Станаўленне сучаснай беларускай дыпслужбы
У 2024 годзе МЗС адзначае 105-годдзе сучаснай дыпламатычнай службы Беларусі.
За 105 гадоў, безумоўна, у свеце змянілася многае, але асноўныя задачы беларускай дыпламатычнай службы засталіся нязменнымі - абарона суверэнітэту і незалежнасці, адстойванне нацыянальных інтарэсаў і законных правоў дзяржавы, недапушчэнне яе дыскрымінацыі на міжнароднай арэне, забеспячэнне ўстойлівага знешнеэканамічнага развіцця і прасоўванне разам з аднадумцамі прынцыпаў справядлівага светапарадку.
Віншавальны адрас Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі з нагоды 105-годдзя сучаснай беларускай дыпламатычнай службы
"Народ даверыў вам важную і ганаровую місію - прадстаўляючы Айчыну, прафесійна адстойваць нацыянальныя інтарэсы перш за ўсё рэальнымі дасягненнямі і важнымі знешнепалітычнымі ініцыятывамі", - гаворыцца ў віншаванні.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што цяпер на ўсіх кантынентах разгортваецца барацьба за розумы людзей, рынкі і рэсурсы. "У гэтых умовах ад дыпламатаў патрэбна вялікая адказнасць за даручаны ўчастак і арыентацыя на канкрэтны вынік. А асаблівае значэнне маюць кампетэнтнасць і патрыятызм літаральна кожнага з вас", - падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт выказаў упэўненасць у тым, што дыпламаты і ў далейшым будуць рабіць усё для ўмацавання аўтарытэту беларускай дзяржавы на міжнароднай арэне, развіцця гандлёвых і гуманітарных сувязей, выбудоўваючы адносіны з замежнымі партнёрамі на прынцыпах роўнасці і справядлівасці, клапоцячыся пра дабрабыт сваёй краіны і яе жыхароў.
2023 год у гісторыі беларускай дыпламатыі
Знешнія сувязі беларускія землі мелі ўжо ў часы Полацкага княства.
Першымі вядомымі міжнароднымі дамовамі, заключанымі беларускімі княствамі з замежнымі дзяржавамі, з'яўляліся мірныя і гандлёвыя дагаворы Полацка з Рыгай 1210 і 1212 гадоў. Гэтыя дакументы не захаваліся, але згадваюцца ў "Хроніцы Лівоніі". Да нашых дзён дайшоў шэраг іншых помнікаў старажытнабеларускай дыпламатыі: дагавор Смаленскага, Віцебскага і Полацкага княстваў з Рыгай, Готландской зямлёй і нямецкімі гарадамі 1229 года, дагаворная грамата полацкага князя Гердзеня, якая ўтрымоўвала мірны дагавор паміж магістрам Лівонскага ордэна і Рыгай, з аднаго боку, і Полацкам і Віцебскам - з другога (1263 ці 1264 год), дагаворная грамата полацкага князя Ізяслава з Інфлянцкім магістрам і горадам Рыгай (каля 1265 года). Гэтыя дакументы лічацца найбольш старажытнымі помнікамі пісанага права ў Беларусі.
Асаблівай увагі заслугоўвае эпоха Вялікага княства Літоўскага. Так, у 1429 годзе адбылося адна з найбольш прыкметных падзей у гісторыі сярэднявечнай еўрапейскай дыпламатыі - з'езд еўрапейскіх манархаў у Луцку, які ўваходзіў у склад ВКЛ. Па сутнасці, гэта мог быць першы ў гісторыі саміт, на які па запрашэнні князя Вітаўта сабралася больш за 15 тысяч чалавек. У самім горадзе на той момант не пражывала столькі людзей, колькі прыехала на з'езд.
Многія нашы суайчыннікі знаходзіліся на дыпламатычнай службе такіх дзяржаў, як Рэч Паспалітая, Расійская імперыя.
Напрыклад, вядомымі дыпламатамі былі прадстаўнікі роду Агінскіх, цесна звязанага з беларускімі землямі. Андрэй Агінскі, маршал Сейма, служыў пасланнікам Рэчы Паспалітай у Берліне і Санкт-Пецярбургу. Шыфроўкі, якія ён пасылаў з Вены каралю Станіславу Аўгусту Панятоўскаму, захаваліся і па нашы дні. Яго сын, Міхал Клеафас Агінскі, больш вядомы як кампазітар, быў паслом у Нідэрландах, ажыццяўляў дыпламатычную місію ў Лондане.
З установай пасады міністра замежных спраў Рэчы Паспалітай у 1791 годзе гэтую пасаду заняў выхадзец з беларускіх зямель Іаахім Храптовіч.
Пасля ўключэння беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі нашы суайчыннікі з часам папоўнілі рады расійскай дыпламатычнай службы.
І сёння беларускія і японскія дыпламаты памятаюць і шануюць той факт, што першым дыпламатычным прадстаўніком Расійскай імперыі ў Краіне ўзыходзячага сонца быў выхадзец з беларускіх зямель - лінгвіст і ўсходазнавец Іосіф Гашкевіч.
За кропку адліку найноўшай гісторыі нашага ведамства ўзята першае публічнае паведамленне ў газеце "Звезда" ад 22 студзеня 1919 г. а пачатку дзейнасці КЗС ССРБ ( “камісарыят па замежных справах адкрыў сваю дзейнасць”), дзе таксама паказана месца яго размяшчэння ў г.Мінску — вул. Койданаўская, 21 (сёння — вул.Рэвалюцыйная, 15).
У 2019 годзе ў нашай краіне адзначылі 100-годдзе беларускай дыпламатычнай службы, пачатак якой быў пакладзены стварэннем Камісарыята па замежных справах Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі.
Паводле архіўных дакументаў, кіраўніком нешматлікай, усяго 12 чалавек, дыпламатычнай службы стаў член Часовага Рабоча-Сялянскага Савецкага Урада Беларускай Рэспублікі, камісар па замежных справах Усевалад Сцяпанавіч Фальскі, ураджэнец вёскі Лошыца, Мінскай вобласці.
На пасяджэнні часовага ўрада 27 студзеня 1919 г. КЗС ССРБ атрымаў першае даручэнне – “хадайнічаць перад Цэнтрам РСФСР аб вяртанні Беларускай Рэспубліцы ўсёй эвакуяванай маёмасці”. У пратаколе таксама ёсць рашэнне аб фінансаванні дзейнасці КЗС, інфармацыя аб заслуханам дакладзе члена ўрада па замежных справах.
Першая дыпламатычная місія маладой беларускай савецкай дзяржавы была адкрыта ў г.Маскве 24 сакавіка 1921 г. Паўнамоцнае прадстаўніцтва ССРБ у РСФСР уваходзіла ў склад дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага ў Расійскай Федэрацыі, карысталася імунітэтамі і прывілеямі, падтрымлівала афіцыйныя кантакты з Народным камісарыятам замежных спраў РСФСР і дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі ў Маскве.
22 жніўня 1921 г. Саветам народных камісараў БССР зацверджана палажэнне аб Народным камісарыяце па замежных справах, які ўзначаліў Аляксандр Рыгоравіч Чарвякоў, ураджэнец вёскі Дукора, Мінскай вобласці.
Наступнымі важнымі гістарычнымі этапамі сталі аднаўленне Народнага камісарыята замежных спраў БССР і, затым, стварэнне на яго аснове МЗС БССР. 24 сакавіка 1944 г. Вярхоўным Саветам БССР быў прыняты закон аб стварэнні Народнага камісарыята замежных спраў Беларускай ССР. У 1946 годзе Наркамат замежных спраў БССР быў ператвораны ў Міністэрства замежных спраў.
У знак прызнання сусветнай супольнасцю ўкладу БССР у разгром гітлераўскай Германіі Беларуская ССР была прынята ў склад заснавальнікаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і падпісала ў 1945 годзе Устаў ААН. Адкрыліся прадстаўніцтвы БССР пры ААН у г.Нью-Ёрку, пры міжнародных арганізацыях у гг.Вене, Парыжы і Жэневе.
Мы ганарымся выдатнымі дыпламатамі — выхадцамі з Беларусі, якія пакінулі яркі след у найноўшай гісторыі дыпламатыі і якія сталі для многіх прыкладам высокага прафесіяналізму і самаахвярнай адданасці сваёй Айчыне. У іх ліку А.Р.Чарвякоў, К.В.Кісялёў, А.Е.Гурыновіч, а таксама А.А.Грамыка, які на працягу доўгіх гадоў узначальваў МЗС СССР. Гэты спіс можна працягваць і далей.
З стварэннем МЗС Рэспублікі Беларусь у 1990 годзе нацыянальная дыпламатыя развівалася і мацнела разам з маладой дзяржавай.
Міністэрства замежных спраў было і застаецца на “перадавой” барацьбы за рэальную незалежнасць, павышэнне ролі Беларусі ў свеце, імкнецца ажыццяўляць эфектыўнае знешнепалітычнае і знешнеэканамічнае забеспячэнне курсу, вызначанага Кіраўніком дзяржавы.
За гады незалежнасці Рэспубліка Беларусь дамаглася прыкметных поспехаў на міжнароднай арэне, стала ўдзельнікам новых інтэграцыйных праектаў, пашырыла кола замежных партнёраў і саюзнікаў, адкрыла, асвоіла і замацавала за сабой новыя перспектыўныя рынкі.
Адзін год з гісторыі МЗС
Першаму кіраўніку беларускага знешнепалітычнага ведамства Усеваладу Фальскаму прысвечаны артыкул кандыдата педагагічных навук, старшыні Асацыяцыі ветэранаў Міністэрства замежных спраў Зоі Калантай "Невядомы Фальскі. Яго лёс і час" у часопісе "Беларуская думка". У артыкуле асвятляюцца раней малавядомыя шырокай аўдыторыі факты, звязаныя з яго ўдзелам у нацыянальна-дэмакратычным руху, культурным адраджэнні Беларусі пачатку XX стагоддзя.
У часопісе "Беларуская думка" выйшаў яшчэ адзін артыкул кандыдата педагагічных навук, старшыні Асацыяцыі ветэранаў Міністэрства замежных спраў Зоі Калантай "Міхаіл Мароз - першы пасол савецкай Беларусі". У артыкуле разглядаюцца малавывучаныя пытанні, звязаныя з гісторыяй стварэння ў 1921 годзе беларускага Паўнамоцнага прадстаўніцтва ў Маскве, месцам і роляй М.Мароза ў станаўленні першай дыпламатычнай місіі БССР. Аўтар звяртае ўвагу чытачоў на складанасці, з якімі сутыкнулася Беларусь пры рэарганізацыі дыпламатычнай службы ў сувязі з утварэннем Савецкага Саюза і ўстановай інстытута ўпаўнаважаных НКІД СССР пры ўрадах саюзных рэспублік.
У часопісе "Беларуская думка" апублікаваны чарговы артыкул кандыдата педагагічных навук, старшыні Асацыяцыі ветэранаў Міністэрства замежных спраў Зоі Калантай "Мікалай Ітві (Падгорны) - дыпламат і арыенталіст". Артыкул прысвечаны намесніку народнага камісара па замежных справах БССР, першаму Упаўнаважанаму Народнага камісарыята па замежных справах СССР пры беларускім урадзе М.Ітві (Падгорнаму). Праз прызму лёсу М.Ітві (Подгорнага) аўтар знаёміць чытача з малавядомымі старонкамі гісторыі беларускай дыпламатычнай службы 1920-х гадоў, у тым ліку звязанымі з яе рэарганізацыяй і станаўленнем інстытута Упаўнаважанага НКІД СССР пры ўрадзе Беларусі. Падрабязна раскрываюцца правы і абавязкі Упаўнаважанага, яго функцыі.
Навучэнцы "Рудзенскай сярэдняй школы" падрыхтавалі работу аб жыцці і прафесійнай дзейнасці беларускага дыпламата, Міністра замежных спраў БССР Анатоля Емяльянавіча Гурыновіча. Яна была ўдастоена дыплома першай ступені на конкурсе школьных даследчых работ імя У.І.Вернадскага ў Маскве.
Афіцыйныя інтэрнэт-рэсурсы
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь
www.president.gov.byСавет Міністраў Рэспублікі Беларусь
www.government.gov.byСавет Рэспублікі
www.sovrep.gov.byПалата Прадстаўнікоў
www.house.gov.byМіжнародны ІКТ-Форум ТІБО-2022
www.tibo.byПрававы форум Беларусі
www.forumpravo.byТэлеканал «Беларусь 24»
www.belarus24.byРадыёстанцыя «Беларусь»
www.radiobelarus.byБеларуская універсальная таварная біржа
www.butb.byНацыянальнае агенцтва па турызму
www.belarustourism.byНацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі
www.investinbelarus.byНацыянальны цэнтр заканадаўства і прававой інфармацыі
www.center.gov.byАфіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
www.belarus.by