавалі ў Беларусі выставы, прысвечаныя Міцкевічу і Дамейку з калекцый парыжскіх музеяў. Зараз рэалізуем шэраг вельмі амбітных праектаў па вяртанні ў Беларусь твораў мастакоў Парыжскай школы жывапісу. На завяршальным этапе набыццё і вяртанне ў Беларусі калекцый работ Шрагі Царфіна і Восіпа Любіча, пачалі прапрацоўку набыцця твораў Міхаіла Кікоіна. Тут гутарка ідзе не аб адной-дзвюх карцінах, кожны праект — калекцыя — гэта больш за пятнаццаць-дваццаць аб’ектаў! Працуем над вяртаннем фотаздымкаў славутага ўраджэнца Беларусі Пятра Шумава, які стварыў у пачатку ХХ стагоддзя фотастудыю ў Парыжы — каля пяцідзесяці цудоўных фатаграфій. Падкрэсліваю: нават марыць аб рэалізацыі такіх праектаў без дапамогі беларускіх мецэнатаў было б немагчыма. Плануем, што гэтыя творы будуць перададзены рэгіянальным музеям, каб не канцэнтраваць усё ў сталіцы, а пашыраць культурную прастору, яе ўзровень у рэгіёнах, у якіх нарадзіліся мастакі: Царфін — у Мінскай вобласці ў Смілавічах, Любіч і Шумаў — у Гродна, Кікоін — у Гомелі. 

Пасольства шчыра ўдзячнае ўсім, хто дапамагаў і дапамагае ў рэалізацыі нашых праектаў. Сярод іх варта вылучыць «Беларусбанк», «Пріорбанк», «Банк Развіцця», «БелГазпрамБанк», «Белдзяржстрах», «Белэксімгарант», «Белрасстрах», «Цэптэр-Беларусь», «Пежо-Сітраен» у Беларусі, «Рэно» ў Беларусі, «Данон» у Беларусі, Гарадзейскі цукровы камбінат, «Камкон-Беларусь», «Дарыда», «Трайпл», «Е100», «А-100», «Зубр-Капітал», «Лада-ОМС», «Контэ-Спа», філіял «Домабудаванне» Шклоўскага завода газетнай паперы, «Інглот», «Модум», «Інтэрфармакс», «5 элемент», «Ars Communications», «Мінскі мэблевы цэнтр», «Bel-Met-BMZ», «Сысуеў-Бондар-Храпуцкі», Леаніда Стаецкага, Ягора Іванова, Ігара Мішынёва, Уладзіміра Бярэзіна, французскую кампанію «LOGIBAT», Мішэля Канцені, ганаровых консулаў Беларусі ў Ліёне, Бардо і Марсэлі і многіх іншых. Усім вялікі дзякуй за дапамогу для культуры Беларусі. Выказваем удзячнасць Пасольству Францыі ў Беларусі за пастаянную спрыяльную візавую падтрымку. Удзячнасць усім інфармацыйным партнёрам.

Распавядзіце, калі ласка, пра які-небудзь запамінальны дзень у Парыжы.

Нярэдка згадваю адзін «беларускі дзень». Шостага красавіка 2016-га. Раніцай сустрэча ў Горнай школе Парыжа, якую скончыў і ў якой потым выкладаў славуты Ігнат Дамейка. Дамовіліся аб выставе ў Беларусі дакументаў, падрыхтаваных Ігнатам Дамейкам, і мінералаў, якія ён асабіста знайшоў. Потым наведаў выставу-продаж карцін Пінхуса Крэменя, мастака Парыжскай школы з Беларусі. У вечары таго ж самага дня — адкрыццё выставы «Гіём Апалінэр — погляд паэта» ў музеі Аранжэры. Як вы, напэўна, ведаеце, Апалінэр — славуты французскі паэт, маці якога паходзіць з Наваградка. На выставе былі таксама творы Шагала, Суціна…

Адзін беларускі дзень у сусветнай сталіцы, які склалі падзеі, звязаныя з нашай краінай, — гэта ўнікальна? Хутчэй проста рэальна.

Яшчэ прыклад. Сёлета 26 сакавіка ў славутым Цэнтры Жоржа Пампіду адбылося адкрыццё буйной выставы, прысвечанай Шагалу, Малевічу і Лісіцыну, на якой былі прадстаўлены больш за 250 работ і дакументаў з 15 еўрапейскіх музеяў, у тым ліку з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі і Віцебскага абласнога краязнаўчага музея. Адначасова ў гэты дзень у адной з галерэй Манпарнаса прайшло адкрыццё выставы Восіпа Любіча.

Ці мы, беларусы, ведаем дастаткова аб сваёй спадчыне, якую нашы продкі пакінулі нам? Калі ведаем, дык давайце збіраць яе пад дахам нашай Бацькаўшчыны.

Як вы ацэньваеце перспектывы стварэння інстытуцыі (пры Міністэрстве замежных спраў, напрыклад), якая б сістэмна займалася прасоўваннем беларускай культуры за мяжой і супрацоўнічала як з дзяржаўным, так і недзяржаўным культурным сектарам?

Прыклады функцыянавання падобных цэнтраў ёсць у розных краінах свету: Інстытут Гётэ ў Германіі, Інстытут Камоеш у Партугаліі, Польскі інстытут, Французскі інстытут, «Россотрудничество»…

Ідэя стварэння падобнага інстытута ў Беларусі была прапанавана Міністэрствам культуры Міністэрству замежных спраў яшчэ ў 2010 годзе. Мы марылі стварыць Інстытут Скарыны альбо Інстытут Купалы, але, на жаль, ідэя засталася ідэяй. Фінансавы бок пытання — галоўная прычына стрыманасці. Перакананы, што мы павінны прыйсці да гэтага. 

Працэс ужо распачаты. У 2008 годзе меў гонар адчыніць першы беларускі культурны цэнтр за мяжой у Польшчы. З таго часу адкрыты яшчэ тры культурныя цэнтры Беларусі ў замежных краінах.

Нам ёсць што паказаць у свеце, пытанні супрацоўніцтва з дыяспарай, рэклама ўязнога турызму ў Беларусь — усё гэта, як і іншае, можа быць напрамкам работы цэнтраў за мяжой.   

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Замежныя дыпмісіі ў Беларусі
Перайсці

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы