Памер шрыфта:

Еўразійскі эканамічны саюз

Еўразійскі эканамічны саюз (ЕАЭС) з'яўляецца міжнароднай арганізацыяй рэгіянальнай эканамічнай інтэграцыі, якая валодае міжнароднай правасуб’ектнасцю. 

Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе быў падпісаны прэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Казахстан і Расійскай Федэрацыі 29 мая 2014 г. у г.Астане. Дагавор набыў моц 1 студзеня 2015 г. 

Саюз адкрыты для ўступлення любой дзяржавы, якая падзяляе яго мэты і прынцыпы, на ўмовах, узгодненых дзяржавамі-членамі. 2 студзеня 2015 г. членам Саюза стала Рэспубліка Арменія, 12 жніўня 2015 г. – Кыргызская Рэспубліка. 

Таксама прадугледжана магчымасць атрымання статусу дзяржавы-назіральніка пры Саюзе. Дзяржавамі-назіральнікамі пры ЕАЭС з'яўляюцца Куба, Малдова і Узбекістан.

У Дагаворы аб ЕАЭС вызначаны асноўныя сферы супрацоўніцтва ў рамках ЕАЭС, а таксама кампетэнцыя, парадак фарміравання і работы органаў Саюза, якімі з'яўляюцца Вышэйшы Еўразійскі эканамічны савет (ВЕЭС), Еўразійскі міжурадавы савет, Еўразійская эканамічная камісія (пастаянны орган рэгулявання Саюза) і Суд ЕАЭС. Замацаваны прынцыпы прыняцця ўсіх значных рашэнняў кансэнсусам і роўнай прадстаўленасці бакоў у кіраўніцтве пастаянна дзеючых структур.

1 студзеня 2018 г. уступіў у сілу Мытны кодэкс ЕАЭС, які спрасціў і паскорыў працэс праходжання мытных працэдур. У ім прадугледжаны максімальны перавод мытных аперацый у электронны від, выкарыстанне механізма аднаго акна пры рабоце з дакументамі, скарачэнне тэрмінаў выпуску тавараў і іншае.

У снежні 2020 года кіраўнікі дзяржаў ЕАЭС падпісалі сістэмаўтваральны дакумент стратэгічнага планавання на бліжэйшыя 5 гадоў – Стратэгічныя напрамкі развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года.

Стратэгія-2025 ставіць наступныя асноўныя задачы: поўнае ўстараненне бар'ераў, максімальнае скарачэнне выключэнняў і абмежаванняў для свабоднага перамяшчэння тавараў, паслуг, капіталу і працоўнай сілы на рынку; павышэнне эфектыўнасці функцыянавання рынкаў тавараў; удасканаленне мытнага рэгулявання і іншыя. Дакумент таксама вызначае міжнародную дзейнасць Саюза, накіраваную на далейшае развіццё эканамічнага супрацоўніцтва з трэцімі краінамі, рэгіянальнымі інтэграцыйнымі аб'яднаннямі і міжнароднымі арганізацыямі.

25 снежня 2023 года кіраўнікамі дзяржаў ЕАЭС падпісана Дэкларацыя аб далейшым развіцці эканамічных працэсаў у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза да 2030 года і на перыяд да 2045 года “Еўразійскі эканамічны шлях”. Дэкларацыя вызначае задачы Саюза на сярэднетэрміновую перспектыву да 2030 года на шляху ператварэння ЕАЭС да 2045 года “ў самадастатковы, гарманічна развіты і прывабны для ўсіх краін свету макрарэгіён, які валодае эканоміка-тэхналагічным і інтэлектуальным лідэрствам і падтрымлівае высокі ўзровень дабрабыту насельніцтва дзяржаў-членаў”.

Міжнародная дзейнасць Саюза накіравана на садзейнічанне ўстойліваму эканамічнаму развіццю дзяржаў-членаў, дыверсіфікацыі эканомік, інавацыйнаму развіццю, павышэнню аб'ёмаў і паляпшэнню структуры гандлю і інвестыцый, паскарэнню інтэграцыйных працэсаў, а таксама далейшае развіццё Саюза як эфектыўнай і канкурэнтаздольнай арганізацыі ў рамках глабальнай эканомікі.

Сярод прыярытэтаў ЕАЭС – пашырэнне эканамічнага супрацоўніцтва ў кантэксце ідэі Вялікага Еўразійскага партнёрства. Гэта мае на ўвазе ўзаемадзеянне з дзяржавамі СНД і іншымі краінамі блізкага замежжа, развіццё супрацоўніцтва з дзяржавамі-назіральнікамі, развіццё сістэмнага дыялогу з Шанхайскай арганізацыяй супрацоўніцтва (ШАС), Асацыяцыяй дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (АСЕАН), краінамі БРІКС і іншымі дзяржавамі і інтэграцыйнымі аб'яднаннямі Цэнтральнай Азіі і Блізкага Усходу.

З 2016 года рэалізуецца Пагадненне аб свабодным гандлі паміж ЕАЭС і В'етнамам, з 2019 года - Пагадненне аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве ЕАЭС з Кітаем. 1 кастрычніка 2019 г. падпісаны першыя пагадненні з пакета ўсёабдымнага гандлёвага пагаднення паміж краінамі ЕАЭС і Сінгапурам; 25 кастрычніка 2019 г. заключана пагадненне аб свабодным гандлі з Сербіяй. У развіццё Часовага пагаднення, якое вядзе да ўтварэння зоны свабоднага гандлю ЕАЭС з Іранам (уступіла ў сілу ў 2019 годзе), у снежні 2023 года заключана поўнафарматнае пагадненне аб свабодным гандлі Саюза з Іранам. Вядуцца перамовы па стварэнні зон свабоднага гандлю ЕАЭС з Егіптам, ААЭ і Інданезіяй.

 

 

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Замежныя дыпмісіі ў Беларусі
Перайсці

Відэа МЗС

Aрхіў

Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы